Фермер з Альшанаў: Хапіла б дня, каб заваліць гуркамі ўсю Беларусь!
26.04.2012 11:50
—
Новости Экономики
|
Фермер з Альшанаў: Хапіла б дня, каб заваліць гуркамі ўсю Беларусь! Іван Грыб распавядае, чаму насамрэч гурковая сталіца Беларусі працуе на Расію.
Падчас візіту на Століншчыну Аляксандр Лукашэнка заступіўся за фермераў, якіх нібыта крыўдзяць расійскія аптавікі: “Прыехаў з Расіі нейкі чалавек і кажа: “Вось я табе даю столькі. Хочаш ― бяры. Хочаш ― аддавай, хочаш ― не аддавай”. А што яму застаецца рабіць? Праз суткі гэта ўжо не гурок. І ён танна аддае гэтыя гуркі”. Каб вытворцам было зручна прадаваць гуркі дзяржаве “па нармальных коштах”, кіраўнік краіны даручае да восені пабудаваць у Альшанах лагістычны цэнтр ці перапрацоўчае прадпрыемства. Але пазбавіцца ад расійскіх пакупнікоў не так ужо і проста! “Людзі раскідаюць усё. Калі тых пакупнікоў, якія заўжды сюды прыязджаюць, выганяць адсюль ― атрымаецца бунт. Калі іх нават на адзін дзень прытармазіць ― на наступны адразу ж упадзе кошт. Гэта ж 1 – 1,5 тысячы тон гуркоў за дзень уходзіць. Што людзям, выкідаць іх? Гэта будзе катастрофа!” ― распавядае Еўрарадыё адзін з першых альшанскіх фермераў, Іван Грыб. Менавіта яму з братам належыць мясцовы гурковы рынак ― пляцоўка, да якой пад’язджаюць грузіцца фуры. У “Белкаапсаюзе” у адказ на пытанне "Еўрарадыё" пра альшанскія гуркі шчыра абураюцца. Маўляў, што ім, гэтым фермерам, складана знайсці пакупнікоў на ўнутраных рынках? “Ніхто не перашкаджае альшанскім фермерам здаваць гуркі дзяржаве. Яны могуць прынесці іх, запісацца нават. У сезон мы адкрываем шмат пунктаў прыёму гародніны. Здаць гуркі можна нават у кожнай краме. Так што... купім мы ў іх гэтыя гуркі!” Але альшанскія вытворцы не нясуць гуркі ў “Белкаапсаюз”. Нават столінскія ўлады разумеюць, што дзяржава сёння не можа канкураваць з расійскімі аптавікамі менавіта па коштах: “Дзе кошты больш выгадныя ― туды і ідзе тавар. “Белкаапсаюз” не можа сёння так гнутка працаваць, як працуе прыватнік на закупах гурка. Бо раніцай гурок можа каштаваць, напрыклад, 5 рублёў. У абед ― 3 рублі. Увечары ― 10 рублёў…” ― кажа намстаршыні Столінскага гарвыканкама Аляксандр Пачко. Альшаны называюць не толькі гурковай сталіцай Беларусі, але і самай заможнай вёскай у краіне. Мясцовыя жыхары штодня загружаюць гуркамі некалькі дзясяткаў расійскіх фур. “Абарот на рынку ― 1 – 1,5 мільёна долараў за дзень! Адначасова 30 фур загружаецца! Бусаў і меншых машын – увогуле не злічыць! І хапіла б аднаго дня, каб з нашага рынку заваліць гуркамі ўсю Беларусь. Вышэй за галаву, з дахам”, ― хваліцца Іван Грыб. У беларускіх крамах альшанскія гуркі сапраўды сустрэнеш вельмі рэдка. Дробныя аптавікі прыязджаюць па іх на невялікіх фургончыках, і адразу развозяць па сваіх кліентах. Іван Грыб: “Лагістычны цэнтр трэба рабіць. Але не на гурках, а на яблыках! Я ведаю, на яблыках атрымаецца. З аднаго раёна ў Польшчы (ёсць там такі Гроец) 200 фур загружаецца яблыкамі штодня. І ўсё гэта праз нашу краіну ідзе ў Расію! У Расіі бываюць маразы, і вялікія сады трымаць складана. Вось мы і хацелі сказаць прэзідэнту: калі мы не захопім гэты рынак, мы будзем дурныя... Трэба тут пасадзіць сады на перспектыву. А гурок ― тавар вельмі пяшчотны. Калі аб 11-й гадзіне яго зняў з грады ― на наступную раніцу ён ужо мусіць быць у пакупніка. На тое, каб адладзіць сістэму, якая здолее канкураваць з расійскімі аптавікамі, спатрэбяцца аграмадныя выдаткі. Калі гэта ўвогуле ў нас атрымаецца”. Але Івана Грыба да Аляксандра Лукашэнкі не пусцілі. Разам з братам іх пад аховай закрылі ў кавярні ў 50 метрах ад месца, дзе сеў прэзідэнцкі верталёт. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Альшаны называюць не толькі гурковай сталіцай Беларусі, але і самай заможнай вёскай у краіне. Мясцовыя жыхары штодня загружаюць гуркамі некалькі дзясяткаў...
|
|