"Не толькі Новікаў вінаваты. Не сам сабе ён "кандытарку" аддаў"
17.10.2012 19:02
—
Новости Экономики
|
"Не толькі Новікаў вінаваты. Не сам сабе ён “кандытарку” аддаў" Аляксандр Лукашэнка Калі прыватных акцыянераў пазбаўляюць уласнасці на карысць дзяржавы, ва ўсіх краінах гэта называецца нацыяналізацыяй. Але сітуацыя з кандытарскімі фабрыкамі мае свае адметныя асаблівасці. На сённяшні дзень асноўным акцыянерам “салодкіх” прадпрыемстваў з’яўляецца амерыканскі бізнесмен беларускага паходжання Марат Новікаў. Як сам Новікаў, былы дырэктар буйнога мінскага ўніверсама, здолеў набыць прадпрыемствы? Пра гэта “Народнай Волі” расказаў былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, былы бізнесмен Сяргей СКРАБЕЦ. - Нічога дзіўнага ў апошніх падзеях няма, - гаворыць Скрабец, які ведае сітуацыю з самага стрыжаня. -- Аляксандр Лукашэнка робіць выгляд, што не пры ім аддаваліся прадпрыемствы, але на самай справе ўсё рабілася напрыканцы 90-х. І тады гэта адбылося не менш брутальна - толькі на карысць іншаземца Новікава. І дзяржаўныя інтарэсы тады нікога асабліва не цікавілі. Нагадаю тую сітуацыю. Было прадпрыемства “Белбабаеўскае”. Яго заснавальнікамі з’яўляліся расійскі канцэрн “Бабаевское” і Адміністрацыя прэзідэнта. Я з’яўляўся дырэктарам. Была фірменная крама, было прадпрыемства… Сюды пастаўляліся “бабаеўскія” цукеркі, яны нам давалі сыравіну, мы ім пастаўлялі павідла, сухое малако, карацей, супрацоўнічалі. І тады ўзнікла ідэя, каб “Камунарка” ўвайшла ў холдынг “Бабаевский” на прымальных умовах. Першае, для чаго гэта было трэба, - выхад на аграмадны расійскі рынак. Па-другое, грошы, інвестыцыі. Быў распрацаваны інвестыцыйны праект, па якім “Бабаевка” давала каля 20 мільёнаў долараў інвестыцый, каб дабудаваць адміністрацыйны корпус і пабудаваць яшчэ адзін корпус для швейцарскай лініі па вытворчасці шакаладу з буйнымі дабаўкамі і цукерак у каробках. Праект падтрымалі і міністр сельскай гаспадаркі, і прэм’ер-міністр (на той час ім быў Сяргей Лінг). І калі ўжо былі падпісаны ўсе дакументы, раптам у справу ўмяшаўся Марат Новікаў. Я так разумею, што яму дапамагаў Міхаіл Мясніковіч. Яны пралабіравалі ўвядзенне “залатой акцыі” на фабрыцы “Камунарка” (гэта значыць, маючы нават адну акцыю, дзяржава магла правесці любое рашэнне) і прызначылі свайго дырэктара. Для гэтага была распаўсюджана інфармацыя, што “Бабаевское” хоча купіць “Камунарку” за бутэльку гарэлкі. Гэта была адкрытая і нахабная правакацыя. Але да патрэбных вушэй інфармацыя дайшла. У выніку ім удалося прагнаць канцэрн “Бабаевское” з беларускага рынку. Сёння нехта тымі ж метадамі давёў да тых жа вушэй, што ўжо Новікаў усё робіць на “Камунарцы” “за бутэльку гарэлкі”… - Вы спрабавалі супрацьстаяць таму захопу? - Я нават пісаў запіску ў Савет бяспекі. “Бабаевское” - гэта профільны інвестар. Гэта не нейкі там прайдзісвет, які прыйшоў і аб’явіў, што будзе прадаваць прадукцыю па ўсім свеце і за гэта будзе нешта “адсцёгваць”. Гэта не нейкі гастраномшчык, які не мае ні досведу, ні грошай, ні рынку. Але мяне і слухаць не захацелі. Я тэлефанаваў Марату Новікаву і прапаноўваў яму сустрэцца. Гаварыў: “Давайце адкрыем інвестыцыйны конкурс. Мы ж гэта для краіны робім, а не для сваёй уласнай кішэні”. Але ён на гэта не пагадзіўся. Так што мы маем тое, што маем… Адно вам магу сказаць: у той час, калі б не ўмяшальніцтва Мясніковіча, усё было б па-іншаму. - Атрымліваецца, што пару чалавек лёгка змаглі згарнуць усё, што было напрацавана спецыялістамі… - Уявіце сабе, што на нейкае прадпрыемства прыйдзе невядомы чалавек і прапануе тое, што Новікаў. Пры нармальных умовах яго і слухаць не будуць. Яму скажуць: “Не, ты, даражэнькі, спачатку пабудуй прадпрыемства, папрацуй, унясі свае грошы і г.д. А потым пагаворым”. А тут - на табе! Ішоў сабе Новікаў па вуліцы і падумаў: “А ці не прыдбаць мне кандытарскую фабрыку?” І ўсё так лёгка ў яго атрымалася. Нават для беларускай рэчаіснасці гэта дзіва нейкае -- аддаць фабрыкі таму, хто гэтым бізнесам ніколі не займаўся. Я сітуацыю разумею так: ва ўрадзе добра ведалі, хто стаіць за Новікавым, з кім ён сябруе і раіцца і хто ў рэшце рэшт стаіць за ўсёй гэтай здзелкай. І дазволілі. Нават нягледзячы на тое, што скандал з расійскім канцэрнам “Бабаевское” азначаў істотныя праблемы на расійскім накірунку. Але дзяржаўны інтарэс пры гэтым нікога не цікавіў. І Аляксандра Лукашэнку ён тады не цікавіў. Бо пры ім усё адбывалася. - Чым гэтая сітуацыя павярнулася для беларускіх вытворцаў? - Тым, што на расійскім рынку пайшоў поўны правал. Падзенне экспарту ў параўнанні з гадамі, калі рынак нам “адкрываўся” праз канцэрн “Бабаевское”, катастрафічнае. Акрамя таго, мы пазбавіліся многіх вядомых брэндаў - як, напрыклад, “Мішка на Поўначы”. А калі б не ваявалі з вядомым вытворцам, то такіх праблем не было б. Лукашэнка праўду сказаў: Марат Новікаў за 15 гадоў нанёс вялікі ўрон эканоміцы. З ягоным прыходам закрыўся расійскі рынак. Цяпер экспарт прадукцыі складае 18%, а было 70%! Экспарт практычна закрыўся! Але не толькі Новікаў у тым вінаваты. Не сам сабе ён “кандытарку” аддаў. - А на якасць самой беларускай прадукцыі гэта паўплывала? - Канешне. Кошты выраслі, а якасць істотна пагоршылася. На жаль, гэта тычыцца і “Камунаркі”, і “Спартака”. Сыравіна завозіцца па павышаных коштах. А колькі дрэні рознай замест нармальнай прадукцыі з’елі нашы суайчыннікі?! З такой якасцю на іншыя рынкі і не выйдзеш - шмат цукру, мала какава-бабоў, сухое малако, замяняльнікі розныя… - Якая тады выгада Новікаву? - Толькі адна - набіць сабе кішэню. Профільны інвестар заўсёды зацікаўлены ў якасці прадукцыі і ў павелічэнні аб’ёмаў вытворчасці. А пры Новікаве скараціўся аб’ём, пагоршылася якасць, страціліся рынкі. Я не ведаю, калі прамысловасць акрыяе ад такога ўдару. Атрымліваецца, што дзяржава не зацікаўлена ў тым, каб прыцягваць профільных інвестараў. Гэтым карыстаюцца розныя прайдзісветы, каб выпампоўваць грошы за мяжу. Той жа Новікаў жыве на іншым кантыненце, у Амерыцы. Натуральна, для “Бабаевского” было дзіўна, калі беларускі бок перакрэсліў ўсе дамоўленасці і пайшоў на нейкую афёру. Але што было рабіць? Такая была тады палітыка. - Атрымліваецца, што цяперашні паварот у справе - гэта да лепшага? - Атрымліваецца, што так. Лукашэнка слушна, па сутнасці, сказаў: “Хопіць рабаваць краіну!” Але каму ён гэта казаў. Сабе самому? Ці, можа, свайму ўраду, сваім памочнікам і дарадцам?.. Што ж тычыцца Новікава, то з ім абышліся так, як і ён у свой час з іншымі. - А ці не ведаеце, можа, ужо з’явіўся нейкі новы патэнцыйны пакупнік на гэтыя прадпрыемствы? З-за таго і скандал… - Пакуль нельга адназначна адказаць. Магчыма, ёсць новы профільны інвестар. Гэта можа быць і расійскі канцэрн. Але гэта стане вядома не раней, чым праз два гады. Адно скажу: гэта такая вытворчасць, дзе грошы зарабляюцца на сыравіне, а не ад продажу цукерак. Тут важна, хто будзе пастаўляць какава-бабы, сухое малако, абгорткі для цукерак. На такіх прадпрыемствах, як “Камунарка” і “Спартак”, штогод, не напружваючыся, можна ў кішэню класці каля 20 мільёнаў долараў. Не напружваючыся! - А “Бабаевское” не збіраецца вяртацца? - Яны тады паставілі на нас чорны крыж і закрылі для нас свае рынкі. Сюды прыязджалі іх спецыялісты, нашы ездзілі туды, гэта быў сур’ёзны праект, які быў падтрыманы на самым высокім узроўні. Падкрэсліваю: гэта не тое, што прыйшоў нейкі карупцыянер з чамаданам грошай і папрасіў прадаць яму прадпрыемства. Праект распрацоўваўся некалькі гадоў. Адносіны развіваліся павольна і былі адкрытымі. А цяпер… Я б, канешне, з беларускім кіраўніцтвам звязвацца нікому не раіў. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як Марат Новікаў, былы дырэктар буйнога мінскага ўніверсама, здолеў набыць прадпрыемствы? Пра гэта "Народнай Волі" расказаў былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, былы...
|
|