Купіў новы аўтамабiль — купляй праязны?. 21.by

Купіў новы аўтамабiль — купляй праязны?

28.10.2009 — Новости Здоровья |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Згодна з законам, на працягу гарантыйнага тэрмiну спажывец мае права, калi ў аўтамабiлi былi неаднаразова выяўленыя недахопы, вярнуць яго цi замянiць. На практыцы ж не ўсё так гладка. Прадавец можа абанкруцiцца цi па нейкiх iншых прычынах ануляваць лiцэнзiю. Каму ў гэтым выпадку выстаўляць прэтэнзii?

— Сёлета, з уваходжаннем у сiлу новай рэдакцыi Закона "Аб абароне правоў спажыўцоў", працаваць з дылерамi стала прасцей, — адказвае Аляксандр Кажамячонак. — Цяпер адказнасць за продаж няякаснага аўто нясуць не толькi прадаўцы, але i пастаўшчыкi, i вытворцы гэтай маркi машыны. Гэта павiнен ведаць кожны, хто вырашыў набыць новы аўтамабiль. Хачу акцэнтаваць увагу чытачоў яшчэ на некалькiх iстотных момантах:

! Адно з патрабаванняў, каб гарантыя на аўто захавалася, — усё тэхнiчнае абслугоўванне павiнна ажыццяўляцца ў адным i тым жа сэрвiсным цэнтры. У тым лiку самыя дробныя работы.

! Аб месцы i часе правядзення экспертызы спажывец павiнен быць праiнфармаваны пiсьмова i папярэдне, каб ён мог рэалiзаваць сваё законнае права прысутнiчаць пры яе правядзеннi.

! Спажыўцы вызваляюцца ад выплаты дзяржпошлiны па iскавых заявах аб парушэннi iх спажывецкiх правоў.

! Нават на тавары, на якiя наогул не вызначаны гарантыйны тэрмiн, спажывец мае права выстаўляць прэтэнзii прадаўцу на працягу двух гадоў.

   У нумары за 25 жнiўня мы выводзiлi на чыстую ваду нячыстых на руку перагоншчыкаў б/к (быўшых у карыстаннi) аўтамабiляў. Сёння ж падрыхтуемся да непрыемнасцяў, якiя зусiм нечакана можа паднесцi новая машына.

Наш чытач Юрый С. са Жлобiна, якi практычна год таму набыў аўтамабiль з нулявым прабегам у адной з мiнскiх кампанiй, дагэтуль вымушаны ездзiць на грамадскiм транспарце.

Новенькая iншамарка, набытая ў крэдыт у канцы лiстапада, радавала Юрыя С. Крыху больш за два месяцы. Трэцяга лютага рухавiк аўтамабiля з прабегам у 3580 кiламетраў даў збой. У той жа дзень засмучаны аўтаўладальнiк на эвакуатары даставiў свайго "жалезнага каня" ў сэрвiсны цэнтр кампанii.

— Знаходзiўся я там да сямi гадзiн вечара, — распавядае Юрый. — За гэты час не пачуў ад механiка нiводнай прэтэнзii ў свой адрас адносна тэхнiчнага стану машыны.

Праз дзевяць дзён мужчыну запрасiлi на экспертызу, iнiцыятарам якой выступiла кампанiя-прадавец. Паводле слоў Юрыя, знiмалi рухавiк з аўтамабiля i злiвалi з яго ўсе вадкасцi ў канiстры да таго, як прыбылi эксперты.

Вынiкi экспертызы спажывец атрымаў, прынамсi так ён паведамляе ў сваiм лiсце, толькi трэцяга чэрвеня. Прычына паломкi, згодна з заключэннем экспертаў, наяўнасць вады ў маторным масле.

— Спецыялiсты фiрмы сцвярджаюць, што я, чалавек з тэхнiчнай адукацыяй, якi мае 15-гадовы стаж эксплуатацыi аўто, наўмысна налiў у рухавiк вады, — абураецца Юрый. — Хоць, згадзiцеся, за дзевяць дзён, пакуль аўтамабiль знаходзiўся на тэхстанцыi, вада магла з'явiцца дзе заўгодна. У лiсце, якi я атрымаў ад прадаўца, чорным па белым напiсана, што паколькi я парушыў правiлы эксплуатацыi, гарантыя на мой аўтамабiль не распаўсюджваецца. Я ж эксплуатаваў яго строга па iнструкцыi, застрахаваў па варыянце "поўнае каска", пакiдаў на ноч на платнай стаянцы.

Зараз машына знаходзiцца на сэрвiсе. Кампанiя-прадавец згодная правесцi рамонт, якi абыдзецца спажыўцу ў суму больш як 5 тысяч еўра. Юрый, наколькi я зразумела, не збiраецца апускаць рукi i плануе адстойваць свае правы да канца.

Каментарый дае начальнiк юрыдычнага аддзела ГА "Спажывец" Аляксандр КАЖАМЯЧОНАК.

— Пунктам 9 артыкула Закона "Аб абароне правоў спажыўцоў" вызначана, што экспертыза праводзiцца толькi пасля праверкi якасцi тавару, у выпадку ўзнiкнення памiж пакупнiком i прадаўцом спрэчкi аб наяўнасцi недахопаў тавару i прычынах iх узнiкнення. Як вынiкае з лiста, да правядзення экспертызы прадавец з нагоды звароту спажыўца пярэчанняў не выказваў. Адпаведна, выклiкае сумненне абгрунтаванасць прызначэння дадзенай экспертызы. Больш таго, выклiкае нараканнi i факт разукамплектавання аўтамабiля да таго, як прыбылi эксперты. Дадзеныя абставiны могуць указваць на парушэнне парадку адбору прыкладаў i пробаў для параўнальнага даследавання. А гэта, у сваю чаргу, ставiць пад сумненнi вынiкi эксперта. Iстотным парушэннем з'яўляецца i перавышэнне тэрмiнаў правядзення экспертызы. Палажэнне аб парадку правядзення экспертызы тавараў дазваляе праводзiць даследаванне на працягу месяца, але нiяк не чатырох. Законам жа "Аб абароне правоў спажыўцоў" вызначаныя яшчэ больш жорсткiя межы. Так, максiмальны тэрмiн для задавальнення асобных патрабаванняў спажыўца (пры неабходнасцi правядзення экспертызы) не можа перавышаць 14 дзён з дня падачы заявы. Фактычна па законе за 14 дзён прадавец павiнен паспець правесцi i праверку, i экспертызу i выканаць патрабаваннi аб суразмерным памяншэннi кошту цi вяртання грошай за тавар неналежнай якасцi. Валакiта, як правiла, прыводзiць да таго, што прадаўцу даводзiцца выплачваць спажыўцу няўстойку ў памеры 1% ад кошту тавару за кожны дзень пратэрмiноўкi. Менавiта па гэтай прычыне я рэкамендую звяртацца з прэтэнзiямi ў пiсьмовай форме, каб было пацвярджэнне таго, калi i што вы патрабавалi.

У гэтай няпростай сiтуацыi хутчэй за ўсё апошняе слова будзе за судом (Юрый С. згадаў, што плануе падаваць iск). Большасць жа падобных канфлiктаў, паводле слоў Аляксандра Кажамячонка, вырашаецца ў дасудовым парадку.

Аляксандр Кажамячонак па радыё ў прамым эфiры дае парады спажыўцам. Не так даўно маладая жанчына, пачуўшы яго выступленне, звярнулася на гарачую лiнiю ГА "Спажывец".

Яе гiсторыя не зусiм стандартная. Напярэдаднi яна набыла ў аднаго дылера новы аўтамабiль. На радасцях адразу ж паехала ў ДАI рэгiстраваць машыну. Назад у сэрвiсны цэнтр жанчыну разам з новым аўтамабiлем даставiла служба экстраннай эвакуацыi. Там высветлiлася, што акумулятар разрадзiўся, бо быў дрэнна замацаваны. Механiкi выправiлi хiбу i ўзялi за паслугу 31 800 рублёў.

— У гэтай сiтуацыi гарантыйны рамонт павiнны былi правесцi бясплатна, — адзначае Аляксандр Кажамячонак. — Але ж механiкi ўбачылi, што жанчына зусiм не разбiраецца ў тэхнiцы i вырашылi нажыцца на наiўнасцi. Яны зрабiлi спажыўца крайняй, сказаўшы, што яна, "напэўна, ездзiла з дрэнна зачыненымi дзвярыма цi капотам". Паважаныя спажыўцы, слова "напэўна" — гэта пустое слова. Трэба яшчэ даказаць, што вы парушылi ўмовы эксплуатацыi.

ГА "Спажывец" дапамагло напiсаць жанчыне прэтэнзiю адносна аднаўлення парушаных правоў. Лiтаральна на днях прадавец цалкам кампенсаваў усе выдаткi.

* * *

Падобныя негатыўныя водгукi наконт якасцi новых i блiскучых аўто не абмяжоўваюцца прыведзенымi прыкладамi. Дастаткова зайсцi на аўтафорумы. Вось толькi некаторыя вытрымкi. "Набыў машыну за 52 тысячы долараў. Цi лiчыць хто-небудзь нармальным, што такi дарагi аўтамабiль давядзецца праз год перафарбоўваць." "На новай машыне праездзiў крыху больш за пяць месяцаў. Убачыў "жучкi" (пузыркi лака-фарбавага пакрыцця) на дзвярах. I гэта пры прабегу 7. 500 кiламетраў. Экспертыза паказала, што дэфекты з'явiлiся ў вынiку няякаснай падрыхтоўкi аўтамабiля да афарбоўкi. У сэрвiсным жа цэнтры сказалi, што гэта не гарантыйны выпадак."

Для таго, каб вярнуць грошы, пакупнiку нярэдка даводзiцца прайсцi праз цэлы комплекс даследаванняў экспертаў-аўтатэхнiкаў. Праўда, не ўсе спажыўцы гатовыя змагацца за свае правы ў сферы паслуг, якую ў нашай краiне нельга яшчэ назваць дасканалай, несучы дадатковыя матэрыяльныя выдаткi без 100-працэнтнай гарантыi iх кампенсацыi. Тым не менш, згадзiцеся, апусцiць рукi раўназначна таму, што дазволiць прадаўцам рабiць усё, што iм захочацца.

Надзея ДРЫЛА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Згодна з законам, на працягу гарантыйнага тэрмiну спажывец мае права, калi ў аўтамабiлi былi неаднаразова выяўленыя недахопы, вярнуць яго цi замянiць. На практыцы ж не ўсё так гладка. Прадавец можа абанкруцiцца цi па нейкiх iншых прычынах ануляваць лiцэнзiю. Каму ў гэтым выпадку выстаўляць прэтэнзii?
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Здоровья)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика