10 крокаў да шчасця. 21.by

10 крокаў да шчасця

14.05.2010 — Новости Здоровья |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Доктар медыцынскіх навук, прафесар кафедры сацыяльнай работы Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій Белдзяржуніверсітэта, член Саюза беларускіх пісьменнікаў Эдуард Збароўскі — аўтар шматлікіх навуковых прац, вынаходніцтваў, кніг у галіне прафілактычнай медыцыны, рэабілітацыі і грамадскай сацыяльнай абароны — апісаў у адной з кніг сустрэчу студэнтаў, будучых спецыялістаў па медыка-сацыяльна-псіхалагічнай абароне чалавека, з двума юнакамі і дзяўчынай, якія прайшлі "цяжкія выпрабаванні наркаманіяй, але на апошняй рысе жыцця знайшлі сілу волі і ўжо некалькі месяцаў жывуць без "дозы".

"Маладыя людзі з забяспечаных сем'яў у пошуках шчасця, праз пацеху і асалоду, апынуліся на краі багны найперш таму, што не мелі дастатковага ўяўлення пра сэнс жыцця наогул і мэту свайго асабістага жыцця, — кажа Эдуард Збароўскі. — Мне здалося неабходным вылучыць галоўныя, на мой погляд, крокі, якія належыць зрабіць кожнаму, хто хоча знайсці ў сваім жыцці таямніцы не прывіднага шчасця...". Прафесар Збароўскі, які мае 55 гадоў прафесійнай дзейнасці ў галіне медыцыны, сацыяльнай абароны і адукацыі, зыходзіць з таго, што шчасце, як зазначаў яшчэ нямецкі філосаф Артур Шапенгаўэр, на 9/10 залежыць ад здароўя. І нельга лічыць шчасцем тое, што не спрыяе станаўленню цябе як Асобы, а вяртае да жывёльных інстынктаў.

Такім чынам, "Дзесяць галоўных крокаў па таямніцы жыцця, што вядуць да шчасця".

1. Акрэслі сэнс свайго жыцця

Галоўны сэнс жыцця чалавека — у вышэйшым маральным і разумовым росквіце асобы. Кожны чалавек — непаўторная кветка прыроды. І ад кожнага асабіста залежыць, каб гэта кветка не засохла і не змарнела, а расквітнела велічным хараством.

2. Пазнай свайго Анёла

Знайдзі ў сабе тыя здольнасці, дзеля якіх ты з'явіўся на гэтым свеце, і якой нотай ты прызначаны ўпрыгожыць сусветны хор жыцця. Не капіруй слепа іншых. Не ўсе нараджаюцца моцартамі, рафаэлямі, пушкінымі... Калі б здарылася так, жыццё было б аднабокае. Ёсць тысячы іншых спраў, патрэбных людзям не менш за найлепшыя музычныя творы, карціны, вершы. Галоўнае — знайсці сярод патрэбнага сваю справу, што найбольш адпавядае тваім псіхафізічным здольнасцям. Гэта акалічнасць дае кожнаму шанц стаць паэтам у сваёй справе. Свая справа робіць чалавека свабодным, дорыць яму крылы, якія дапамагаюць узняцца на ўласны Алімп, набыць сваю непаўторную адметнасць, стаць Асобай.

3. Шануй і мацуй гонар і годнасць сваёй асобы

Не дазволь адолець свой сацыяльны, чалавечы пачатак нізкім схільнасцям, якія ёсць у кожнага зыходзячы з яго біялагічнай прыроды. Гэта дапамагае ўтаймаваць нізкія інстынкты, не зрабіцца іх закладнікам і выбраць сваю сцяжынку для ўвасаблення ўласнага вышэйшага чалавечага сэнсу, для набыцця пачуцця ўласнай годнасці.

4. Будуй лёс на аснове досведу продкаў

Асабістае жыццё кожнага чалавека вельмі кароткае. Яго недастаткова, каб скласці свой уласны падмурак і вырасціць на ім сваю асобу. Шматвяковыя карані тваіх прародзічаў — тваё неад'емнае і вечнае сацыяльна-культурнае багацце. Пацікаўся каранямі ў бацькоў, дзядоў. Там заўсёды ёсць тое, чым ты сапраўды зможаш ганарыцца і ўсвядоміць значнасць і непаўторнасць сваёй асобы. Усё нязначнае не выпускаецца ў жыццё самой прыродай, яно гіне ў зямлі і корміць сваімі сокамі тое, што мае жыццёвую годнасць і павінна ўзрасці, каб доўжыць здаровае жыццё. Без каранёў усё марнее і гіне. Чалавек не выключэнне.

5. Не клапаціся ўзняць значнасць сваёй асобы вышэй за іншых

Кожны, хто знайшоў сэнс жыцця, пазнаў свайго Анёла, адчуў чалавечы гонар, апіраецца на падмурак сваіх продкаў, заўжды, ужо сам па сабе, з'яўляецца сапраўднай непаўторнай асобай. Патрэбна мацаваць якасці, якія робяць цябе адзінай кветкай у неабсяжным букеце прыроды. Жаданне ўзняцца над іншымі — не больш як прыцягальны, хлуслівы прывід.

6. Ганарыся сваёй малой і вялікай радзімай, мацуй яе гонар

Нельга быць паважаным сынам радзімы, адчуваць сябе патрэбным ёй і абароненым ёю, калі не маеш да яе цёплага пачуцця, магчымасці адчуваць сувязь з бацькаўшчынай, з той хацінай, з якой выйшаў у жыццё, з той сцяжынкай, па якой зрабіў першыя крокі. На іх засталіся першыя промні твайго цяпла, цяпла тваіх бацькоў. Памяць пра гэтыя мясціны — амаль нябачныя, але шматлікія і моцныя жыватворныя сувязі, што надаюць фундамент, непаўторнасць і моц кожнай асобе. Гэта кропка мінулага, злучаная з кропкай сучаснасці, стварае вектар напрамку руху ў будучыню, да вышэйшага сэнсу жыцця.

7. Слухай голас Творцы

Ён адводзіць кожнай істоце жывой прыроды сваё прызначэнне і ніхто, акрамя вышэйшага Творцы, не павінен скарачаць адведзены ёй час ці скрыўляць шлях да вызначанай яму мэты. Толькі той, хто чуе голас Адзінага Уладара Сусвету, сцеражэ сваю асобу ад гібелі ў абдымках часовых куміраў, не разбурае прыроду, створаную дзеля жыцця, а крочыць у напрамку да свайго вышэйшага сэнсу.

8. Навучыся любіць сябе і іншых

Кожнае жыццё закладваецца ў хвіліны ўзаемнага хвалюючага пачуцця кахання. Толькі на пачуцці любові да Вышэйшага Творцы і любові да ўсіх яго дзяцей можна пабудаваць непарушнае шчасце чалавечага грамадства. Два тысячагоддзі хрысціянства дэманструюць жыватворчы дух ідэі любові, брацтва, хоць і знаходзяцца іншыя сілы, якія бачаць опіум у рэлігіі. У той жа час якраз без яе душа непазбежна марнее і шукае сапраўднага опіуму, каб не ўсведамляць змрочных паследкаў адсутнасці веры ў святло на шляху да сапраўднага шчасця.

9. Слухай голас сумлення, а не выгоды

Толькі сумленне з'яўляецца тым крытэрыем, які яшчэ на адлегласці дазваляе адрозніць сапраўдную і сумленную каштоўнасць ад прывіднай ці той, якая належыць іншым. Сумленне — сумеснае з Богам уяўленне аб справядлівасці меркаванага ўчынку. Толькі голас сумлення здольны прывесці да жыццёвай мэты, якая ўзнімае гонар і без якой не бывае надзейнага шчаслівага жыцця чалавека-Асобы.

10. Шануй і мацуй здароўе — галоўны здабытак і вянец шчасця

Стварэнне велічнай, чароўнай вясёлкі шчасця патрабуе добрага здароўя, і толькі здаровы чалавек можа па-сапраўднаму адчуць веліч шчасця, якое ён сабе падарыў сваімі намаганнямі. Здароўе чалавека мае найперш не цялесна-біялагічныя, а духоўныя вытокі, яно абумоўлена сацыяльным і псіхалагічным асяроддзем. Бацькі закладваюць сваім дзецям большы патэнцыял здароўя не тады, калі лашчаць іх цела падарункамі і прысмакамі, а калі ўкладваюць сродкі і магчымасці ў духоўнае багацце. Багацце духу стрымлівае дух багацця, які вымушае збочыць з дарогі шчасця і трапіць у багну. На гэтым жа, збочаным шляху, знаходзяцца ўсе фактары рызыкі (курэнне, стрэс, гіпадынамія, злоўжыванне алкаголем, артэрыяльная гіпертанія, няправільнае харчаванне, затрымка ў самарэалізацыі на працы і г.д.) хваробаў цывілізацыі — сардэчна-сасудзістых, анкалагічных, нервовых і псіхічных, дыябету, траўмаў і г.д.

Вызначаныя "дзесяць крокаў" здольныя прывесці чалавека да фізічнага, душэўнага і сацыяльнага дабрабыту, што, паводле сцвярджэння Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, і ёсць здароўе. Аднак сапраўднае багацце не прыходзіць без асабістых намаганняў. Неабходна, лічыць прафесар Збароўскі, набыць этычную свядомасць. Апошняя — гэта этычныя веды (тое, пра што ідзе размова), этычныя перакананні (вера ў тое, што робіш), патрэба ў этычных дзеяннях і самі крокі да шчасця. Зрабіць крокі кожны можа сам. А можа навучыцца рабіць гэта прафесійна і дапамагаць іншым, калі набудзе новую спецыяльнасць "Сацыяльная работа" па напрамку, які з 1999 года развівае ў БДУ аўтар дзесяці крокаў, — сацыяльная і медыка-псіхалагічная дзейнасць. Гэтай тэхналогіі творчасці жыцця навучаюцца студэнты Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ. Яны рыхтуюцца атрымаць кваліфікацыю "Спецыяліст па сацыяльнай рабоце. Псіхолаг".

P.S. <І>Дарэчы, нядаўна ўбачыла свет кніга Эдуарда Збароўскага "Исцеление, или Сотвори себя" — парады-рэцэпты для захавання і трэнінгу этычнай свядомасці асобы. Замовіць кнігу можна ў выдавецтве "Чатыры чвэрці" (г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 8 — 215, тэл/факс: 8 (017) 331 25 42).

<І>Дарэчы, нядаўна ўбачыла свет кніга Эдуарда Збароўскага "Исцеление, или Сотвори себя" — парады-рэцэпты для захавання і трэнінгу этычнай свядомасці асобы. Замовіць кнігу можна ў выдавецтве "Чатыры чвэрці" (г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 8 — 215, тэл/факс: 8 (017) 331 25 42).

Святлана БАРЫСЕНКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Доктар медыцынскіх навук, прафесар кафедры сацыяльнай работы Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій Белдзяржуніверсітэта, член Саюза...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Здоровья)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика