Сэксалагічныя праблемы: пачынаць трэба зверху
04.06.2010
—
Новости Здоровья
|
"Фрыгіднасць і імпатэнцыя, відаць, неўзабаве застануцца ў мінулым. Урачы высветлілі, як можна павысіць сваю сэксуальнасць, і нават вынайшлі спецыяльныя "трэнажоры", — піша адно з расійскіх друкаваных выданняў. Далей расказваецца аб "інтымных" мышцах, якія ўключаюцца ў працу толькі падчас сэксу, і ад тонусу якіх залежыць якасць інтымнага жыцця. Маўляў, жанчыны і мужчыны са слабымі "інтымнымі" мышцамі не могуць ні атрымаць, ні даставіць паўнавартаснага сэксуальнага задавальнення. Са спасылкай на розных расійскіх спецыялістаў расказваецца ў занатоўцы і пра тое, якім чынам гэтыя мышцы, дакладней, іх тонус уплываюць на стан здароўя органаў малога тазу мужчын і жанчын. Узгадваецца і шырока вядомы ўрач мінулага стагоддзя Арнольд Кегель, які распрацаваў праграму практыкаванняў для развіцця мышцаў прамежнасці, што павінна было дапамагчы пацыенткам пазбавіцца ад нетрымання мачы. Аднойчы хворая прызналася доктару ў тым, што ўпершыню за гады жыцця ў шлюбе перажыла аргазм. З таго моманту сфера прымянення практыкаванняў Кегеля значна пашырылася. Публікацыя сцвярджае, што ўмацаваць мышцы сёння навучаюць у спецыяльных школах інтымнага фітнэсу — імбілдынгу. Хоць у прынцыпе займацца можна і самастойна. Урач-сэксолаг Мінскага абласнога псіханеўралагічнага дыспансэра Дзмітрый КАПУСЦІН так каментуе падобныя смелыя завярэнні: — Наогул век жыві — век вучыся... Але навошта тады ўрачы-сэксолагі трацяць часам гадзіны свайго працоўнага часу на абследаванне хворага? Усё, аказваецца, так проста: трэніруй інтымныя мышцы, і не будзе ні фрыгіднасці, ні імпатэнцыі! Падобны прымітыўны падыход да вырашэння найскладанейшых праблем сэксуальнай дысфункцыі можна параўнаць хіба з рэкамендацыямі лячэння лёгачнай паталогіі фізічнымі практыкаваннямі... Прынцыповых пярэчанняў супраць практыкаванняў мышцаў прамежнасці, якія бяруць удзел у палавой блізасці, зразумела, няма. Але як урача-псіхіятра мяне некалькі засмучае ўпэўненасць некаторых у магчымасці вылечвання адразу многіх сур'ёзных захворванняў адной-адзінай методыкай... Дарэчы, паводле выдання Д.З. Капусціна "Сэксалагічны слоўнік. Новы погляд", імпатэнцыя (ад лац. іmpotentіa — бяссілле, слабасць) — гэта састарэлае паняцце, пад якім мелася на ўвазе няздольнасць мужчыны да ажыццяўлення палавых актаў у поўным аб'ёме; аслабленне эрэкцыі, што парушае нармальнае цячэнне палавога акта. Вылучаюць імпатэнцыю coeundі — няздольнасць мужчыны да ажыццяўлення паўнавартасных палавых актаў і імпатэнцыю generandі — мужчынскую бясплоднасць, якая ёсць адсутнасць зачацця на працягу 1 года пры рэгулярным палавым жыцці са здаровай жанчынай дзетароднага ўзросту без прымянення супрацьзачаткавых сродкаў. Што да фрыгіднасці (ад лац. frіgіdus — халодны, змярцвелы, раўнадушны), то гэта — адсутнасць палавой цягі ў асобаў жаночага полу, што праяўляецца адсутнасцю або вельмі слабай праявай цікавасці да любых формаў сэксуальнага жыцця, уключаючы сэксуальныя фантазіі, выказванні і размовы на сэксуальную тэматыку, мастурбаторныя або палавыя акты, абыякавасць да сэксуальных стымулаў. Практыкаванні Кегеля ўяўляюць сабой трэніроўку лабкова-хвастцовай мышцы, якая скарачаецца падчас аргазму. Практыкаванні таксама карысныя для аднаўлення тонусу мышцаў пасля родаў і ў клімактэрычным перыядзе. Першапачаткова адчуць гэтую мышцу дазваляе перарыванне акта мочаспускання. Практыкаванні паўтараюць тройчы ў дзень серыямі па 10 скарачэнняў, сціскаючы і расслабляючы мышцу па 3 секунды. Лічыцца, што практыкаванне спрыяе ўмацаванню мышцаў, якія падтрымліваюць похву, што павышае сэксуальную рэактыўнасць жанчыны. Падагульняючы, можна сказаць, што ўсе мышцы, дадзеныя чалавеку прыродай, для нечага патрэбныя. Умацаванне апошніх, у тым ліку так званых інтымных, мае права на жыццё і можа саслужыць добрую дапаможную службу. Аднак любую складаную паталогію — ад афтальмалагічнай да палавой, ад інфекцыйнай да анкалагічнай — нерэальна прадухіліць ці тым больш перамагчы з дапамогай аднаго, просценькага, спосабу. А палавая сфера, як добра вядома, звязана не толькі з мышцамі. Тут задзейнічана псіхіка чалавека, а гэта ўжо — бясконцы цёмны калідор нашых уражанняў, перажыванняў, жаданняў... Так што практыкаванні Кегеля з рахунку можна не скідваць, але куды большую ўвагу трэба надаць маральнаму, этычнаму, псіхалагічнаму, сямейнаму выхаванню... дзяцей. Папярэджваць трэба праблемы, спадарства, а не шукаць цудадзейны спосаб забыцца на іх. А лячэнне сэксалагічных паталогій пакінем спецыялістам-сэксолагам. Тым больш, яны ў нас ёсць. Святлана БАРЫСЕНКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Фрыгіднасць і імпатэнцыя, відаць, неўзабаве застануцца ў мінулым. Урачы высветлілі, як можна павысіць сваю сэксуальнасць, і нават вынайшлі спецыяльныя... |
|