Мыйце рукі і "разгружайцеся"
20.01.2012
—
Новости Здоровья
|
Пачатак эпідэмічнага ўздыму захваральнасці на грып і вострыя рэспіраторныя інфекцыі ў Беларусі чакаецца, што называецца, на днях. Як прагназуе Нацыянальны цэнтр па грыпе, эпідэмія будзе сярэдняй інтэнсіўнасці, з цыркуляцыяй вірусаў грыпу А (H1N1, H3N2) і B. Па выніках маніторынгу частата выяўлення вірусных антыгенаў складае зараз 38,5 працэнта. У даследаваным біялагічным матэрыяле пераважаюць негрыпозныя рэспіраторныя вірусы — такія, як адэнавірусы, змешаныя інфекцыі, рэспіраторна-сінтыцыяльны вірус, вірусы парагрыпу. Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі шмат гадоў запар сезонная эпідэмія грыпу прыпадае на канец студзеня — пачатак лютага. Штогод на грып і вострыя рэспіраторныя інфекцыі ў нас хварэе кожны трэці жыхар краіны. Прычым менавіта на грып прыпадае каля 10 працэнтаў выпадкаў. Палова ўсіх, хто хварэе на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, — дзеці да 14 гадоў. Найбольшая колькасць захварэлых за апошнія 15 гадоў рэгістравалася ў нас у 1995 і 1999 гадах. Комплексная абарона насельніцтва ад грыпу прадугледжвае спецыфічную прафілактыку з выкарыстаннем вакцын, лекавых прэпаратаў, а таксама правядзенне аздараўленчых і агульнаўмацавальных мерапрыемстваў. Адзіным навукова абгрунтаваным, эфектыўным метадам папярэджвання грыпу з'яўляецца вакцынацыя. Вакцыны маюць строгую спецыфічнасць да найбольш актуальных у сезоне штамаў віруса грыпу. Вакцынапрафілактыка больш як у 2 разы перавышае эфектыўнасць неспецыфічных сродкаў прафілактыкі. Не патрабуе значных матэрыяльных затрат, паколькі прышчэпка выконваецца аднакратна або двойчы (дзецям). Вакцыны прымяняюцца больш як 50 гадоў, прычым за гэты час іх бяспека і эфектыўнасць узраслі. Усе дазволеныя вакцыны праходзяць у Беларусі кантроль якасці. Проціпаказаннямі да імунізацыі грыпознымі вакцынамі з'яўляюцца алергічныя рэакцыі на курыны бялок, рэакцыя на папярэдняе ўвядзенне вакцыны, імунадэфіцытны стан, новаўтварэнні. Таму прышчэпка робіцца толькі пасля агляду ўрача. Вірус грыпу пастаянна муціруе, мяняе свае вартасці, чаму эпідэміі грыпу і паўтараюцца з года ў год, а леташняя вакцына ўжо не абараняе сёлета. У сезон 2011-2012 гадоў для краін Паўночнага паўшар'я Сусветная арганізацыя аховы здароўя вызначыла наступныя штамы вірусаў грыпу: падобны вірусу А/Саlіfоrnіа/7/2009 (H1N1); падобны вірусу А/Реrth/16/2009 (H3N2); падобны вірусу B/Brіsbаnе/60/2008. Менавіта яны і ўвайшлі ў склад супрацьгрыпозных вакцын. Наогул назіранне за распаўсюджваннем віруса грыпу і яго змяненнем ажыццяўляюць спецыяльныя міжнародныя цэнтры і нацыянальныя лабараторыі Сусветнай аховы здароўя. На падставе атрыманай інфармацыі эксперты арганізацыі і фарміруюць штогадовыя рэкамендацыі па саставе грыпозных вакцын. Статыстыка апошніх дваццаці гадоў сведчыць: рэкамендаваныя для ўключэння ў састаў вакцын варыянты вірусаў грыпу супадалі больш як у 90 працэнтах выпадкаў. Вакцыны розных вытворцаў не адрозніваюцца па варыянтах вірусаў грыпу. У карысці масавай вакцынацыі ад грыпу сумнявацца наогул не даводзіцца. У калектыве, дзе прышчэплены 70 працэнтаў людзей, парушаецца ланцуг перадачы віруса грыпу ад хворага да здаровага, а значыць, і эпідэмія немагчымая ў прынцыпе. Летась у нашай краіне падчас кампаніі масавай імунізацыі было прышчэплена каля 32 працэнтаў насельніцтва. Напярэдадні эпідэміі ўрачы рэкамендуюць не ігнараваць агульныя меры прафілактыкі: 1. Вітаміны і мікраэлементы. Асабліва важная аскарбінавая кіслата (вітамін С), якая спрыяе павышэнню супраціўляльнасці арганізма. Вітамін С прымяняюць па 0,5-1 г 1-2 у дзень. Неабходна таксама ўжываць як мага больш фруктаў і гародніны. Пры гэтым улічваць, што вялікую колькасць вітаміну С змяшчае сок квашанай капусты, цытрусавыя — лімоны, ківі, мандарыны, апельсіны, грэйпфруты. 2. Загартоўванне. Адзін з важнейшых метадаў прафілактыкі розных прастудных захворванняў. Дазваляе нармалізаваць функцыю дыхальных шляхоў падчас ахалоджвання, што зніжае дозу віруса, які трапляе ў арганізм падчас заражэння. Таму шляхам загартоўкі можна калі і не поўнасцю пазбегнуць прастуды, то знізіць адчувальнасць да яе. Мерапрыемствы па загартоўцы павінны праводзіцца штодня і працягла, гэта павінна быць ладам жыцця. 3. Ніякіх стрэсаў, стомленасці і прастуд. Калі мы сур'ёзна перагружаем арганізм фізічнай ці разумовай працай, знаходзімся ў стане стрэсу або дэпрэсіі — значыць, наш імунітэт аслаблены. 4. Народныя сродкі. Грып — не тая хвароба, якую можна вылечыць часнаком ці парай над бульбай. Народныя сродкі можна прымяняць толькі ў якасці дадатковага лячэння. Святлана БАРЫСЕНКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пачатак эпідэмічнага ўздыму захваральнасці на грып і вострыя рэспіраторныя інфекцыі ў Беларусі чакаецца, што называецца, на днях. Як прагназуе Нацыянальны цэнтр...
|
|