В Ушачах прошла традиционная спартакиада среди трудовых коллективов. Победителем соревнований стала Ушачская школа
17.03.2020
—
Новости Здоровья
|
У суботу на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы” прайшло адно з самых цікавых і маштабных мерапрыемстваў – раённая спартакіяда працоўных калектываў. Удзел у спаборніцтвах прынялі 11 каманд з 15 прадпрыемстваў і арганізацый. Яркія перамогі, крыўдныя паражэнні, перажыванні – усяго хапіла і спартсменам, і балельшчыкам. Займальна праходзілі ў гэты дзень спаборніцтвы па плаванні. Ля басейна, дзе мужчынам неабходна было пераадолець дыстанцыю ў 50, а жанчынам – у 25 метраў, балельшчыкаў сабралася нямала. Найбольш спакойна выглядалі прадстаўнікі Ушацкай школы – яно і не дзіўна, паколькі на старт выходзілі пастаянныя пераможцы Павел Паршонак і Вольга Жыткая. На гэты раз настаўніца біялогіі зноў прадэманстравала самыя хуткія секунды – 17,19, апярэдзіўшы тым самым сваіх бліжэйшых канкурэнтак Вольгу Чумакову і Ірыну Ціханаву з аб’яднаных каманд аддзялення па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райаддзела па надзвычайных сітуацыях і ТЦСАН на 3,83 і 7,07 секунды адпаведна. Павел жа, хоць і прадэманстраваў добры вынік у 37,48 секунды, стаў толькі другім – самым хуткім на вадзе аказаўся Міхаіл Арлоў (35,70) з РАНС і ТЦСАН, на трэцім месцы – Дзмітрый Кулагін (39,89) з раёна газазабеспячэння. Гарачыя баталіі разгарнуліся ў відовішчным падняцці гіры. Але і тут ніякіх сюрпрызаў з вызначэннем пераможцаў не аказалася. “Зараз адназначна “сотку” кіне!” – пачулася з натоўпу, калі на памост выйшаў фаварыт у вагавой катэгорыі звыш 90 кг Віталь Булаўка з аб’яднанай каманды Ушацкай ЦРБ і Ільюшынскай школы. І прадказанні апраўдаліся: снарад узняўся над галавой мужчыны ажно 105 разоў. Магло быць і больш, але скончыўся час, вызначаны на практыкаванне. Выдатна праявілі сябе ў гэтай жа катэгорыі Дзмітрый Лёля і Мікалай Пруднікаў з аб’яднаных каманд РАНС і ТЦСАН, аховы і культработнікаў – у іх “срэбра” і “бронза” адпаведна. У вазе да 90 кг перамогу святкавалі Канстанцін Красноў з жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Сяргей Ціханёнак, які абараняў гонар райвыканкама, а таксама Ігар Пятніца з раёна газазабеспячэння. У катэгорыі ж да 70 кг лепшымі сталі Віталь Баркоўскі з каманды РАНС і ТЦСАН, Уладзімір Качко з Ушацкай школы і прадстаўнік райвыканкама Дзмітрый Баратынскі. Улічваючы ж выступленні асілкаў ва ўсіх вагавых катэгорыях, перамога дасталася камандзе РАНС і ТЦСАН, на другім месцы – ахова і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, на трэцім – Ушацкая школа.
Моцных і вынослівых мужчын выстаўлялі каманды і на гімнастыку. З лёгкасцю справіўся з падцягваннем, паказаўшы вынік у 26 разоў, Віталь Баркоўскі з РАНС і ТЦСАН. 16 падцягванняў прывялі на другое месца настаўніка з Ушач Паўла Паршонка. Толькі адзін уздым саступіў яму Аляксандр Рахманенка з лясгаса, які стаў трэцім. Азартна праходзіў самы, здавалася б, “ціхі” від спорту – жаночая гімнастыка, дзе прадстаўніцы прыгожай паловы адціскаліся ад лаўкі. У выніку “бронза” дасталася Інне Ларчанка з каманды РАНС і ТЦСАН (33 адцісканні). “Срэбра” – у прадстаўніцы раёна газазабеспячэння Алене Целепень (30). Ну а першую прыступку п’едэстала прадказальна заняла штогадовы чэмпіён у названым відзе Ірына Цітова з Ушацкай школы – на яе “рахунку” ажно 80 адцісканняў.
Разгарнулася барацьба і ў дартсе. “Золата” ў гэтым відзе заваяваў прадстаўнік лясгаса Ігар Ардынскі, “срэбра” – ва Уладзіміра Чумакова з каманды аховы і культработнікаў, “бронза” – у Віталя Клімашэўскага з Ушацкай школы. Дарэчы, у гэтым відзе выступаў самы ўзроставы ўдзельнік спаборніцтваў, прадстаўнік зборнай каманды філіяла “Маяк-Ушацкі” і ПУП “Ніксілбуд” Мікалай Фядосенка, які атрымаў ад раённага аб’яднання прафсаюзаў спецыяльны прыз. Падарунак ад грамадскага аб’яднання дастаўся і самаму юнаму ўдзельніку спартакіяды, прадстаўніку філіяла аблспажыўтаварыства Мікіту Галаўнёву. Дарэчы, у суботу хлопец як раз адзначаў свой 19-ы Дзень нараджэння. Самая працяглая і бескампрамісная барацьба ішла ў турніры шашыстаў. Першынстваваў у ім Ігар Шышко з райвыканкама, другім стаў Віталь Клімашэўскі з Ушацкай школы, трэцім – Андрэй Мялешка з раёна газазабеспячэння. Доўга выяўлялі мацнейшых і тэнісісты. “Ракетку, не трымала ў руках са школьных гадоў, але, крыху патрэніраваўшыся, змагла абараніць гонар каманды. Урокі фізкультуры ва Ушацкай школе не прайшлі дарэмна!” – прызналася Наталля Круцёнак з ДРБУ-105. Лепшыя ж вынікі прадэманстравалі каманды РАНС і ТЦСАН у складзе Крысціны Карзянок і Алега Крыскевіча, Ушацкай школы – Людмілы Бабаедавай і Віталя Карабаня, раёна газазабеспячэння – Марыны Андзінай і Кірыла Гусёнка.
Хочацца павіншаваць пераможцаў, якія фактычна не мелі сабе роўных – што і нядзіўна, бо спорт для многіх непарыўна звязаны з прафесіяй. Безумоўна, удзел у спаборніцтвах настаўнікаў фізкультуры, выратавальнікаў цалкам апраўданы, бо павышае ўзровень выступленняў, служыць арыенцірам для іншых каманд. Ды, разам з тым, у многіх відах яны аказваюцца на парадак мацнейшымі за аматараў – знікае “эфект нечаканасці”. А таму варта было б увесці для прафесіяналаў паніжаючы каэфіцыент – такое меркаванне давялося пачуць ад многіх удзельнікаў спартакіяды. Больш справядліва было б таксама дапускаць аб’яднанне толькі невялікіх арганізацый, якія па аб’ектыўных прычынах не могуць выставіць асобную каманду. К.КАВАЛЕЎСКАЯ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У суботу на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы” прайшло адно з самых цікавых і маштабных мерапрыемстваў – раённая спартакіяда...
|
|