Жудасны выпадак на Валожыншчыне: паляўнічы застрэліў жонку і застрэліўся сам
24.10.2013
—
ЧП
|
Трагедыя адбылася ў суботу, 19 кастрычніка, у вёсцы Вайганы каля 17.30. У той дзень нічога не прадракала бяды. Жанчына, як звычайна, займалася дамашнімі справамі. Убачыўшы побач з домам суседзяў, па-прыяцельску пагутарыла пра тое ды пра сёе. Аб тым, што штосьці не ў парадку, ні слова не сказала. Ды і выгляд у яе быў звычайны, не была яна чымсьці ўзрушаная ці кімсьці пакрыўджаная. І пра мужа свайго не гаварыла... Яго ў той дзень ніхто з суседзяў не бачыў. Ён быў паляўнічы. Таму і стрэльба дома ляжала. Суседзям загінулых мужа і жонкі на свае вочы давялося пабачыць жудасны выпадак, які адбыўся літаральна праз гадзіну пасля таго, як гаспадыня дома насупраць з імі размаўляла. У той час суседзі якраз былі ў двары: 14-гадовая дзяўчынка, яе бацькі, бабуля. Маці фарбавала плот, бацька працаваў на ўчастку. Раптам яны пачулі стрэлы. Спачатку адзін, а потым другі. У гэты час дзяўчынка з бабуляй зайшлі за адну з пабудоў на ўчастку і не бачылі таго, што адбылося. Жанчына з мужчынам павярнуліся ў бок, адкуль чуліся стрэлы, і ўбачылі сваю суседку. Яна пераходзіла праз дарогу, кульгала, але ішла якраз да іх. Ззаду на ўчастку стаяў яе муж і трымаў у руках стрэльбу. Пастаяўшы крыху, ён знік у доме. Тым часам яго жонка дайшла да машыны, што стаяла побач з домам. Але дайшоўшы, звалілася. Яе сусед нават падумаў, што, можа, яна ад іх чагосьці хаваецца. Аднак калі падышоў, то ўбачыў, што яна ў крыві, а з рота ідзе пена. Зразумеўшы, што жанчына памірае, суседзі пачалі клікаць на дапамогу. Выклікалі “хуткую”, міліцыю. Аднак выратаваць яе ўжо было немагчыма. Забіўшы жонку, мужчына застрэліўся сам. Яго цела знайшлі ў доме. Трагічна загінулая сям’я працавала ў цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У вольны ад працы час яны вялі гаспадарку. Жанчына была вельмі працавітая. Суседзі адзначаюць, што рэдка бачылі, каб яна не была занятая якой-небудзь работай. Раз-пораз перакінецца двума словамі − і зноў працаваць. Муж часам хадзіў на паляванне. Разам яны пражылі амаль 30 гадоў. Іх 28-гадовая дачка жыве ў Мінску. Там у яе свая сям’я. Быў і сын. Аднак яшчэ ў падлеткавым узросце ён скончыў жыццё самагубствам – павесіўся. Пра выпадак распавяла “РГ” старшы следчы Валожынскага раённага аддзела Следчага камітэта Юлія Селятыцкая. Настасся РОЎДА. Фота onkam.ru Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Трагедыя адбылася ў суботу, 19 кастрычніка, у вёсцы Вайганы каля 17.30.
|
|