Источник материала:
Уладзімір Папруга —
чалавек-легенда ў мінскім коле архітэктараў, рэстаўратараў, аматараў даўняй архітэктуры. Ён вучыўся і практыкаваўся ў Мінску і Рыме, у Венецыі і Познані. Ён кінуў выгадную працу ў Польшчы і пайшоў працаваць на дзяржаўную пасаду ў Мінгарвыканкам.
Апошнія два гады Уладзімір Папруга — галоўны архітэктар беларускага будаўнічага праекта ў Венесуэле. Мы сустрэліся ў ягонай мінскай кватэры, калі спадар Папруга прыляцеў на кароткую пабыўку.
— У Венесуэле круглы год +30, ідэальная вільготнасць! Я цяпер увогуле не ўяўляю, як можна жыць у іншым клімаце! — дражніўся спадар Уладзімір.
Мы пачалі размаўляць — і размаўлялі да другой гадзіны ночы. За гэты час у ягонай кватэры адключылася святло, Папруга выклікаў аварыйку. Калі б не манцёры, мы, бадай, размаўлялі б да раніцы.
«Я патрапіў на навучанне ў Рыме, куды прынялі 25 чалавек з усяго свету»
— Спадар Уладзімір, пра вашую адукацыю ходзяць легенды — і там вы вучыліся, і там практыкаваліся. Давайце навядзем яснасць.
— У 1983 годзе я скончыў архітэктурны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута. Наступныя трынаццаць год, па 1996, папрацаваў у галоўным беларускім праектным інстытуце Белдзяржпраект. Гэта была вельмі добрая школа, бо гэта — найбольш шанаваная праектная ўстанова нашай краіны. Пасля распаду Савецкага Саюза я паралельна здрэйфаваў у галіну аховы і рэстаўрацыі гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Нашымі сіламі было створана і зарэгістравана аб’яднанне Беларуская каталіцкая грамада, мы стварылі праектную майстэрню і пачалі займацца помнікамі спадчыны. Мой аб’ект — гэта кармеліцкі касцёл Святога Станіслава ў горадзе Магілёве. Мы там зрабілі інтэр’еры, я запраектаваў усю мэблю, прэсбітэрыю, прыбудову, плябанію… Гэта вельмі цікавая работа была!.. Паступова апынулася так, што каб «дагнацца» па ведах у гэтай галіне, трэба было не спыняцца ў адукацыі. Мне пашчасціла прайсці даволі жорсткі адбор (трэба было мець не менш як пяцігадовы досвед працы ў галіне і паказаць канкрэтны аб’ект, якім ты займаўся) і патрапіць на навучанне ў Рымскі цэнтр ЮНЕСКА. Але толькі калі я трапіў у Рым, я зразумеў, што я займеў. Бо гэта быў адзіны на той час курс архітэктурнай кансервацыі, які цягнуўся ад студзеня па чэрвень. Аказалася, што толькі 25 чалавек з усяе планеты Зямля былі ангажаваныя на гэты курс — ад Японіі да Перу.
— Ого! І на яго набіралі толькі аднойчы?
— Набіралі тры ці чатыры разы. Але што цікава, гэта быў апошні падобны курс — пасля ЮНЕСКА абрала іншы фармат, сталі праводзіць лакальныя кароткатэрміновыя курсы ў розных краінах. Пазней мне пашчасціла ўдзельнічаць яшчэ ў адным курсе — у Венецыі ў 1998 годзе. Гэта быў майстар-курс, рэальная работа з аб’ектамі. Мы вывучалі на практыцы канкрэтныя методыкі кансервацыі тынка, стука, мармарына… А рэстаўрацыйная работа ў беларускіх умовах спецыфічная якраз тым, што калі прыязджаеш у нейкае месца, то, як правіла, ні майстроў, ні спецыялістаў па рэстаўрацыі няма. Таму кожнаму майстру трэба рэальна, рукамі паказаць — што і як трэба рабіць, ажно да рэцэптуры прыгатавання тынку. Я паспяхова прайшоў гэты курс — але гэты вопыт, на жаль, рэалізаваў не ў Беларусі. Сталася так, што ў Магілёў прыехаў адзін паляк, пабачыў маю работу, — аднаўленне кармеліцкага касцёла. І папрасіў яму «даць тэлефон гэтага пана». І калі я вярнуўся з Венецыі ў 1998 годзе, адразу ж атрымаў тэлефанаванне з Познані, «ці не мог бы пан прыехаць і нешта нам рэкамендаваць». Я думаў, проста заеду пагляджу — заехаў, паглядзеў — і на 5 гадоў там засеў. Гэта за 180 кіламетраў ад Берліна, палац фон Зайдліцаў 1859–61 гадоў, унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. У чалавека, які мяне наняў, свая фірма па перавозцы грузаў па ўсёй Еўропе — і ён выкупіў гэты палац, шукаў спецыяліста, які б рэстаўраваў яго паводле ўсіх правілаў. Таму што сістэма аховы і нагляду за спадчынай у Польшчы на вельмі высокім узроўні. Беларусі трэба даганяць і даганяць Польшчу ў гэтым сэнсе. Калі я пачынаў працу на гэтым палацы, то сабраў для пачатку ва ўсіх буйных бібліятэках Польшчы ўвесь радавод фон Зайдліцаў, якія аселі там з канца XVІ стагоддзя — пяць пакаленняў. Той паляк, перад тым як набыць палац, падняў усе дакументы: ці не засталося спадкаемцаў — каб пасля ў яго гэты палац не адсудзілі.
«Пры аднаўленні палаца я навучыў рабіць тынк мясцовых жыхароў — як і 150 гадоў таму»
— І няўжо вы там сваімі рукамі тынк гатавалі?
— Гэта была вельмі цікавая работа — усе гэтыя венецыянскія тынкі, якія я вывучыў у Венецыі, я адаптаваў да кліматычных умоў Польшчы. У мяне была суперзадача зрабіць мармарына — эксклюзіўную венецыянскую тэхніку. У мяне ў Венецыі быў настаўнік, легендарны майстар Франка Фальятта. Ён вадзіў мяне па Венецыі і паказваў фасады дамоў: гэта я зрабіў 20 год таму, гэта 30 год таму… Аднойчы я задаў яму пытанне: «Франка, як ты ўвогуле прадаеш сваю работу, колькі каштуе метр квадратны мармарына?» Ён адказаў: «Ведаеш, у мяне часта гэта пытаюцца. Але праблема ў тым, што я не прадаю сваю работу квадратнымі метрамі — я прадаю яе квадратнымі сантыметрамі». І я вырашыў увесь гэты польскі палацык зрабіць такім чынам. Я прывёз звычайную вапну — за 600 кіламетраў, з Кракава, калі даведаўся, што эфектыўнасць гэтай вапны 95–98 працэнтаў. Я сам гэтую вапну асабіста згасіў, яна адлежвалася год у адмысловых ямах, потым я зрабіў эксклюзіўны тынк на базе італьянскага і шатландскага досведу — бо клімат Шатландыі найбольш блізкі да нашага кліматычнага пояса. Карыстаючыся базавымі прынцыпамі рэстаўрацыі — прыцягваць мясцовае насельніцтва да працы з аб’ектам — я знайшоў канкрэтна тую яму за 300 метраў ад палаца, адкуль тынк у сярэдзіне ХІХ стагоддзя выкопваўся сюды. І паколькі палац будаваўся мясцовымі жыхарамі, з гэтай самай вёскі, я сабе паставіў задачу: навучыць палякаў, якія жывуць у гэтай ваколіцы, гэтым самым работам. І яны ў мяне сядзелі на сцяне, рабілі гэтыя тынкі — і я не саромеюся выніку гэтай работы.
— А пасля, я так разумею, вы паставілі задачу навучыць сядзець на сцяне беларусаў?
— Я паспяхова адпрацаваў у Познані 5 год, але пасля да мяне дайшлі пагалоскі, што пачынаецца нейкая работа, павінна нейкая будова на Нямізе адбыцца, нейкія паркінгі. Мне, як спецыялісту, стала млосна, бо я разумеў, што такое ў прынцыпе немажліва — таму што ёсць Закон аб ахове спадчыны, ёсць методыкі!.. Я кінуў работу ў Польшчы, чым моцна здзівіў свайго хлебадаўцу ў Познані: «Пане Влодку, пан хцэ вруціць за Буг?» Я вярнуўся ў Беларусь, разумеючы, наколькі гэта важна — даць альтэрнатыву Мінску. Мінскам ніхто не займаўся сістэмна. Склалася парадаксальная сітуацыя: быў старажытны Менск, але які ён быў, ніхто не ведае, бо ніхто ніколі гэта не фіксаваў. Няма ніводнай рэканструкцыі, якую можна было б пакласці на мапу сучаснага горада. Былі нейкія фантазіі на тэму, як гэта магло выглядаць — але калі іх пакласці на схему горада, то не стыкуюцца вуліцы, вуглы, адлегласці… Прынцып работы з гісторыка-культурнымі аб’ектамі базуецца на вельмі празрыстай працэдуры — перад тым, як прыступаць да праектавання, трэба зрабіць комплекснае навуковае даследаванне. Гэта якраз тое, што ніколі тут не рабілася. Ні на адным аб’екце. Калі будавалася тое самае Траецкае прадмесце, гэта была чыста такая рэканструкцыя «ад галавы». Зрабілі галівудскую вёсачку, якая чыста візуальна нагадвае нібыта фармат еўрапейскага мястэчка. Так адбываецца і на іншых аб’ектах Верхняга горада — прыходзяць людзі і пачынаюць ад галавы выдумляць, як гэта магло б выглядаць, як ім гэта ўяўляецца. Нічога агульнага з працэсам рэстаўрацыі і рэгенерацыі гісторыка-культурнай каштоўнасці гэта не мае. Цяперашняя рэгенерацыя вуліцы Гандлёвай — гэта чыстая фантазія.
«У Мінску два сусветназначныя помнікі: Стары горад і праспект Незалежнасці»
— Як вы лічыце, з тых рэштак гістарычнага цэнтра Мінска, якія захаваліся да нашых дзён, ці можна яшчэ зрабіць прывабны для турыстаў аб’ект?
— Калі я думаю пра гістарычны цэнтр Мінска, які ён быў, то першае, што мне прыходзіць на розум — не здзіўляйецся — гэта Венецыя. Такія ж пакручастыя вулкі, пляцыкі, якія перацякаюць адзін у другі, камернасць і інтэр’ернасць!.. Вельмі цікавая сітуацыя: апроч гістарычнага цэнтра Менска, мы маем яшчэ і Мінск савецкі — праспект Незалежнасці, які будаваўся як помнік перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Гэта самадастатковы турыстычны брэнд. Увесь гэты савецкі класіцызм — гэта не прыдумка нечага новага, а вядомыя прынцыпы архітэктуры ХVІ стагоддзя. Я перакананы, што гэты помнік варты таго, каб быць унесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Нулёвая катэгорыя — на ўзроўні Егіпецкіх пірамідаў! Але на сённяшні дзень мы маем сітуацыю, калі тое, як і што будаваць на канкрэтнай тэрыторыі, вырашае жаданне нейкіх інвестараў, якія паняцця зялёнага не маюць, што яны знішчаюць, калі неадэкватна абыходзяцца з гэтай каштоўнасцю. Уключаюцца ўсе рычагі адміністрацыйнага ціску — і ў рэшце рэшт атрымліваецца не так, як трэба, а так, як яны хочуць. Возьмем той жа дом, які цяпер будуецца на вуліцы Заборскага, побач з Траецкім прадмесцем. Гэты фрагмент вуліцы з’яўляецца фрагментам гістарычнай планіровачнай структуры тысячагадовага Менска, які цяпер знішчаецца. Гэта была вуліца Татарская, якая выходзіла адтуль на Белдзяржпраект сённяшні. Мала хто ведае, што раней рака Свіслач працякала не па правы бок ад праспекта Пераможцаў, а па левы. І гэты дак-вігвам перад гатэлем «Планета» стаяў якраз на беразе ракі, быў збудаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, каб кантраляваць уезд у горад і адстрэльвацца ад умоўнага праціўніка. Цяпер ніхто з мінчукоў не паверыць, што Свіслач цякла там, дзе цяпер стаіць на скрыжаванні стэла «Мінск — горад-герой».
— І калі яе перасунулі адтуль?
— Гэта адносіцца да пары паваеннай рэканструкцыі Мінска. Трагічнай адбудовы, хачу заўважыць. Таму што фактычна ад 3 ліпеня 1944 года і па 1955 год у нас адбывалася сістэмнае знішчэнне гісторыка-культурнай каштоўнасці «гістарычны цэнтр Мінска». Мінск — горад, у якім не было ніводнага вулічнага боя: ні пры ўваходзе нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ні пры выхадзе. Але страты ў нас каласальныя: ніводная сталіца Еўропы не пацярпела больш, чым Мінск. Прычым я абсалютна перакананы, што разбураючы старадаўнія дамы, ніхто не вывозіў увесь гэты друз кудысьці далёка — з яго проста зрабілі «падкладку» пад сучасны праспект Пераможцаў. Але з іншага боку — Мінск быў практычна ў стане Варшавы 1944 года: калі немцы ў часе Варшаўскага паўстання два месяцы сістэмна з гарматаў знішчалі забудову. Але варшавякі што зрабілі? 1944 год, вызваленне — і гараджане пачалі аднаўляць горад, паднялі яго з руінаў. Мінск 2005 года быў у нечым у аналагічнай сітуацыі: нішто не перашкаджала зрабіць навукова абгрунтаваную рэканструкцыю Нямігі, Верхняга горада. І праект, над якім я працаваў ад 2002 па 2007 год, быў прысвечаны менавіта гэтаму.
— Вось вы і дайшлі да самага цікавага. Распавядзіце даступна: што гэта за праект?
— Гэта падрабязны праект, закліканы вырашыць усе горадабудаўнічыя і транспартныя праблемы горада. Што смешна: у той структуры, у якой мы маем Мінск сёння, праектаваўся з 1944 па 1963 год — і быў разлічаны на насельніцтва 400 тысяч чалавек. Увесь горад быў зведзены на Т-падобнае скрыжаванне каля ГУМа. Усе галоўныя выезды, якія мы маем на сённяшні дзень, ідуць у нікуды. Напрыклад, едзе чалавек з Брэста (Варшавы) — заязджае на праспект Дзяржынскага, далей вуліца Няміга, вуліца Багдановіча — і ўпіраецца ў тупік вуліцы Кальцова, у паварот на 90 градусаў! А далей — нейкімі агародамі едзем да Зялёнага Луга! І гэта — горадабудаўнічая магістраль, дыяметр Варшава-Масква! Тое самае, калі едзем з Масквы — праз увесь праспект упіраемся ў «мяшок» плошчы Незалежнасці, пасля па бакавых невыразных з’ездах збочваем на Слуцкі накірунак, аб’язджаючы аэрапорт, далей на Сеніцу і Слуцк. Карацей, увесь маскоўскі накірунак ідзе ў палескія балоты… Возьмем праспект Пераможцаў: шыкоўны шасціпалосны праспект упіраецца ў тупічок дачнага пасёлка Ждановічы! Ні ў адной сталіцы такога няма! Таму праблема гістарычнага цэнтра — гэта нават не праблема гістарычнага цэнтра, а праблема горада ў цэлым.