Чэмпіён свету па тайландскім боксе Віталь Гуркоў: «Сумна, што наша гісторыя страчваецца». 21.by

Чэмпіён свету па тайландскім боксе Віталь Гуркоў: «Сумна, што наша гісторыя страчваецца»

17.11.2010 13:41 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Трэнеры называлі яго за вочы плаксам, а ён, нягледзячы на найсур’ёзныя траўмы, рэкордныя 7 разоў станавіўся чэмпіёнам свету. Але сувязі з рэальным светам не страціў: спорт для яго ўсё ж «фон», а галоўнае… Пра галоўнае Віталь Гуркоў і расказаў «Салідарнасці».

— Віталь, чаму ты займаешся тайскім боксам?

— Шкада аддадзенага гэтаму віду спорту часу. Калі кідаць, то трэба было кідаць даўно.

Я ўжо 10 гадоў займаюся боксам. Увесь час абмяжоўваў сябе. Калі мне было 15–16 гадоў, аднагодкі хадзілі на дыскатэкі, у іх былі першыя пацалункі з дзяўчатамі, а я ішоў адзін з заплечнікам, і мяне пыталіся: ты куды? «Ну, я там гэта…»

Я ў школе нават не казаў нікому, што займаюся тайландскім боксам, і пастаянна прыдумляў усялякія адмазкі.

— Чаму не расказваў?

— Бацька так выхаваў. Не выхваляйся, і да цябе будзе менш непатрэбнай увагі. Залішняя ўвага часам можа нашкодзіць.

А тайландскім боксам я пачаў займацца, таму што ў падлеткавым узросце хацелася ўмець сябе абараніць і за сяброў пастаяць. На раёне трэба было быць заўсёды напагатове.

Я жыў у Сцяпянцы, цыганскім раёне. Быў час, калі выйсці да шапіка купіць жуйку ці шакаладку было праблемна. Каля такога месца абавязкова «пасвілася» група маладых людзей, каб «настраляць» грошай.

Пра дасягненне нейкіх вынікаў у спорце спачатку нават не думаў. Проста трэніраваўся, выпрабоўваў сябе, пераадольваў страх: калі без досведу заходзіш на рынг — ногі трасуцца.

Зараз жа хочацца паспрабаваць новага і ўдасканаліцца: аматарскія спаборніцтвы — адно, а прафесійныя баі — зусім іншае (гэтай вясной Віталь стаў найлепшым байцом К-1 ва Усходняй Еўропе).

Апошнім часам я стаў заўважаць: мне спадабалася баксаваць. Спадабаўся сам стан да, падчас і пасля бою. Пэўны адрэзак — тры дні. Дзень перад боем, дзень бою і дзень пасля.

У гэтыя тры дні для цябе нічога не існуе: ні будучыні, ні мінулага. У гэтыя тры дні ты зведваеш пікавыя эмоцыі і перажыванні. А калі ўсё заканчваецца, з’яўляецца адчуванне пустаты. Тыя, хто выходзіць на рынг, зразумеюць, пра што я кажу.

— Ты сказаў, што бокс табе дае. А што ён адбірае?

— Ды ўсё. Сяброў і бацькоў, да прыкладу, падоўгу не бачыш. Хоць я стараюся выкарыстоўваць вольны час — кніжкі пачытаць, музыкай заняцца. Спорт абмяжоўвае, трымае ў рамках — гэта можна, гэта нельга. Вось цяпер я з задавальненнем ем смажаную бульбу ды яшчэ два пірожных узяў (гутарка праходзіла ў рэстаране «Лідо» — Р.Г.) — а да гэтага сядзеў на дыеце, еў адзін раз на дзень: варанае мяса і якую-небудзь траву.

Гэтыя кантрасты моцна адчуваюцца: нельга, нельга — бух, можна! Калі ідзе ўстрыманне, пачынаеш цаніць звычайныя моманты і думаць: так, заўтра ў мяне ўзважванне, значыць, пасля яго я змагу пайсці з’есці вось гэта, а потым яшчэ і тое.

— У чым твая фішка як байца?

— Вельмі рэдка пасля баёў я думаю: ах, не дапрацаваў. Рыхтуюся я вельмі старанна, раблю ўсё, што ў маіх сілах, праяўляю сілу волі. Калі ты непадрыхтаваны, лепш на рынг не выходзіць.

Не лічу, што ў мяне выдатная тэхніка або неверагоднай сілы ўдар. Талентам ад прыроды я не валодаю, мне ўсё больш працай дастаецца.

— Ты ж у курсе, якое ў людзей меркаванне аб духоўным развіцці спартоўцаў… А ты, я ведаю, музыкай, да прыкладу, займаўся.

— Так, граў на гітары ў панк-рок гурце. Але гэта было даўно. Калі я толькі пачаў займацца спортам, цікавасць да гітары страціў. Яшчэ ў адной групе спрабаваў сябе ў якасці вакаліста. Мне падабаецца займацца музыкай.

А вершы яшчэ пішаш?

— Скажам так: спрабую нешта рабіць. Цяпер замовіў бітмэйкеру (кампазітар у хіп-хоп музыцы — Р.Г.) музычнае суправаджэнне — хачу зрабіць пару трэкаў. Ёсць ужо 4 гатовых біты, напісаў тэксты. Займаюся іх карэкцыяй, хачу найбліжэйшым часам нешта запісаць.

— Пару радкоў з якога-небудзь тэксту можаш зачытаць?

— Не. Саромеюся пакуль. Калі зраблю задуманае, пачуеш.

— Як ты трапіў у кліп «Ляпіса Трубяцкога» «Буравеснік»?

— Я Міхалка і ўвесь гурт ужо даўно ведаю. Быў у іх на рэпетыцыях. Нас з Міхалком пазнаёміў наш агульны трэнер па боксе Анатоль Іванавіч Ліс. Ён расказваў мне пра Міхалка, Міхалку пра мяне — і з’явілася ўзаемная сімпатыя. Апошні раз мы размаўлялі з Сяргеем у жніўні — даўно ўжо не бачыліся.

— У адным інтэрв’ю ты сказаў, што ты сентыментальны чалавек, можаш нават расплакацца.

— Раней за вочы некаторыя трэнеры называлі мяне плаксам (смяецца).

Калі я выйграў свой першы чэмпіянат Беларусі (прычым з траўмай галенастопа), то пасля фіналу кінуўся да трэнера на шыю і заплакаў…

Бывае ў мяне такое. Некаторыя рэчы я вельмі блізка ўспрымаю.

— Можаш успомніць, калі апошні раз плакаў?

— З цяжкасцю. Апошні раз даўно. Трэба падумаць.

— Ты вельмі адкрыта расказваеш пра сябе. Гэтая адкрытасць табе па жыцці не шкодзіць?

— Гэта кій з двума канцамі. Дзесьці адкрытасць дапамагае, дзе перашкаджае. Але ўсё часцей я прыходжу да высновы, што падчас размовы ў кампаніі не трэба расказваць нейкія гісторыі пра іншых людзей. Я, калі нешта расказваю, то без імёнаў — каб не нашкодзіць гэтаму чалавеку. Людзі па-рознаму ставяцца да размоваў пра сябе, камусьці можа быць непрыемна.

— Якія ў цябе прыярытэты ў жыцці?

— Вельмі складанае пытанне. Напэўна, першае месца ў маім жыцці займаюць блізкія мне людзі — бацькі, сябры. Усё астатняе — фон. Са спортам я магу ў любы час скончыць. Важна, каб у цябе былі родныя і блізкія, каб яны былі надзейнымі, важна не пакрыўдзіць іх.

— Нядаўна былі апублікаваныя твае адказы на анкету праекту «Быць беларусам». Тваё выказванне «Беларусы патэнцыйна маюць выключны байцоўскі ген» нарабіла шуму ў інтэрнэце…

— Так, я сам не чакаў.

— Часта ты па-беларуску размаўляеш?

— У мяне шмат беларускамоўных сяброў. Яны ўплываюць на мяне. З імі я размаўляю выключна па-беларуску.

— У інтэрнэце адшукаў відэа, дзе ты пасля перамогі ў турніры К-1 World Max 2010 East Europe Tournament даў каментар БТ на белмове.

— Так, было такое.

У мяне запыталіся па-беларуску, я адказаў па-беларуску. Лічу, што мову мы ведаць павінны. Калі яе будуць больш ведаць, то і размаўляць на ёй будуць больш.

— Раней ты выходзіў на рынг пад кампазіцыю «Зорачкі» гурта «Ляпіс Трубяцкой», пасля пад «Ведзьму» этна-трыа «Троіца». Гэтая музыка разлічана болей на гледачоў ці для спартоўца сапраўды важна, пад якую мелодыю ён выходзіць на бой?

— Я выходжу на рынг пад музыку, якая нешта для мяне значыць. Кампазіцыю «Зорачкі» я вельмі люблю. Дарэчы, апошні раз пад яе я і плакаў.

«Троіца» — магутны гурт, якім трэба ганарыцца. Я шмат што з іх творчасці пераслухаў. Патэлефанаваў Кірчуку і запытаўся, ці можна мне што-небудзь выкарыстаць і пад якую мелодыю, на якую думку, лепей выходзіць на рынг. З яго дазволу «Ведзьма» і гучала перад маімі выступамі.

— Не магу не запытацца: тваё стаўленне да бел-чырвона-белага сцяга?

— Я стаўлюся да яго з павагай. У школе вывучаў яго гісторыю, і ў гістарычным плане ён мяне больш прываблівае, чым чырвона-зялёны. Памятаю, калі змянілі дзяржаўную сімволіку, у школе ўсе былі ў шоку. Дзеці закрэслівалі дзённікі, усе перамалёўвалі новы сцяг на стары. Гэта ж не сакрэт, у гэтым няма нічога дрэннага.

— Але цяпер ты выступаеш пад чырвона-зялёным сцягам.

— Мы пастаўленыя ў такія ўмовы.

Калі большасць яго выбрала, калі ён лічыцца нашым дзяржаўным сцягам, я нічога змяніць не магу. Сумна толькі, што наша гісторыя страчваецца, што наш сцяг мог бы выглядаць па-іншаму.

Віталю (у пашпарце ён, дарэчы, змяніў імя Vitaliy на Vital) 25 гадоў. Столькі ж іншаму нашаму вядомаму спартоўцу — футбалісту Арцёму Мілеўскаму. Я гляджу на іх біяграфіі і здзіўляюся, чаму хлопцы з гэтага пакалення, якое вырасла ў 90-х, так моцна адрозніваюцца адзін ад аднаго. Абодва беларусы, абодва выраслі ў Мінску. Але адзін б’ецца за прэстыж сваёй краіны, шануе сваю культуру і мову, а іншы зрабіў тое, што заўзятары расцэньваюць не інакш як здраду — адмовіўся выступаць за зборную сваёй радзімы, каб гуляць за іншую.

Але Віталь лічыць, што Арцёма асуджаць не варта. У яго ёсць толькі адна заўвага: куды б цябе жыццё ні закінула, ты можаш па-ранейшаму заставацца беларусам.


Падзяліцца навіной: 
Руслан Гарбачоў, «Салідарнасць»

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Трэнеры называлі яго за вочы плаксам, а ён, нягледзячы на найсур’ёзныя траўмы, рэкордныя 7 разоў станавіўся чэмпіёнам свету. Але сувязі з рэальным...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика