Імправізацыя на палітычную тэму. 21.by

Імправізацыя на палітычную тэму

13.12.2010 16:08 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мы будзем спяваць блюз значна лепш за афраамерыканцаў. Яны ўжо і крыху забыліся, што такое рабства, а мы хутка даведаемся. Піша Павел Аракелян

Вось шанцуе ж беларускім эстрадным артыстам. Ды і лакальным рокерам не кепска — бо для таго, каб атрымаць безлімітны эфір або кавалачак гранта на «добрую справу», досыць парадаваць соцыум музыкаванай крычалкай кшталту «Саня, останется с намі» або «Дзе Віця, Саня?» Ну, найгорай, можна запасціся шаблоннай песенькай пра моцную і незалежную Беларусь — тады можна атрымаць па маленькаму бонусе ад усіх, нават тэкст мяняць не трэба, а толькі пагуляцца з часам — сучаснасцю і будучыняй. Карацей, прыгажосць, раздолле і шакаладныя цукеркі (права ж, бо не будзе ж раздаваць пендалі талерантны сярэднестатыстычны беларус).

А нам што рабіць? Нам, інструменталістам? Пераважна джазменам?

Мала таго, што нас як бы і няма зусім, дык яшчэ і адвечнае пытанне — чым парадаваць грамадскасць, каб пасля парадавацца самому? Напісаць, ці што, мутнаваты «Бацька-блюз?» Дык жа ж і цэнзура не прапусціць (гэта што яшчэ за блюз такі?!), і апазіцыя абавязкова ўгледзіць элемент прыстасаванства. Паспрабаваць пры дапамозе абстрактных сродкаў намаляваць канкрэтны вобраз моцнага і перспектыўнага лідэра? Ізноў не тое — ну хто ж за абстракцыяй пойдзе? І так ужо 16 гадоў у краіне суцэльная абстракцыя з шматзначным тварам. Увогуле, як ні круці — імправізацыя на палітычную тэму нічога добрага не прадвяшчае.

Вось мы і не лезем не ў сваю справу, а на ўсе пытанні, патупіўшы вочы, адказваем, што творцу, маўляў, такімі прыземленымі рэчамі цікавіцца не належыць, а мне асабіста дык і пагатоў, бо музычныя міры і вобразы ў маёй галаве выключаюць любую прагматычнасць і пошласць. Адказваем — і наперад на гастролі ў Украіну, Польшчу, Прыбалтыку, Расію… Бо там можна граць сваю музыку, ды за гэта яшчэ і грошай дадуць (ўяўляеце?!)

Але ў адсутнасць эфіраў, канцэртаў, працы і годнай аплаты мы неяк забыліся пра галоўнае: джаз — гэта свабода, пастаянны прагрэс. Мы забыліся, што ў 40-50-я гады мінулага стагоддзя гэтая музыка дапамагала змагацца за правы чарнаскурых. Мы ўсё гэта забыліся…

Затое ў нас на ўсе палітычныя тэмы падрыхтавана выдатнае апраўданьне — джазмен заўсёды можа згадаць, што ён асабіста як раз такі вольны, вольны без аглядкі на соцыум, «бо гэта стан душы!». Але ж як прапаведаваў Саламон Берк: «Мы не можам быць свабоднымі, пакуль хоць адзін з нас у ланцугах». А гэта значыць, што свабода — для ўсіх. Для нас, для вас, для простага сельскай камбайнёра, нават для таго суседа, што жыве зверху і з’яўляецца ганаровым сябрам «клуба аматараў перфаратару па вечарах і выходных».

Так што каюся — грэшны, пішу гэты артыкул, апанаваны шкурным інтарэсам. Вельмі хочацца працаваць у сваёй краіне, прадстаўляць яе за мяжой і не тлумачыць асабліва ўражаным замежнікам, што мы знаходзімся «somewhere in Russia». Хочацца тварыць, абапіраючыся на свае духоўныя патрэбы, на патрэбы навакольных людзей, а не аднаго чалавека-ў-многіх-тварах. Вельмі хочацца ганарыцца сваім прэзідэнтам, а не чырванець, праглядваючы рэпартаж з чарговага форума або з’езду.

Менавіта таму 19 снежня, а 20-й я буду на плошчы. Прыходзьце і вы — паімправізуем разам!

Хей-хо!
Промышленность процветает,
Товары под знаком качества.
Хей-хо!
Права человека на уровне
Моря и чуточку справа.
Хей-хо!
Зарплаты высокие,

Низкие цены.
Хей-хо!
Мы будем петь и плясать
На ежедневных дажынках.
Хей-хо!
И я хочу жить в такой стране!

Хей-хо! P. S. Запрашаю да дыскусіі на тэму: «Музыка і палітыка». Аўтары трох лепшых каментарыяў будуць узнагароджаны апакаліптычным апалітычным прызам:)

***

Павел Аракелян. З 2006 года прэса называе яго найлепшым джазмэнам і саксафаністам Беларусі. Працуе ў напрамку сучаснага джазу пад уплывам авангарду і мультыстылістыкі. З 17 гадоў выступае на фестывалях міжнароднага ўзроўню. Сярод найбольш гучных праектаў з яго ўдзелам — ф’южн-група Apple Tea, хардбопавы калектыў Speakeasy, Svet Boogie Band і ўласны праект The Outsiders. У чэрвені 2008 года The Outsiders сталі ўладальнікамі першай прэміі міжнароднага конкурсу джазавых выканаўцаў у рамках фэсту «Сядзіба. Джаз», абышоўшы каля тысячы прэтэндэнтаў.

Падзяліцца навіной: 
naviny.by

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мы будзем спяваць блюз значна лепш за афраамерыканцаў. Яны ўжо і крыху забыліся, што такое рабства, а мы хутка даведаемся. Піша Павел Аракелян.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика