Казка пра выбары. 21.by

Казка пра выбары

16.12.2010 17:20 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

З якога боку толькі не глядзелі на гэтыя выбары: і з эканамічнага, і з геапалітычнага, і з псіхафізіялагічнага, і з медыцынскага, а нехта, пэўна, нават з ваеннага. Застаўся ж некранутым фальклорна-міфалагічны бок справы — мова сімвалаў і архетыпаў, самая таемная, таму цікавая і… праўдзівая.

Сімвалы будуць нагадваць пра сябе ў нашым жыцці незалежна ад таго, верым мы ў іх, ці не. Хочаце ўбачыць прыклад палітычнай «кармы» — звярніце ўвагу на камуністаў, якія ў пагоні за паліткарэктным назовам перайменаваліся ў «Справядлівы свет», аўтаматычна стаўшы… СС-аўцамі. Вам цікавая тэма прываротных зёлак? Звярніцеся да Саннікава з Някляевым, у кампаніі якіх чаргой стаяць салідныя партыйныя актывісты, дзеячы культуры і шоу-бізнэсу (па некаторых сведчаннях, менавіта зёлкі былі ўжытыя зухаватымі беларускімі палітыкамі падчас перамоваў з уплывовымі асобамі ў Крамлі).

Што ж, давайце паспрабуем паглядзець на феномен нашай краіны ў кантэксце выбараў вачыма казкі, бо глядзець на іх вачыма палітолагаў абрыдла нават тым, хто не бачыць розніцы паміж Януковічам, Янукевічам і Якубовічам, а ўвесь кастрычнік патраціў на збор подпісаў за… атрыманыя на вахце ключы.

…Калі «Імперыя Зла» нечакана абрынулася, прывід камунізму пачаў тужліва блукаць над незасеянымі палямі СНД у пошуках прыдатнага цела для свайго ўвасаблення. Сумныя і нецікавыя збольшага расійскія ды ўкраінскія палітыкі не задавальнялі — нехта занадта папсаваў сваю фізічную абалонку моцнымі напоямі, нехта ўжо быў жытлом для таго-другога іншага беса, ды й грахі іх былі занадта дробнымі: распродаж зброі з савецкіх складаў, прыватызацыя, нейкія там катэджы… Але вось… Хто гэта там ідзе?… Бабах!… Наступным ранкам пазаўчорашні кіраўнік калгаса расплюшчыў са сну вочы з дзіўнаватай, але вельмі навязлівай ідэяй: «Хачу стаць прэзідэнтам!»

Першай ідэяй было аднаўленне Імперыі з самім сабой на чале, ясны факт. Калі не пакаціла, яна замянілася на думку пра пабудову Імперыі Зла ў асобна ўзятай рэспубліцы. На тым і вырашылі.

Імгненна закіпела праца: вырубаліся чароўныя лясы з папараць-кветкамі, усе дамавікі пасля вакцынацыі размяркоўваліся ў аграгарадкі, зачараваны народ, пасля курсу прыёму «адваротнага зелля» з пладова-ягадным прысмакам (каб забылі Радзіму і мову), масава звозіўся на паклон да свяцілішча імя Сталіна,

пабудаванага ў форме лініі ўмацаванняў а-ля ВАВ, ці да яго філіялаў у рэгіёнах.

Прафесійныя ўпыры Зімоўсі і Азаронак ствараюць сетку замбавання і кадавання разгубленага электарату. Вядомы некрамант Рубінаў выклікае прывід савецкай сістэмы адукацыі. Банда пярэваратняў пад маскай «КДБ» трымае ў страху большую частку насельніцтва. У краіне скарачаецца колькасць сонечных дзён, павялічваецца колькасць поўняў — гэты феномен тлумачыцца як асабістая заслуга прэзідэнта і элемент беларускага эканамічнага цуду. Рытуальныя рысы набывае гульня ў хакей — прайграўшая каманда добраахвотна робіцца часткай бронзавага барэльефу ля ног «правадыра рэвалюцыі» на плошчы ягонага імя (якую нехта памылкова працягвае называць плошчай Незалежнасці).

Надзея Аляксандра Рыгоравіча — ягоны малодшы сын, які мусіць пераняць уладу і ўрэшце сесці ў Крамлі. Аднак, згодна з паданнем, запісаным на Шклоўшчыне, Міколка аднойчы стане зоркай дзіцячага Еўрабачання і сыдзе ў шоу-бізнэс, ад чаго бацька сканае ў журбоце.

Лідзія Ярмошына, бясспрэчна, займае адметнае месца ў мясцовым фальклоры, з’яўляючыся на гарызонце, па вялікім рахунку, раз на чатыры гады. Астролаг, віртуозна маніпулюе лічбамі. Кампутары, калькулятары і нават звыклыя вагі ў яе прысутнасці паказваюць ілжывыя дадзеныя. За гэткую паганую аўру яна атрымала пракляцце, згодна з якім не можа перасунуцца ні на крок далей за Заходні Буг — нічога не зробіш! Уратаваць яе цудоўным чынам можа толькі пакаянне і добраахвотны сыход на пенсію.

Прадстаўнікі БРСМ і вертыкалі адпавядаюць казачным рэчам (жорны, яйкі, сякера), якія ўмеюць размаўляць, рухацца, нават даваць інтэрв’ю, але толькі зрэдку — думаць.

Часам гутараць на невядомай мове, накшталт: «Выбары-дурыбары, мурыбары-бурыбары». Толькі недасведчаны чалавек ці падкуплены апазіцыянер можа прыняць гэта за бязглуздзіцу, чым адразу выкрые сваё бескультур’е і празаходнія погляды.

Адпаведнікам міфалагічнага вобразу старога справядлівага караля, які страціў уладу, з’яўляецца Аляксандр Мілінкевіч. Цягам нарады ў маёнтку ў Берштах перадаў уладу і блаславіў трох прыёмных сыноў: Глушакова (дакладна прыёмны), Міхалевіча і Кастусёва. Мае сур’ёзнае хобі, акурат для рэспектабельнага чалавека — ускладаць кветкі ў прысутнасці 30-тысячнага натоўпу. Апошнім разам надзяваў латы і браў у рукі зброю падчас бітвы, якая адбылася 600 гадоў таму…

Зянон Пазняк — народны прарок, які сышоў у духоўную пустыню, дзе знаходзіцца да сённяшняга дня. Да яго след звяртацца маладым палітыкам па аўтографы і сумесныя фотаздымкі.

Ёсць версія, што знакамітыя відэазвароты з крытыкай апазіцыі — умелы крок Зянона для адводу вачэй спецслужбаў, сапраўдныя ж ягоныя дырэктывы і парады надзейна схаваныя ў вершах-хоку і фотаздымках аўтара. Кажуць, Пазняк перыядычна наведвае Радзіму праз патаемны ход і з’яўляецца звычайна недзе ў ваколіцах Нясвіжа ў вобразе жабрака, які падарожнічае стопам. Апошні раз ён расказваў маладой жанчыне-кіроўцу пра тое, як Лукашэнку заб’юць на дажынках у Лідзе (гэты матыў зрабіўся сюжэтам для некалькіх народных песняў Наваградчыны, напрыклад, «Ой, нахілілася галовушка» ці «У апошні дзень»). Перад ад’ездам калісьці абяцаў вярнуцца на чале калоны амерыканскіх танкаў, забіць гранта-Цмока і пабудаваць сцяну на мяжы з Расіяй. Групоўку, якая ўтварылася на аснове веры ў вяртанне Пазняка, некаторыя рэлігіязнаўцы прызнаюць сектай; хор імя Пазняка можна пачуць і сёння на мінскіх вулічных акцыях.

Някляеў, вандроўны трубадур шляхецкага паходжання, не так даўно атрымаў дар ператвараць любы прадмет у золата, а разам з ім — дар ператвараць любы мітынг у паэтычную вечарыну.

Прывід Някляева на кані часта з’яўляецца ў гарадах і мястэчках Беларусі, раскідвае шчодрай рукой грошы каля корчмаў, але ўбачыць гэтыя грошы могуць толькі маладыя ды чыстыя сэрцам авантурысты і паэты.

Ёсць павер’е, што калі адразу, на злом галавы, кінуцца на грошы, яны ператворацца ў раскіданыя па зямлі томікі «Кону» з парай цёплых словаў аўтара. Сівыя лірнікі ходзяць па кірмашах, спяваючы песні на словы паэта, а вясковыя бабы за пару цёртых грошаў ткуць ручнікі з лагатыпам «Zа НекляеVа». Някляеў узначальвае грамадскую кампанію «Палож на месца!» — калі кліч «Палож на месца!» разносіцца па-над вёскай халоднай лістападаўскай ноччу, каровы пачынаюць цяліцца, чыноўнікі масава сканчаюць жыцці самагубствам, а мясцовыя выбарчыя ўчасткі бяруцца полымем.

Лесуноў, палевікоў, гномаў увасабляюць дыпламаты і міжнародныя назіральнікі, якія, калі што, могуць дапамагчы схавацца, але ў справу ўмешвацца не будуць (павыць ды пашамацець таямніча могуць, не болей). Кажуць, што гномы хаваюць незлічоныя багацці і часам імі дзеляцца… але я вам пра гэта не казаў!

З журналістамі ўсё прасцей — гэта казачныя птушкі, якія разносяць хай, калі ў лесе нешта адбываецца. Калі птушка-дабрадзей якасна разнясе навіну (а можа, і ад сябе нешта ўставіць) — можна разлічваць на заступніцтва тых жа гномаў з лесунамі…

Народ… А што народ? Тыя, каго яшчэ не звазілі на Лінію Сталіна (такія яшчэ ёсць!), душаць піва ў шынках, спяваюць сумныя песні, спрачаюцца… не, не пра масці коней і якасць клінкоў, а пра нейкія санкцыі, дэбаты ў жывым эфіры, інтэрнэт-сайты… Але сям-тампрагучыць-такі легенда пра збаўцу, хтосьці прызнаецца, што нават паціскаў яму руку ў пачатку 90-х, нехта зацягне баладу пра «Вясну-96» ды «Белы Легіён», а ў вечары маці над калыскай праспявае немаўлятку калыханку пра Захаранку, Ганчара, Красоўскага, Завадскага, а з падваконня ў маўклівы горад будзе ўзірацца самотная знічка, нагадваючы, што сёння 16-е чысло месяца…

Вочы людзей штодня з журбой будуць глядзець у тэлеэкраны, мераць вокам Кастрычніцкую плошчу з акна 100-га аўтобуса, загарацца іскрай нянавісці каля будынку КДБ ці праязжаючага аўтазака. І ўсе яны будуць чакаць аднаго — падзеі.

Застаецца нераскрытым, пэўна, галоўнае пытанне: хто ж у гэтай казцы з’яўляецца станоўчым героем, пераможцам зла і збаўцам беларускага народа? Што тут хаваць, ніводзін з кандыдатаў не змог прапанаваць мне сумы, дастатковай для літаратурнага надання яму «геройскага» статусу. Сквапнасць пары тройкі мэнэджараў і старамодных піяршчыкаў аўтаматычна вызваліла паважанаму чытачу шырокае поле для фантазій і здагадак — настолькі шырокае, наколькі гэта мажліва цяпер. Ды й наогул, чаму вы думаеце, што гэта абавязкова мусіць быць нехта з кандыдатаў? Мажліва, гэта будзе давераная асоба, ці сакратар чаго-небудзь… а мажліва, рабочы з МТЗ, які здолее вырваць гучнагаварыльнік з рук састарэлага «партайгеносе»… Госпад вельмі часта абірае «нямудрых гэтага свету», каб засаромець «мудрых» і «вопытных».

Для мяне зразумела адно: хутчэй гэта будзе той, хто першым крыкне: «На штурм!», чым той, хто не спыняючыся будзе енчыць: «Ні ў якім выпадку не паддавайцеся на правакацыі!». Адкуль я ведаю? Сарока на хвасце прынесла…

Падзяліцца навіной: 
Алесь Кіркевіч

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З якога боку толькі не глядзелі на гэтыя выбары: і з эканамічнага, і з геапалітычнага, і з псіхафізіялагічнага, і з медыцынскага, а нехта, пэўна,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика