Героі Беларусі
17.12.2010 11:38
—
Разное
|
Сцяг 1-й слуцкага палка. Тагачасная прэса асвятляла хаду паўстання. Помнік случчакам пастаўлены ў Лютэнззэ (Баварыя) у 1948 г. паваеннымі эмігрантамі. Гісторык Уладзімір Ляхоўскі: Слуцкае паўстанне было арганізаваным супрацівам заможных гаспадароў. «НН»: 27 лістапада мы адзначалі Дзень герояў. Ён адзначаецца ў памяць пра Слуцкае паўстанне 1920 года. Слуцкі збройны чын — што гэта было? Крытыкі кажуць: звычайны сялянскі бунт. Чаму ён увайшоў у гісторыю Беларусі як такая значная падзея? УЛ: Гэта не бунт, не паўстанне люмпенаў. Гэта — арганізаваны супраціў заможных гаспадароў. Калі возьмем адрэзак часу перманентнай акупацыі тэрыторыі Беларусі, то ўбачым, што Слуцкі збройны чын быў не адзінай такой акцыяй, скіраванай супраць палітыкі бальшавікоў. Вяліжскае паўстанне 1918 года, паўстанне на Магілёўшчыне, на беларускай частцы Смаленшчыны, у Гарадку, Нясвіжы, Койданаве, Міры. У адрозненне ад іх, Слуцкі чын быў выразна афарбаваны ў нацыянальныя, бел-чырвона-белыя колеры.Гэта арганізаванае выступленне не супраць чагосьці, а за беларускую дзяржаўнасць, за вызваленне этнічнай беларускай тэрыторыі ад акупацыйных войскаў, правядзенне свабодных выбараў. У дадатак да ўсяго нацыянальны чыннік злучаўся з сацыяльным. А такіх выпадкаў у гісторыі было не так шмат. Усебеларускі з’езд у 1917 годзе, калі людзі, якія дакладна яшчэ не ўяўлялі што такое Беларусь, злучыліся вакол ідэі існавання беларускай дзяржаўнасці і прадэманстравалі палітычную салідарнасць з ідэямі нацыянальнага руху. Гэта таксама Курапаты 30 лістапада 1988 года, калі на мітынг ішоў натоўп, а вяртаўся народ. Паміж Польшчай і Расіяй «НН»: А чаму менавіта Случчына паўстала? УЛ: Па-першае, вынік гэтага выступлення — шматгадовая чыннасць беларускіх нацыянальных арганізацый на Случчыне. «Папараць-Кветка» ў Слуцку, «Зорка» ў Грозаве, «Кутнёўская навуковая грамада»...Таксама трэба сказаць аб тым, што аснову Слуцкай брыгады беларускага войска склала былая гарадская і земская народная міліцыя, якая была ўтворана яшчэ вясной 1917 г. Па-другое, склаліся спрыяльныя знешнія ўмовы. Паводле прэлімінарнага міру паміж Расіяй і Польшчай, гэтая тэрыторыя апынулася ў нейтральнай частцы. Слуцк яшчэ не быў заняты савецкімі войскамі, а польскія ўлады ўжо не кантралявалі сітуацыі ў горадзе. Беларускія дзеячы гэтым вырашылі скарыстацца. Па-трэцяе, Случчына падчас Першай сусветнай вайны не так пацярпела, як іншыя рэгіёны.Тут было толькі 4,7% уцекачоў, у той час як на Гарадзеншчыне гэтая лічба дасягала 50—60%. І нягледзячы ні на нямецкую, ні на польскую акупацыі, сялянскія гаспадаркі развіваліся. Калі прыйшлі бальшавікі, адразу пачалася харчразвёрстка: забіралі збожжа, скаціну… Пачалася татальная мабілізацыя (палякі ў войска з беларусаў бралі толькі добраахвотнікаў). Многія ўжо прайшлі франты Першай сусветнай. І іх зноў пачалі забіраць у войска. Сяляне на сабе адчулі, што гэта за савецкая «народная ўлада». Першы бой «НН»: Пачаткам выступленняў стаў бой 27 лістапада. УЛ: Савецкія гісторыкі пісалі, што не адбылося ніводнага стрэлу. Але гэта быў падман. Разам з Аляксандрай Гесь і Уладзімірам Міхнюком мы склалі зборнік «Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакументах і ўспамінах». На падставе савецкіх архіўных крыніц мы адлюстравалі гэты супраціў. Сапраўды, першы бой з «чырво¬нымі» адбыўся 27 лістапада недалёка ад Семежава. У гэтым баі палегла некалькі беларускіх стральцоў, у тым ліку геройскай смерцю паў малады гімназіст Піліп Валодзька. У далейшым дзеянні случчакоў мелі ў асноўным партызанскі характар. Мільён у дэзерцірах, мільён ловіць дэзерціраў «НН»: Чаму бальшавікі не знішчылі паўстанцаў у першыя дні? УЛ: З Польшчай была падпісана дамова, па якой бальшавікі абавязаліся не ўваходзіць у нейтральную паласу. І случчакі карысталіся гэтым. Яны праводзілі акцыю і сыходзілі ў нейтральную зону. Праўда, у канцы снежня — пачатку студзеня бальшавікі паразумеліся з палякамі: Чырвонай Арміі дазволілі правесці зачыстку гэтай тэрыторыі. Трэба адзначыць, што і армія бальшавікоў у той час была слаба арганізаванай. У войску былі хваляванні. Хадзіў такі анекдот. Чырвоная Армія — гэта тры мільёны вайскоўцаў. Адзін мільён ваюе, другі — у дэзерцірах, трэці — ловіць дэзерціраў. Армія была няўстойлівай. Бальшавікі адразу нават асцерагаліся адкрытых баёў — баяліся, што чырвонаармейцы пачнуць перабягаць да паўстанцаў. І такія выпадкі былі. Дэзерціры пераходзілі на бок случчакоў і змагаліся супраць камуністаў, за што сяляне іх бясплатна кармілі. «НН»: А супрацьлеглыя пераходы здараліся? УЛ: Вядомы толькі выпадак з адным з камандзіраў Слуцкага збройнага чыну, Паўлам Чайкам. Ён лічыў, што няма перспектыў змагацца і ўзброенае выступленне асуджана на паразу. Чайка вызваліў палоннага савецкага афіцэра, а той параіў здавацца ў абмен на захаванне жыцця. Як толькі ён здаўся, не прайшло і месяца, як Чайку расстралялі. Пераходзіў ён па ідэйных меркаваннях, а не таму, што быў здраднікам. Кіраўніцтва паўстанцаў не было маналітным «НН»: Кіраўніцтва паўстаннем не было па сваіх перакананнях маналітным. У чым былі галоўныя разыходжанні? УЛ: Частка не прыняла збройны супраціў савецкай уладзе. Іншыя хацелі, каб гэта была нейкая дэманстрацыя, што напалохае бальшавікоў, і тыя адмовяцца падпісваць Рыжскі мір. Але так не бывае. За свабоду трэба змагацца і праліваць кроў. Тады яшчэ былі ілюзіі наконт таго, што бальшавікі перагледзяць свае пазіцыі і будуць лаяльнымі ў нацыянальным пытанні да беларускай рэспублікі. Іншыя выступалі за супрацоўніцтва з палякамі, але былі ў меншасці і не мелі падтрымкі сярод сялян.Сяляне баяліся аднаўлення буйнога землеўладання польскіх абшарнікаў, якія арыентаваліся на далучэнне гэтай тэрыторыі да Польшчы. І, на жаль, не адбылося паразумення паміж рознымі групоўкамі. «НН»: Такі раскол сярод кіраўніцтва і прывёў да паразы? УЛ: Прычын шмат. Гэта быў сялянскі рух, які не злучаўся з заможным горадам, дзе мог атрымаць грошы і зброю. Не было міжнароднай падтрымкі. Гэтыя людзі былі нічыйнымі, як напісаў Андрэй Федарэнка (аповесць «Нічые»). Яны не атрымалі падтрымкі ні з боку Рады БНР, ні з боку кіраўніцтва беларускіх эсэраў у Мінску, ні з боку міжнароднай супольнасці. «НН»: Але палякам, відаць, было б на руку аддзяленне беларускай тэрыторыі ад Расіі? УЛ: У Пілсудскага была ідэя стварыць буфер, каб Польшча не межавала непасрэдна з бальшавікамі. Але большая частка польскай палітычнай эліты палічыла гэта нерэальным. Дмоўскі, лідар правых, прапаноўваў адмовіцца ад беларускай тэрыторыі, а мяжу правесці па той лініі, што пасля паўстала на перамовах у Рызе ў 1921 годзе. Адмовіцца зусім ад беларускіх зямель яны не маглі, бо атрымліваўся б глыбокі выступ на захад паміж усходняй Галіччынай, Валынню, якія ўжо адыходзілі да Польшчы, і Сярэдняй Літвой, якая таксама мусіла стаць польскай.І гэта ўяўлялася Польшчы стратэгічнай небяспекай. Гродзеншчына, Віленшчына і заходнія паветы Міншчыны павінны былі адысці да польскай дзяржавы. Далучэнне іншых беларускіх тэрыторый стварыла б значную праблему. Меркавалі ўзяць толькі тыя землі, якія разлічвалі асіміляваць за некалькі дзесяцігоддзяў. У беларускае войска ўступалі тысячы «НН»: Колькі чалавек налічвала войска паўстанцаў? УЛ: Калі быў кінуты кліч, што трэба ісці ў Семежава і ўступаць у беларускае войска, туды прыйшло ад сямі да дзесяці тысяч. Але не было зброі. І сфармавалі ўсяго два палкі. Калі б было адзінства ў кіраўніцтве, была зброя, то, як адзначаў Арсень Паўлюкевіч, былы старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта Случчыны, магло быць і да пяцідзесяці тысяч чалавек. «НН»: Узброенае выступленне прынесла нейкія вынікі ці толькі наклікала рэпрэсіі на жыхароў краю? УЛ: Для бальшавікоў гэта было навукай. Яны адразу памянялі эканамічную па літыку: адмовіліся ад харчразвёрсткі і перайшлі на цвёрды харчовы падатак.А для сямей, чые бацькі ці браты ўдзельнічалі ў чыне, прымяняліся рэпрэсіі: іх выселілі з Беларусі. Гэта некалькі соцень сем’яў. А на іх месца засялялі сем’і з Паволжжа, дзе быў тады страшэнны голад. Падзяліцца навіной:
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гісторык Уладзімір Ляхоўскі: Слуцкае паўстанне было арганізаваным супрацівам заможных гаспадароў.
|
|