Посткросінг – вандруй, не выходзячы з дому. 21.by

Посткросінг – вандруй, не выходзячы з дому

18.12.2012 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Марыя не змагла выбраць для інтэрв’ю любімую паштоўку і прынесла адразу ўсе.

Звычайная папяровая паштоўка можа падняць настрой на ўвесь дзень. У гэтым ўпэўненыя посткросеры – людзі, якія пасля працы спяшаюцца не праверыць электронную пошту, а зазірнуць у звычайную паштовую скрынку.

Такая з’ява, як посткросінг, ужо пяць гадоў крочыць па ўсёй планеце і аб’ядноўвае людзей незалежна ад нацыянальнасці, узросту і полу. Галоўная ўмова посткросінгу – любоў да папяровай пошты.

Як атрымаць паштоўку з Афрыкі?

Для таго, каб стаць сябрам посткросінгу, дастаткова зарэгістравацца на сайце www.postcrossing. com. Пасля посткросер-пачатковец можа атрымаць пяць адрасоў іншых посткросераў з любой краіны свету. Ім трэба даслаць свае паштоўкі, пазначыўшы спецыяльны код на кожнай з іх. Пасля атрымання чалавек з дапамогай гэтага коду рэгіструе вашу паштоўку і піша словы падзякі. Пасля таго, як першая картка зарэгістраваная, трэба крыху пачакаць – хутка паштоўка прыйдзе і ў вашу скрынку. 

Чытайце на гэту тэму:Вілейку можна адправіць па пошце

Посткросінг аб’ядноўвае 212 краін. Паштоўкі з Сінгапура, Ісландыі, Бразіліі ці Афрыкі – звычайная з’ява. Такі спосаб падарожнічаць, не выходзячы з дому, абіраюць і жыхары нашага рэгіёна. Карэспандэнт “РГ” сустрэлася з маладзечанскім посткросерам – Марыяй Цюрнер, якая працуе ў абласным краязнаўчым музеі.


“Атрымаць картку з горада, у якім некалі быў, – асаблівая радасць”

– Як пачалося ваша захапленне посткросінгам?

– Пра гэту з’яву мне расказала знаёмая, якая сама часта дасылае паштоўкі. Паколькі я заўсёды цікавілася ўсім, што звязанае з папяровай поштай, то адразу сама выйшла на сайт і зарэгістравалася.

Я пакуль не вельмі вопытны посткросер – займаюся перасылкай паштовак некалькі месяцаў. Ведаю, што ёсць заўзятыя калекцыянеры, у якіх ужо больш за дзве тысячы паштовак.

– А колькі картак у вашай калекцыі?

– Шчыра кажучы, я ніколі іх спецыяльна не лічыла. У маёй калекцыі ёсць і паштоўкі, атрыманыя праз посткросінг, і тыя, якія мне падарылі мама і бабуля. Усе яны савецкіх часоў, такіх цяпер ужо нідзе не знойдзеш.

Адназначна, што кожная з паштовак для мяне важная і ўнікальная. Вось вы папрасілі прынесці некалькі самых любімых, і я выбірала вельмі доўга. У выніку прынесла амаль усе.


– Напэўна, ёсць нейкая тэматыка паштовак, якая цікавіць вас больш за ўсё?

– Я люблю карткі з вядомымі будынкамі і незвычайнай архітэктурай. Столькі ўсяго цікавага існуе ў свеце, на свае вочы ўсё ніколі не пабачыш! Паштоўкі вельмі ў гэтым дапамагаюць.

Напрыклад, мне заўсёды вельмі хацелася пабачыць Кёльнскі сабор. Да Германіі я пакуль не даехала, але знайшла на сайце посткросінгу чалавека з гэтага горада, які даслаў паштоўку з выявай сабора.

– Ці бывала так, што праз посткросінг у вас узнікала цікавасць да пэўнай краіны?

– Кожная краіна па-свойму цікавая. Магу сказаць, што цікавасць абудзілася да мовы – цяпер я думаю аб тым, каб сур’ёзна заняцца польскай. Я вельмі люблю Польшчу, сама некалі была ў гэтай краіне. Цяпер спрабую сабраць калекцыю паштовак з усіх польскіх гарадоў.

Гэта непаўторныя адчуванні, калі ты атрымліваеш паштоўку з выявай горада, у якім сам некалі быў. Вось, напрыклад, выява Замкавай плошчы ў Варшаве. Калісьці я сама шпацыравала па ёй, і гэтая картка для мяне вельмі асаблівая.

– Дзе вы захоўваеце свае паштоўкі?

– Цяпер, пакуль іх не так шмат, яны ляжаць у каробцы з-пад абутку. Я вельмі люблю іх перабіраць і перачытваць. Ведаю, што людзі па-рознаму выкарыстоўваюць паштоўкі: напрыклад, збіраюць у альбомы ці вешаюць на сцены. Магчыма, калі мая калекцыя стане большай, я таксама што-небудзь такое буду рабіць.

– Захапленне паштоўкамі можна назваць заразлівым?

– Дакладна! Ведаю, што некалькі маіх знаёмых таксама пачалі дасылаць карткі пасля таго, як пачулі пра посткросінг ад мяне.


“Хацелася б, каб на пошце лепш ведалі маркі”

– Ці можна назваць посткросінг дарагім захапленнем?

– У нечым сапраўды так. Адна паштоўка звычайна каштуе каля дзвюх тысяч рублёў. Марка для авіяперасылкі – чатыры з паловай тысячы рублёў, наземнай поштай – дзве з паловай. Я дасылаю часам 5-10 паштовак на тыдзень. Усё разам не так танна атрымліваецца.

– Як працуе мясцовая пошта? Ці не ўзнікае з ёй праблем?

– Ведаеце, пошта ў Маладзечне аператыўная і не губляе лісты і паштоўкі. Прынамсі, у мяне такога не было. Мне ёсць з чым параўноўваць: пэўны час я жыла ў Мінску, там карткі часам губляліся.

Але ёсць праблема ў тым, што супрацоўнікі пошты часта не ведаюць марачнай прадукцыі. На ліст у канверце і на картку трэба клеіць розныя маркі. Таксама розныя маркі клеяцца пры перасылцы наземным і паветраным транспартам. Вядома, кошты таксама розныя. Часам на пошце гэтага не ведаюць, і мне самой даводзіцца тлумачыць. А бывала, што мне даказвалі адваротнае і нават спрачаліся! Абурае, калі такое адбываецца на галоўнай пошце горада.

Чытайце на гэту тэму: Калі вы апошні раз дасылалі што-небудзь па звычайнай пошце?

– Якія паштоўкі вы звычайна дасылаеце з Беларусі?

– Не магу сказаць, што выбар  паштовак у нас вялікі. Калі параўноўваю з тым, што дасылаюць з іншых краін, то бачу, што нам не хапае арыгінальных, незвычайных паштовак. У нечым ратуюць сацыяльныя сеткі – праз іх можна замовіць цікавыя аўтарскія паштоўкі. Часам раблю карткі сама. Звычайна гэта калажы з фотаздымкаў.


– Для таго, каб быць на сувязі з цэлай планетай, трэба валодаць замежнымі мовамі. Веданне хаця б англійскай – абавязковая ўмова для посткросера?

– Не думаю. У мяне ёсць знаёмая, якая дасылае паштоўкі, не ведаючы англійскай мовы. Для таго, каб прачытаць надпісы на паштоўках, карыстаецца электроннымі перакладчыкамі. І сама невялікія тэксты піша з іх дапамогай. Але, вядома, посткросінг дапамагае вывучаць мовы і захоўваць  тыя веды, якія ўжо ёсць. Мне, напрыклад, сустракаліся людзі з іншых краін, якія вывучаюць рускую мову. Яны спрабуюць на ёй пісаць, для іх гэта таксама добрая практыка.

– Карыстанне папяровай поштай для некага можа выглядаць старамодным. Ці сутыкаліся вы з такім пунктам гледжання ў сваім жыцці?

– Магу сказаць, што не ўсе мае знаёмыя разумеюць такое захапленне. Але кожнаму сваё – нехта гадзінамі можа гуляць у камп’ютарныя гульні, нехта слухае музыку ці ходзіць у спартзалу. Мне ж задавальненне прыносіць падпісванне паштовак.

Аляксандра ПАРАХНЯ.

Фота Аляксандры ПАРАХНІ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Звычайная папяровая паштоўка можа падняць настрой на ўвесь дзень. У гэтым ўпэўненыя посткросеры – людзі, якія пасля працы спяшаюцца не праверыць электронную...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика