Як паны Свентаржэцкія палявалі ў Сібіры. 21.by

Як паны Свентаржэцкія палявалі ў Сібіры

21.01.2013 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Аматары палявання Фёдар Семашкевіч (злева) разам са сваім бацькам Ігнатам.

Наведаўшы жыхара вёскі Лебедзева Фёдара Ігнатавіча Семашкевіча, паляўнічага з больш як паўвекавым стажам, у чарговы раз я з задавальненнем слухаў цікавую гісторыю.

Падзеі, аб якіх ён паведаміў, адбыліся напярэдадні Першай сусветнай вайны. Заўзятыя паляўнічыя, родныя браты Баляслаў і Караль Свентаржэцкія, вырашылі папаляваць на мядзведзя. Праўда, у той час, прыкладна 1912-1913 год, у тутэйшых лясах мядзведзь быў рэдкасцю.

Як вырашылі паехаць у Сібір

У адной з расійскіх газет Баляслаў прачытаў аб’яву аб магчымасці папаляваць на мядзведзя ў Сібіры. Ён прапанаваў брату арганізаваць падарожжа ў далёкую Сібір.
Караль трохі падумаў і падтрымаў прапанову Баляслава. Было вырашана, што ў канцы лета разам з егерам Савіцкім яны адпраўляюцца на паляванне ў Сібір.

Адносіны між братамі

Паны Свентаржэцкія жылі непадалёк, адзін меў маёнтак у Маліноўшчыне, другі – у Яхімоўшчыне. Як у аднаго,  так і ў другога былі бровары. Гаспадаркі прыносілі нядрэнны прыбытак, і яны мелі шмат грошай.

У іх сем’ях таксама быў лад. Аднак трэба адзначыць, што ў жыцці браты Свентаржэцкія не вельмі добра ладзілі і рэдка наведвалі адзін аднаго. Часта спрэчкі ўзнікалі на пустым месцы з-за дробязяў, і гэта выклікала ўзаемную непрыязь.

Прадметам спрэчак было адно пытанне: хто лепшы гаспадар, а значыць, і першы ў агульнай справе? Такімі былі іх стасункі адносна ўсіх пытанняў гаспадарчага жыцця і быту. Калі ж справа датычылася палявання, то тут яны былі аднадумцамі  і ўсе крыўды адыходзілі на другі план...

Будуць грошы – знойдзем мядзведзяў

Дарога ў далёкую Сібір і паляванне занялі больш за месяц. Пакуль збіраліся і ехалі да месца прызначэння, туды прыйшла зіма. Сустрэўшы  гасцей з Віленскай губерні, мясцовы егер ім заявіў:

– Не хвалюйцеся! Плаціце! Будуць грошы – будуць і мядзведзі!

Здзіўленыя Свентаржэцкія парыравалі егеру:

– Цяпер зіма, і мядзведзі спяць у бярлогах.

На заўвагу егер паўтарыў раней сказанае:

– Плаціце грошы, а мы іх разбудзім!

Дзелавы выгляд і ўпэўненасць егера выклікалі давер.

Пасля адпачынку гасцей, на трэці дзень знаходжання Свентаржэцкіх на месцы палявання, дасведчаны егер і яго памочнікі заўзята ўзяліся за справу. Тым не менш справа з самага пачатку не заладзілася, пайшла не па задуманым сцэнарыі. Спачатку, доўга блукаючы, шукалі патрэбнага мядзведзя. Потым няўдала яго будзілі…

Баляслаў, Караль і іх егер Савіцкі занялі ”баявыя” пазіцыі і чакалі “наступлення” мядзведзя. Савіцкі, паводле ўспамінаў старажылаў, меў добрае вока і метка страляў “наўскідку”, не цэлячыся. Знаходзячыся ў засадзе, Баляслаў і Караль былі побач. На іх погляд, такая звязка  ўзмацняла шчыльнасць агню. Савіцкі засеў воддаль на пагорку.

Мядзведзь на плячы

Тым часам разбуджаны мядзведзь прыйшоў з тылу, адкуль яго не чакалі, на пах людзей. Мядзведзь, напэўна, яшчэ не паспеў як трэба заснуць, добра арыентаваўся на мясцовасці і разумеў сваім мядзведжым розумам, хто вінаваты ў яго турботах.

Калі пан Караль заняў пазіцыю, яму прыходзілі ў галаву думкі, што паляванне горш за няволю, бо трэба часамі ў мароз або ў слоту быць у засадзе, сядзець у сцюжу па пояс у снезе, як раптоўна наступіла кульмінацыя іх палявання і яе развязка.

Яшчэ хвіліна – і раз’юшаны мядзведзь задраў бы іх абодвух. Баляслаў, адчуўшы са спіны шорах, не паспеў нават слова вымавіць, каб папярэдзіць брата аб небяспецы, не кажучы ўжо пра змену пазіцыі, як грымнуў стрэл егера Савіцкага.

Мядзведзь, усё роўна як яго ветліва папрасілі сесці побач з братамі, сеў назад, а потым заваліўся на бок да пляча пана Караля. Якое было ў яго адчуванне, маючы такога суседа, здагадацца не цяжка. Са слоў Баляслава, яны спачатку не паспелі нават да канца зразумець, што здарылася.

Атрымаўшы добры зарад настрою, узяўшы ў якасці трафея шкуру забітага мядзведзя, паляўнічыя заспяшаліся дадому. На прапанову егера:  “Паспрабуем яшчэ раз! Сібір вялікая, мядзведзяў шмат!” – браты ветліва адмовіліся, спасылаючыся на вялікую колькасць дамашніх спраў і далёкую дарогу дадому. Добра заплаціўшы за абслугоўванне, пражыванне і начлег, Караль адправіўся ў Яхімоўшчыну, а Баляслаў і яго егер Савіцкі – у Маліноўшчыну.

Прыехаўшы ў свой маёнтак, Баляслаў у знак падзякі за выратаванае яму  жыццё падарыў Савіцкаму вялікі кавалак зямлі. Нягледзячы на прыгоды ў Сібіры, паляванне для братоў Свентаржэцкіх заставалася любімай справай да канца іх жыцця.


Запісаў Антон АПАНАСЕВІЧ, вёска Лебедзева.

Фота забяспечана Фёдарам СЕМАШКЕВІЧАМ. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наведаўшы жыхара вёскі Лебедзева Фёдара Ігнатавіча Семашкевіча, паляўнічага з больш як паўвекавым стажам, у чарговы раз я з задавальненнем слухаў цікавую...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика