Нашу зямлячку, якая вынайшла станік, ушануюць у Валожыне
21.03.2013
—
Разное
|
Ураджэнка Валожыншчыны Іда Разенталь у 1930-х гадах адкрыла ў ЗША прадпрыемства па вытворчасці станікаў. У горадзе з’явіцца новае месца для адпачынку і гістарычнага турызму. Завулак Паўночны ўпрыгожыць скульптурная кампазіцыя, прысвечаная вынаходніцы бюстгальтара Ідзе Разенталь. Ініцыятыва належыць творчай майстэрні “Іслач”. Мастакі гатовыя ўзяцца за працу, як толькі з’явяцца неабходныя сродкі. Гарсэты сталі невыноснымі – Асоба нашай зямлячкі цяпер добра вядомая прынамсі жыхарам рэгіёна, – кажа Алесь Белы. – Іда Разенталь у пэўным коле вядомая ва ўсім свеце, таму і ў Беларусі, адкуль яна родам, пра яе не варта забываць. Іда Кагановіч нарадзілася 9 студзеня 1886 года ў Ракаве ў яўрэйскай сям’і. Дзяўчынка была старэйшай з сямі дзяцей. У 16 гадоў паехала ў Варшаву, дзе пачала працаваць швачкай. Пасля пераезду ў ЗША Іда ўладкавалася ў атэлье. Скаргі кліентак на нязручныя гарсэты прывялі да таго, што швачка ўзялася за стварэнне камфортнай жаночай бялізны. Да гэтага першыя станікі ўжо атрымалі патэнты ў іншых краінах: у 1889 годзе – у Францыі, у 1991 – у Германіі, а ў 1914 – у ЗША. Але яны былі зусім не падобныя да сучасных. Менавіта дапрацоўкі Іды Разенталь зрабілі бюстгальтары больш зручнымі: яна запатэнтавала розныя памеры чашачак і шлейкі, што далі магчымасць рэгуляваць іх даўжыню. – У тыя часы станік не быў прадметам публічнага абмеркавання, – заўважае спадар Алесь. – Магчыма, таму пра вынаходніцтва ў нас не было так шырока вядома. Іда Разенталь – з Беларусі! Пра знакамітую зямлячку на Валожыншчыне пакуль нічога не нагадвае. Многія яе сваякі былі знішчаныя падчас войнаў. Тыя, хто выжыў, выехалі за мяжу. Шмат у якіх крыніцах вынаходніцу называюць “эмігранткай з Расіі”. – У нас ёсць помнік, прысвечаны ахвярам халакосту, – дзеліцца назіраннямі Алесь Белы. – Але хацелася б яшчэ, каб былі і жыццярадасныя скульптуры. Гэта ўвогуле характэрна для ўсёй Беларусі: яўрэйская культура ў манументальным мастацтве больш звязаная з трагічнымі падзеямі. Вядома, на іх забывацца нельга. Але ж ёсць і пазітыўныя рэчы, звязаныя з яўрэйскім народам. Наш помнік павінен пра гэта нагадаць. Два гады таму нашчадкі Іды Разенталь наведвалі Ракаў. Многія з іх цяпер жывуць у Ізраілі і ЗША. Помнік з крышталёвымі элементамі асвеціць вуліцу Макет помніка ўжо распрацаваны. Але яго маштабнасць залежыць толькі ад таго, якую суму грошай атрымаецца назбіраць. – Калі б мы здолелі назбіраць каля 30-35 тысяч даляраў, то зрабілі б сапраўдную “цукерачку”, – кажа Віталь Рубцоў, заснавальнік ракаўскай творчай майстэрні “Іслач”. – Падрыхтавалі б не толькі помнік, але і тэрыторыю вакол яго – дарогі і лаўкі, каб тут можна было добра правесці час і самім валожынцам, і турыстам. Мы плануем збіраць грошы недзе да мая. Спадзяёмся прыцягнуць як мага больш неабыякавых людзей і арганізацый. І ўжо летам будзем вырашаць, што можна рабіць за атрыманую суму. Скульптурная кампазіцыя ў выглядзе ліхтара будзе зробленая з бронзы і чорнага жалеза, будзе мець крыштальныя элементы. Ліхтар упрыгожаць дзве адмысловыя чашачкі, якія будуць нагадваць пра вынаходніцтва Іды Разенталь. Недасведчанаму чалавеку скульптура не будзе зразумелая да канца – давядзецца пачытаць шыльду ля помніка. – Мы не баімся ўжываць крыштальныя элементы, – кажа спадар Віталь. – Не думаю, што ў некага падымецца рука іх пашкодзіць. Тым больш, гэта недалёка ад нашай майстэрні, тут заўсёды шмат людзей ходзіць. Як нараджаўся сучасны станік: стагоддзе за стагоддзем Самы першы від бюстгальтара ўзнік яшчэ ў Старажытным Егіпце. Егіпцянкі насілі на грудзях шырокія палоскі з ільняной тканіны. Рымлянкі аддавалі перавагу скураным палоскам. Эпоха Сярэднявечча ўнесла свае карэктывы: у моду ўвайшлі вузкія гарсэты, металічная аснова якіх падтрымлівала грудзі. Асабліва складана было на той час іспанкам: мода дыктавала правілы на плоскае жаночае цела. Дзяўчынкі з ранняга ўзросту насілі спецыяльныя свінцовыя пласціны, якія не давалі грудзям расці. У канцы 19 стагоддзя дактары пачалі дбаць пра жаночую гігіену і аб’явілі сапраўдную вайну гарсэтам. Нязручнае адзенне не давала правільна развівацца грудзям і нават унутраным органам. Гэтую ідэю адразу падхапілі феміністкі, якія змагаліся за раўнапраўе жанчын і мужчын у грамадстве. У той жа час узніклі сучасныя станікі. Францужанка Эрмінэ Кадоль прымацавала да палоскі тканіны лямкі, якія дапамагалі бюстгальтару трымацца на плячах. Новы прадмет гардэроба доўга не меў папулярнасці. Новыя элементы ў распрацоўку станіка ўнесла і наша зямлячка Іда Разенталь. Да таго ж яна стала вынаходніцай спецыяльнага бюстгальтара для кормячых мам, які расшпільваецца спераду. У другой палове 20 стагоддзя станік стаў незаменным элементам жаночага гардэроба. Аляксандра ПАРАХНЯ. Фотаf5.ru,brand-in-trend.ru, minchanka.by. Чытайце таксама: 19.03.2013. 3.03.2013. 21.02.2013. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У горадзе з’явіцца новае месца для адпачынку і гістарычнага турызму. Завулак Паўночны ўпрыгожыць скульптурная кампазіцыя, прысвечаная вынаходніцы бюстгальтара...
|
|