Прыгажосць, якая аберагае. 21.by

Прыгажосць, якая аберагае

28.05.2013 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На Салігоршчыне адрадзілі ткацтва паясоў, якія ахоўваюць мужчын ад непрыемнасцяў

Перад тым як выйсці замуж, дзяўчына павінна была саткаць некалькі дзясяткаў маляўнічых паясоў. Імі яна задобрывала тых, хто спыняў на вуліцы вясельны картэж. Але галоўнае — з павагай і пажаданнем шчасця нявеста адорвала паясамі сваякоў свайго мужа. Лічылася, што такі пояс аберагае чалавека ад цёмных сіл, іншых непрыемнасцяў. Падпяразваліся імі ў асноўным мужчыны...

Дырэктар Осаўскага Дома культуры Салігорскага раёна Валянціна Цяляк пра мясцовыя паясы можа расказваць доўга, цікава. Аказваецца, імі на доўгае і шчаслівае жыццё бабкі-павітухі спавівалі нованароджаных. Кош з зернем сейбіт за шыю таксама чапляў на прыгожым поясе, кіраваў канём ён такімі ж рознакаляровымі лейцамі. Слухаеш і пачынаеш верыць, што гэтыя старанна вытканыя паясы сапраўды аберагалі мужчын. І нічога дзіўнага ў тым няма. Чалавек, падпяразаны такой прыгажосцю, ды яшчэ ў вышыванай кашулі, не можа не выклікаць павагі. А на ахайных, дастойных людзей мала ў каго рука падымецца. Калі ж мужчына расперазаўся — тут ужо, як вядома, чакай непрыемнасцяў...

Валянціна Яфімаўна паказвае крыху выцвілы, арыгінальнай расфарбоўкі пояс, вытканы яшчэ ў XVII стагоддзі. Над Палессем праносіліся разбуральныя войны, людзі ратаваліся ад гібельных паводак, пажараў. Але пояс захоўвалі, перадавалі з пакалення ў пакаленне як найкаштоўнейшы талісман, сапраўдны абярэг. Сёння гэтая рэліквія знаходзіцца ў вясковым музеі ткацтва паясоў. Побач з амаль што паўсотняй падобных экспанатаў.

Вёска Осава — глыбінка, да райцэнтра — 65 кіламетраў. Але і тут вельмі рэдкае майстэрства вырабу ўнікальных паясоў было амаль што страчана. Жанчына за ткацкім станком, якая старанна лічыла ніткі, ніяк не ўпісвалася ў маштабнасць задум і здзяйсненняў савецкай улады. Ткаць павінны механізаваныя станкі на фабрыках, шмат і хутка... І калі ў гэтым палескім куточку ўспомнілі пра традыцыйную народную творчасць, аказалася, што валодае ёю толькі палявод Паліна Ільюшчыц.

Паліна Навумаўна адразу замахала рукамі. Што вы! Мае пальцы ўжо не адчуваюць ніткі, шмат што забылася... Патлумачылі: акрамя яе ніхто не зможа адрадзіць мясцовы пояс-абярэг... Запрасілі мясцовых дзяўчат, стварылі пры Доме культуры гурток народнай творчасці “Спадчына”. Жанчына ўзгадвала напаўзабытыя сакрэты ткацтва, узоры, сама эксперыментавала, фантазіравала. Разам з дзяўчатамі займалася і Валянціна Цяляк. Справа ладзілася, выяўляліся, пэўна, гены — маці, бабуля Валянціны Яфімаўны калісьці таксама былі ўмелымі ткачыхамі. Палескіх майстрых пачалі запрашаць на раённыя, абласныя выставы, конкурсы. І ніводнага разу яны не заставаліся без дыпломаў, каштоўных падарункаў. Летась Паліне Ільюшчыц было прысвоена званне народнага майстра Беларусі. А ў музеі з’явіліся новыя паясы.

Але Паліне Навумаўне ўжо пад дзевяноста. І кіраваць гуртком пачала Валянціна Цяляк. З васьмі дзяўчат асабліва стараецца Вікторыя Ільюшчыц, праўнучка Паліны Навумаўны. Напрыклад, ва Уздзе на III рэгіянальным свяце-конкурсе майстроў вышыўкі і пляцення паясоў “Умельцы” вытканы Вікторыяй пояс адзначаны дыпломам як лепшы. Лаўрэатам конкурсу ў гэтай жа намінацыі стала і Валянціна Яфімаўна. На прэстыжным спаборніцтве настаўніца і вучаніца прадэманстравалі даволі рэдкі, складаны, але эфектыўны спосаб вырабу пояса “на ніту”. Такое ткацтва, гавораць спецыялісты, характэрна толькі для Салігорскага раёна...

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На Салігоршчыне адрадзілі ткацтва паясоў, якія ахоўваюць мужчын ад непрыемнасцяў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика