У госці да Соф’і Гальшанскай
27.08.2013
—
Разное
|
Фестываль сярэднявечнай культуры ў Гальшанах Ашмянскага раёна набывае міжнароднае гучанне Ля сцен Гальшанскага замка сёлета было шматлюдна як ніколі. Рыцары-вершнікі, народныя майстры і... нават каралі! Аматараў аўтэнтычнай музыкі, рыцарскіх турніраў, тэатралізаваных прадстаўленняў, народных рамёстваў і атмасферы сярэднявечнай культуры фестываль на гэты раз сабраў з розных куткоў не толькі Беларусі. Традыцыйны фестываль “Гальшанскі замак” сёлета прайшоў у рамках праекта “Два бакі — адна гісторыя і культура” Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія — Літва — Беларусь. Гасцямі фестывалю сталі каля васьмідзесяці народных майстроў, паэтаў і артыстаў мастацкай самадзейнасці з Літвы. Больш за пяць стагоддзяў сумеснай гісторыі беларусаў і літоўцаў забыць немагчыма. Пра былыя часы магутнасці Вялікага Княства Літоўскага нагадваюць і падручнікі гісторыі, і рознага кшталту артэфакты ў музеях, і замкі з сядзібамі, якія ў той ці іншай ступені захаваліся да сённяшняга дня ў Беларусі і Літве. — Народным мастацтвам, у прыватнасці, выцінанкай, займаюся каля дваццаці гадоў, часта ўдзельнічаю ў фестывалях і кірмашах Літвы. А вось на падобнае свята ў Беларусь прыязджаю ўпершыню як партнёр беларуска-літоўскага праекта, — расказала народны майстар з Вільнюскага раёна Ада Германавічэне, якую сустрэла ля сцен замка. — Насамрэч я вельмі прыемна здзіўлена і ўражана. Не чакала, што культура і гісторыя славян і балтаў могуць мець столькі агульнага. Узяць, да прыкладу, выцінанку. Вельмі падобныя ўзоры. Але і асаблівасці ў кожнага свае ёсць. У беларусаў — больш масіўныя працы, у нас — больш каляровыя. Вельмі прыемная і сяброўская атмасфера на фестывалі. Падабаецца, што бацькі прыязджаюць з дзецьмі, шмат моладзі. І ніякага алкаголю. Людзі прыехалі адпачываць КУЛЬТУРНА. А магчымасцяў цікава і культурна адпачыць на фестывалі насамрэч было дастаткова. Сфатаграфавацца з Соф’яй Гальшанскай і іншымі гістарычнымі персанажамі ля сцен замка, стаць удзельнікам неверагоднага тэатралізаванага прадстаўлення з удзелам музычных гуртоў “Літы талер”, Altanka, “Яварына” і іншых, паспрабаваць сябе ў сярэднявечных танцах, пагартаць сумесна з літоўцамі выдадзеныя зборнік паэзіі і даведнік “Гістарычны маршрут па Ашмянскім узвышшы”, убачыць рыцараў на конях, правесці арыгінальную фотасесію ля сцен замка, пакаштаваць беларускіх пернікаў ці набыць на памяць цікавы самаробны сувенір, выкананы ў лепшых беларускіх традыцыях. — А гэта што? — пытаюся ў маладзечанскага бондара Аляксандра Странкоўскага, які выставіў у Горадзе майстроў свае бочкі, кадушкі, вінныя наборы, піўныя кружкі і іншае. — Унікальная рэч! — не без гонару тлумачыць майстар. — Беларускі кумган. Сёння яго можна сустрэць толькі ў музеях. Я пра яго вычытаў у адной старажытнай кнізе. Кумган выраблены з дубу. Вось гэтыя бочкі для мёду — з ліпы, для салення грыбоў — з ясеню, для лазні — з ядлоўцу. Апошнім часам попыт на такія рэчы расце. Асабліва сярод тых, хто клапоціцца пра сваё здароўе і хоча захаваць натуральны смак прадуктаў. Па ўнікальныя “разыначкі” на фестываль у Гальшаны прыехалі не толькі з суседняй Літвы, да якой з Ашмян — рукой падаць, але нават з Сібіры! Міхаіл Гайдукевіч з жонкай пераадолелі шэсць тысяч кіламетраў на аўтамабілі, каб адведаць сястру ў Смаргоні і бліжэй пазнаёміцца з культурай Беларусі. — Паказваем родным лепшыя здабыткі беларускай культуры, — расказвае сястра Міхаіла Таццяна Павук. — Былі на Кургане Славы, Лініі Сталіна, ездзілі да святой крыніцы ў вёску Лоск Валожынскага раёна. Днямі прачыталі ў інтэрнэце пра Гальшанскі фестываль — і адразу сюды. — У Іркуцкай вобласці, дзе зараз жыву, нічога падобнага не праводзіцца, — прызнаецца Міхаіл Гайдукевіч. — А тут рыцары, коні, каралі з каралевамі ў шыкоўных гістарычных касцюмах, з якімі можна сфатаграфавацца. Вельмі цікава. І шэсць тысяч кіламетраў праехаць не шкада, каб такое ўбачыць! Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Фестываль сярэднявечнай культуры ў Гальшанах Ашмянскага раёна набывае міжнароднае гучанне
|
|