"З гораду ў сяло". У Магілёве беспрацоўным прапануюць пераехаць у вёску дзеля працы. 21.by

"З гораду ў сяло". У Магілёве беспрацоўным прапануюць пераехаць у вёску дзеля працы

20.06.2017 12:16 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Упраўленне працы, занятасці і сацыяльнай абароны Магілёўскага гарвыканкаму распачало праграму «Тыдзень перасялення». Беспрацоўным, якія маюць запатрабаваныя ў сельскай мясцовасці прафесіі, прапануюць перабрацца ў вёскі. Абяцаюць выплаціць пад’ёмныя, гарантуюць жытло і занятак. Тыя хто наважыцца «іміграваць» на сяло, страцяць гарадскую прапіску.


Ілюстрацыйнае фота

Дысбаланс між тым, што прапануецца праграмай, і тым, чаго хочуць людзі

У службе занятасці кажуць, што ахвотныя пераехаць на сяло ёсць, аднак, не з тымі прафесіямі, якія прадугледжвае праграма перасялення. У гутарцы з карэспандэнтам «Радыё Свабода» адна з супрацоўніц адзначыла, што калгасам патрэбныя ветэрынары, заатэхнікі, аграномы, бухгалтары.


Уваход у магілёўскую службу занятасці. Ля яе нешматлюдна

«Людзі з такімі спецыяльнасцямі да нас практычна не звяртаюцца, — сказала суразмоўца. — Прыходзяць тыя грамадзяне, што гатовыя працаваць даглядчыкамі жывёлы, даяркамі, пастухамі, а такіх вакансіяў у нас няма. Таму выходзіць дысбаланс між тым, што прапануецца праграмай, і тым, што хочуць людзі».

«З Магілёва не так шмат ахвотных пераехаць, — кажа далей супрацоўніца ўпраўлення, — бо, калі перасяляюцца па праграме, то гараджане страчваюць гарадскую прапіску. Іх рэгіструюць па месцы новага жыхарства».

Тым, хто наважыцца пераехаць у сельскую мясцовасць, абяцаюць жытло ды матэрыяльную дапамогу ў 9 бюджэтаў пражытковага мінімуму — гэта 1654 рублі.

«Працы знайсьці не магу. Жыву на матчыну пэнсію»

Знайсці ахвотнікаў кінуць Магілёў дзеля жыцця на вёсцы не ўдалося. Беспрацоўныя гараджане ўпарта трымаліся думкі, што ля свайго гарадскога кута найлепей. Іх не спакушае сума пад’ёмных у 880 даляраў.

Некаторыя з суразмоўцаў казалі, што і ў калгасах ідзе скарачэнне, ад якога не застрахаваны ні аграном, ні жывёлавод.

«Я цэлую зіму працаваў у Клімавіцкім раёне ў вясковай кацельні. Працаваў без выхадных за 260 рублёў у месяц. Скончыўся ацяпляльны сезон — і застаўся без заробку», — апавядае сваю гісторыю беспрацоўя адзін з наведнікаў службы занятасці.

«Хацеў быў уладкавацца ў тамтэйшы саўгас трактарыстам, бо правы ёсць, — працягваў ён далей. — Ды дырэктар мне сказаў, што яму трэба скараціць 70 чалавек. І на гэтым гутарку скончыў. Цяпер, выходзіць, і ў калгасах нельга ўладкавацца. І там людзі, як у горадзе, туляюцца бяз працы».


Каб атрымаць дапамогу па беспрацоўі, трэба збіраць другасную сыравіну

Апошнія два месяцы суразмоўца жыве з пенсіі 78-гадовай маці. У горад прыехаў са спадзевам, што ў службе занятасці дапамогуць, аднак пакуль чаканні не спраўджваюцца.

«Мяне ўжо шмат куды пасылалі. Усюды вакансіяў няма. Яны нібыта і ёсць, а як прыйдзеш, ужо і няма. Каму за пяцьдзясят, уладкавацца немагчыма. А яшчэ пенсійны ўзрост падвысілі, — разважае суразмоўца. — У мяне шосты разрад слесара. Далі накіраванне на металургічны завод. Прыйшоў, а ў мяне ціск падскочыў (ніколі такога не было), і мяне адразу забракавалі».

Суразмоўца не раз выяжджаў у Расію. Апошняя паездка, адзначыў ён, запомніцца надоўга, бо ледзь вярнуўся на радзіму:

«Фірма, якая нам абяцала няблага заплаціць, развалілася. І замест 30 тысяч расейскіх рублёў нам выдалі па тысячы».

Скарачаюць работнікаў перадпенсійнага веку

Яшчэ аднаму суразмоўцу 59 гадоў. Ён гатовы на любую працу, але і яе няма. Кажа, што рабіў слесарам у аўтасэрвісе.

«Новае начальства вырашыла скараціць работнікаў пэнсійнага веку, і ўсіх старых пазвальнялі. За нас ніхто не заступіўся, — падзяліўся ён. — Цяпер на старасці год хаджу, каб уладкавацца хоць куды і дапрацаваць да пенсіі».

Мужчыну прапаноўвалі варыянт з пераездам на сяло, але ён не пагадзіўся.

«Я сам з сельскай мясцовасці калісці зьехаў. Навошта мне туды вяртацца? У мяне тут унукі, дзеці, сям’я. А там што мне дадуць?»

Той жа думкі трымаўся і наступны суразмоўца. Калі б прапаноўвалі працу ў вёсцы пад Магілёвам, то, можа, і падумаў бы, адзначыў ён.


У службу занятасці на ровары

«А як далёка адправяць, дык на каго я сваю гаспадарку пакіну?» — разважаў беспрацоўны.

«Мне, як раней, быў да пэнсіі год, а цяпер выходзіць два з паловай. Шукаю магчымасць уладкавацца кіроўцам, але вакансіяў няма, — казаў далей мужчына. — Цяпер жа наагул з працаю туга. У службе занятасці стаю на ўліку чатыры месяцы. На старым месцы працы не падоўжылі са мною кантракт, бо ў арганізацыі не было замоваў. Цяпер куды ні пайду — не бяруць. Каб маладзейшы, кажуць».

Гісторыя наступнага беспрацоўнага таксама тыповая. Не знайшоўшы занятку на радзіме, ён выправіўся ў Расію:

«Працу тут я не магу знайсці некалькі гадоў. Ганялі мяне ў Магілёве па прадпрыемствах, але ўсюды мяне вярталі назад. А жыць за што? Тры дыпломы ў мяне, а толку з іх. Таму наважыўся паехаць у Расію, — казаў беспрацоўны. — Пакуль там быў, зьнялі з уліку службы занятасці. Цяпер кажуць, што паставяць толькі на наступны год. І зноў безграшоўе. Я ж неблагі фасаднік».

«А на вёсцы што я буду рабіць? — пасля паўзы працягнуў суразмоўца. — Там ужо даўно нічога не будуюць. А кароў даіць я не збіраюся».

Партрэт беспрацоўнага: 40−45 гадовы мужчына з сярэдняй адукацыяй

Ва ўпраўленні занятасці адзначаюць, што асноўная маса беспрацоўных — мужчыны 40−45 гадоў.

«Такіх больш за 60 працэнтаў з сярэдняй спецыяльнай і сярэдняй тэхнічнай адукацыяй. Сярод іх траціна тых, якія працяглы час не працавалі, таму і знайсці работу не могуць, — патлумачыла сытуацыю з беспрацоўем спецыялістка ўпраўлення. — А вакансіяў рознарабочых няшмат. Тыя, хто вярнуўся з Расіі, згаджаюцца на любую працу. Прычына вяртання вымушаная: сямейныя абставіны, хвароба блізкіх. Некаторыя пабойваюцца трэцяга дэкрэту. Многія, стаўшы на ўлік, спадзяюцца, што за іх нехта знойдзе працу».


Пакуль мужчыны шукаюць працу, жанчыны працуюць на ўпарадкаванні гораду

Паводле суразмоўцы, сітуацыя на рынку працы нестабільная. Улетку назіраецца часовае зацішша, увосень — абвастрэнне.

Сярэдні заробак на Магілёўшчыне сёлета ў красавіку склаў 652 рублі. У жывёлагадоўлі - 491 рубель. У раслінаводстве, паводле звестак галоўнага статыстычнага ўпраўлення вобласці, 499 рублёў.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Абяцаюць выплаціць пад'ёмныя, гарантуюць жытло і занятак. Тыя хто наважыцца "іміграваць" на сяло, страцяць гарадскую прапіску. Але жадаючых пакуль няшмат.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика