Далучыліся да гісторыі меліярацыі. 21.by

Далучыліся да гісторыі меліярацыі

19.03.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Нядаўна з ініцыятывы старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталлі Урбан і старшыні раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Тамары Барысюк адбылася экскурсія ў гісторыка-экспазіцыйны комплекс развіцця меліярацыі земляў, размешчаны на тэрыторыі Жабінкаўскай ПМК-19. Экспазіцыя музея складаецца з двух раздзелаў. У першым наведвальнікі знаёмяцца з меліярацыйнай тэхнікай: бульдозерамі, экскаватарам шматфункцыянальным, тарфяным кранам, “шар-бабай”, “клін-бабай” і іншымі. Пад гэтую шматтонную тэхніку залілі спецыяльныя пляцоўкі. Самі экспанаты дасканала падрыхтаваны, вымыты, пафарбаваны. Многія з іх адслужылі па паўвека. Спісаную тэхніку ў музей перадаюць розныя меліярацыйныя прадпрыемствы вобласці. Яна прератварылася ў экспанаты музея пад адкрытым небам (а іх каля 50-ці). Яны дапамаглі ўвесці ў сельскагаспадарчы абарот многія сотні тысяч гектараў меліяраваных земляў і сталі сведкамі гісторыі. Насупраць магутнай тэхнікі размешчана супрацьлеглая карцінка: худая кабылка цягне воз сена, пры гэтым тонучы ў ледзяной вадзе.
Мне прыгадваецца, што калі рухацца ад чыгункі па вуліцы Фядзяя і далей па Камянецкай, то злева перад паваротам на вуліцу Палявую і Кастуся Каліноўскага было балота. Яго асушылі, правялі канал, вада сышла. Прайшоў час, зямля стала прыдатнай для апрацоўкі. Цяпер там усё забудавана, з’явіліся новыя вуліцы. А справа – ва-дзяная прастора амаль да самых Курпічаў, якая раней называлася Клішча. Вясной і ўлетку гэтая шыр была запоўнена чайкамі, іх крыкам. А зараз там будуюць завод па вытворчасці камбікармоў. Там таксама працавала меліярацыйная тэхніка, а гэта значыць, што адбылося паляпшэнне земляў для выкарыстання шляхам асушэння балотаў, умацавання сыпучых пяскоў, штучнага арашэння, дрэванасаджэнняў, абуладкавання прудоў і вадаёмаў.
Вернемся да тэхнікі ў музеі. Паўднёвая і заходняя частка пляцоўкі абсаджаны туямі. Можаце сабе ўявіць, якая прыгажосць чакае наведвальнікаў. Алея ўздоўж тэхнікі прыцягнула нашу ўвагу яловым і сасновым лапнікам, што тырчаў з-пад снегу. Як аказалася, ім прыкрылі на зіму кусты ружаў, якія цвітуць тут ад вясны і да позняй восені. Дарожкі ў гісторыка-экспазіцыйным комплексе заўсёды расчышчаны. Хочацца сказаць, што на музейнай тэхніцы ў свой час адпрацавала пакаленне людзей, якое сваёй самаадданай працай адваявала ў прыроды забалочаныя мясціны, абуладкавала землі, зрабіла іх прыгожымі.
Нельга не ўзгадаць першага кіраўніка ПМК-19 Канстанціна Шаўчука, які шмат сіл аддаў дзеля станаўлення гэтага прадпрыемства, дзеля будаўніцтва жылля рабочым. Цэлы квартал быў узведзены ля Мухінай ямы і некалькі дамоў у мікрараёне. Памятаю час, калі людзі імкнуліся ўладкавацца на працу ў ПМК-19, таму што было прэстыжным з’яўляцца сведкамі і ўдзельнікамі праекта “Меліярацыя Палесся”.
У другой частцы гісторыка-экспазіцыйнага комплексу, якая размешчана ў былой сталовай, кожная ПМК раёна Брэсцкай вобласці прадставіла свой уласны стэнд: Кобрынская, Драгічынская, Іванаўская, Лунінецкая. Нас, канечне, больш за ўсё цікавіла наша Жабінкаўская ПМК-19. Тут змешчаны фотаздымкі Канстанціна Шаўчука, Пятра Вайноўскага, які не так даўно пакінуў пасаду кіраўніка прадпрыемства. Гэта яго заслуга, што ў Жабінцы арганізаваны такі цудоўны музей, дзе можна даведацца гісторыю меліярацыі Брэстчыны. Экспазіцыя комплексу створана і аформлена з вялікай цеплынёй, веданнем справы, эстэтычна і пісьменна. Мы засталіся ўсхваляваныя і зачараваныя. Падчас экскурсіі атрымалі таксама кароткія звесткі пра гісторыю і станаўленне жабінкаўскага прадпрыемства будаўнікоў-меліяратараў. У музеі захоўваецца шмат узнагарод, атрыманых у розныя гады: Сцяг ЦК КПСС, Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, Савета Міністраў СССР, Сцяг Міністэрства меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР і іншыя.
Музей часта наведваюць студэнты Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Восенню мінулага года на базе ПМК-19 у Жабінцы адбылося пасвячэнне іх у студэнты.
Ад імя ўсіх удзельнікаў экскурсіі ў гісторыка-экспа-зіцыйны комплекс развіцця меліярацыі земляў выказваю падзяку яго дырэктару Пятру Вайноўскаму. Можна сказаць, што музей пад адкрытым небам у ПМК-19 – адна з візітных картак Жабінкаўшчыны.
Раіса МАРГЕВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нядаўна з ініцыятывы старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталлі Урбан і старшыні раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Тамары...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика