Адказныя за бяспечны і бесперабойны рух. 21.by

Адказныя за бяспечны і бесперабойны рух

22.03.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>


Зіма для камунальных і дарожных службаў — гэта праверка на прафпрыгоднасць. «Адзнакі» за работу выстаўляюць пешаходы і вадзіцелі. Толькі пасыпле снег — а з ім і тэлефонныя званкі ў розныя інстанцыі, у тым ліку і ў рэдакцыю раённай газеты. Ці заўсёды скаргі абгрунтаваныя і ці існуюць пэўныя патрабаванні да ўтрымання дарог у зімовы перыяд? Па адказы на пытанні карэспандэнт «Пастаўскага краю» Анна Анішкевіч звярнулася да дырэктара філіяла «Пастаўскае дарожна-будаўнічае ўпраўленне № 132» С. А. РАГІНІ.

— Станіслаў Альфрэдавіч, што падразумяваецца пад зімовым утрыманнем дарог?
— Гэта комплекс мерапрыемстваў па забеспячэнні бесперабойнага дарожнага руху на аўтамабільных дарогах у зімовы перыяд, які ўключае ў сябе ахову дарог ад снежных заносаў, ліквідацыю зімовай слізкасці, ачыстку ад снегу ў вызначаныя дырэктыўныя тэрміны і ў адпаведнасці з патрабаваннямі Дзяржаўнага стандарту Рэспублікі Беларусь СТБ 1291—2007.

— Як сёлетняй зімой спраўляліся з утрыманнем мясцовых дарог?
— За намі замацавана больш за 1000 кіламетраў аўтамабільных дарог мясцовага значэння. У філіяле ёсць 24 снегаачышчальнікі, 11 пескараскідвальнікаў. Тэхніка далёка не новая, ды і забяспечанасць ёй пакідае жадаць лепшага. Тым не менш у вызначаныя тэрміны стараліся ўкладвацца: на ачыстку дарог ад снегу прадугледжана ад 8 да 16 гадзін пасля заканчэння выпадзення ападкаў у звычайных умовах надвор’я і ад 15 да 22-х — у экстрэмальных;  апрацоўку праезнай часткі супрацьгалалёднымі сродкамі (пясчана-салянай сумессю) — ад 6 да 12 гадзін у звычайных умовах і ад 8 да 16-ці — у экстрэмальных; ачыстку аўтобусных прыпынкаў — ад 4 да 12 сутак. Дыспетчары ў зімовы перыяд працуюць кругласутачна, дзяжураць экіпажы з тэхнікай і ў любы час сутак гатовы выехаць на дарогі.

— Некаторыя  нашы чытачы цікавіліся, чаму дарогі на Браслаў, Мінск, Віцебск былі ачышчаны ад снегу да асфальту, а па раёне — не.
— Дарогі ў названых кірунках — рэспубліканскага значэння. Іх асфальтабетоннае пакрыццё апрацоўваецца пясчана-салянай сумессю ў прапорцыі 50 працэнтаў пяску, 50 — солі. Зыходзячы з выдзяляемых фінансавых сродкаў на ўтрыманне мясцовых дарог, прыходзіцца эканоміць кожную капейку. Таму мы выкарыстоўвалі сумесь у прапорцыі 70 і 30 працэнтаў адпаведна (на якасць гэта не ўплывае) і падсыпалі большую адлегласць.

— Аўтамабілісты нярэдка задаюць пытанне: на якія мэты выкарыс­тоў­ваюць «дарожны збор», які яны плацяць пры праходжанні тэхагляду?

— Транспартны падатак паступае ў рэспубліканскі бю­джэт. Затым размяркоўваецца па абласцях і раёнах. У мінулым годзе на мясцовыя дарогі Пастаўскага раёна было вы­дзелена 517 тысяч рублёў. За іх адрамантавалі 7 кіламетраў аварыйных участкаў. На бягучы год — 511 тысяч. Іх павінна хапіць на рамонт 14 кіламетраў самых праблемных участкаў з найбольш інтэнсіўным рухам.

— У раёне нямала гравійных дарог. Летам на іх пыл, вясной-восенню — гразь. Добра было б «апрануць» іх у асфальт.
— Праблема ёсць. У нашым раёне з 1005 кіламетраў дарог мясцовага значэння толькі 275 з цвёрдым пакрыццём. 90 працэнтаў патрабуюць рамонту. Магутнасці нашага філіяла дазваляюць рамантаваць больш за 40 кіламетраў у год, у тым ліку і асфальтаваць гра­війныя дарогі. Усё ўпіраецца ў адсутнасць фінансавых сродкаў. Тыя, што выдзяляюцца з бюджэту, эканомна расходуюцца на рамонт самых праблемных (аварыйных) участкаў. Праграмай, зацверджанай Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь на 2018—2020 гады, прадугледжана прывядзенне ў парадак 7 тысяч кіламетраў дарог мясцовага значэння па ўсёй рэспубліцы. Даведзены планы, распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя і на дарогі Пастаўскага раёна.

— Адзін з чытачоў райгазеты цікавіўся, ці магчыма абуладкаваць аўтобусны прыпынак недалёка ад дома, таму што той, што ёсць, размешчаны ў пачатку вёскі, а дабрацца да яго пажылому чалавеку цяжка.
— Абуладкаванне прыпынку па патрабаванні (пляцоўка для высадкі пасажыраў, падсыпка, пры неабходнасці пашырэнне дарогі) абыдзецца больш чым у 2,5 тысячы рублёў. Пры вострай неабходнасці для аптымальнага вырашэння пытанне можа быць разгледжана ў прыватным парадку сумесна з мясцовай уладай і Дзяржаўтаінспекцыяй.

— З прыходам вясны і пацяпленнем многія гравійныя і грунтавыя дарогі становяцца непраезнымі. Якія меры прымаюцца для таго, каб іх захаваць?
— Знос верхняга слоя гра­війных дарог набліжаецца да 100 працэнтаў і патрабуе сур’ёзнага рамонту. Але пакуль выдзяляемых сродкаў хапае толькі на падсыпку асобных участкаў, адвод вады, грэйдзіраванне. Для захавання дарог вясной уводзяцца часовыя абмежаванні на рух транспарту з вялікай нагрузкай на вось. А цяжкая тэхніка, якая выкарыстоўваецца ў сельскагаспадарчай і лесанарыхтоўчай галінах, адмоўна сказваецца на стане дарог, прыводзіць да іх пашкоджання і нават знішчэння. Магчымасці дарожнікаў абмежаваныя. Таму супрацоўнічаем з Дзяржаўтаінспекцыяй,  парушальнікі атрымліваюць прадпісанні.

— Апошнім часам нярэдка чуем пра выхад са строю мастоў. У якім стане яны ў нашым раёне?
— На балансе прадпрыемства 73 масты. Іх агульная працягласць — 1235 метраў. Двойчы ў год з мэтай выяўлення і ліквідацыі дэфектаў праводзім сезонны агляд дарог і мастоў. У вышэйстаячую арганізацыю падаём пералік першачарговых рамонтаў. Улічваючы, што большасць мастоў узводзіліся ў 60—80-ыя гады мінулага стагоддзя, а то і раней, а таксама павелічэнне нагрузак і транспарту, масты зношваюцца значна хутчэй. Паколькі існуе праблема з фінансамі, апошні капітальны рамонт моста ў нашым раёне праводзіўся ў 2010 годзе. Цяпер заканчваем бягучы рамонт драўлянага моста ў вёсцы Дзяўгуны. Па выніках апошняга агляду 10 мастам патрэбен рамонт, 7-мі — неадкладны. На іх стараемся абмяжоўваць рух транспарту з вялікай масай, выстаўляем адпаведныя папераджальныя дарожныя знакі.

— Часам людзі наракаюць на тое, што некаторыя вуліцы ў вёсках, пасёлках зімой чысцяць-падсыпаюць, летам грэйдзіруюць і рамантуюць, а некаторыя — не. Чаму так?
Усе дарогі, у тым ліку вуліцы, маюць розную прыналежнасць і адпаведна абслугоўваюцца рознымі арганізацыямі: рэспубліканскія замацаваны за ДЭУ-33, мясцовыя — за нашым філіялам. Вуліцы ў населеных пунктах, якія не належаць да рэспубліканскіх і мясцовых дарог, абслугоўвае УП ЖКГ. Акрамя таго, ёсць унутрыгаспадарчыя дарогі сельгаспрадпрыемстваў (пад’езды на палі, да сянажных ям і г. д.), а таксама дарогі прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Пры неабходнасці дарожнікі заўсёды гатовы прыходзіць на дапамогу. На платнай аснове выконваем любыя рамонтныя работы на вуліцах і дарогах, якія знаходзяцца не на нашым балансе. За бяспеку на іх адказнасць нясём усе.

— Станіслаў Альфрэдавіч, чым яшчэ занятыя работнікі вашага філіяла ў зімовы перыяд?
— Вялікі аб’ём работ выконваецца па высечцы драўнінна-хмызняковай расліннасці ў палосах адводу дарог. Робіцца гэта для раскрыцця бачнасці дарожных знакаў, аднаўлення водаадтоку ў кюветы, папярэ­джання патэнцыяльнай небяспекі пры падзенні аварыйных дрэў. Высечкі вядзём строга па дазволах, якія выдае мясцовая ўлада, і па ўзгадненні з райінспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Высечанае перапрацоўваецца на шчападрабілцы ў шчапу. Яна выкарыстоўваецца ў якасці мясцовага віду паліва ў кацельні філіяла, а таксама ідзе на рэалізацыю УП ЖКГ.

— Дзякуй за гутарку. Поспехаў вам і вашаму калектыву, а нам усім — бяспечных дарог.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
> Зіма для камунальных і дарожных службаў — гэта праверка на прафпрыгоднасць. «Адзнакі» за работу выстаўляюць пешаходы і вадзіцелі. Толькі пасыпле снег — а з...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика