Чый бізнес-план лепшы?. 21.by

Чый бізнес-план лепшы?

21.05.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


У КАМАРОВЕ ўжо больш за год навучаюць пачынаючых прадпрымальнікаў з Пастаўскага, Смаргонскага, Астравецкага і нашага раёнаў. Праграма ўключае пытанні бізнес-планавання, маркетынгу, вядзення перамоў і юрыдычныя аспекты. Заняткі праводзяць эксперты па бізнес-адукацыі і вопытныя бізнесмены. 11 мая прайшоў чарговы, чацвёрты «Startup Weekend».

Дзесяць слухачоў школы прадставілі на разгляд журы свае бізнес-планы. Адкрываючы мерапрыемства, выканаўчы дырэктар міжнароднага грамадскага аб’яднання «Экапартнёрства» Аліна Бушмовіч шчыра павіншавала прысутных з заканчэннем вучобы. Яна паведаміла, што журы вызначыць толькі пяць бізнес-праектаў для фінансавання.
— Конкурс праходзіць па двух лотах: першы — бізнес-планы, якія разлічваюць атрымаць фінансаванне да пяці тысяч еўра, другі — ад пяці да дзесяці тысяч еўра, — падкрэсліла Аліна Мар’янаўна. — Ацэнка праводзіцца па пяці крытэрыях: бізнес-здольнасць прадукцыі і паслуг, рыначная, фінансавая бізнес-здольнасць, сацыяльнае значэнне і экалагічныя навацыі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя.
Вітальнае слова прамовіў і дырэктар вучэбна-практычнай установы па падтрымцы прадпрымальніцтва «Бізнес-інкубатар «Камарова» Эдуард Вайцяховіч.
Потым прысутным было прадстаўлена журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнік рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальнікаў Эдуард Шэлех, намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева, старшыня Смаргонскага раённага Савета дэпутатаў Іван Рамановіч, начальнік аддзела прадпрымальніцтва аблвыканкама Ганна Кухлеўская, прадстаўнікі міжнароднага грамадскага аб’яднання «Экапартнёрства» Аліна Бушмовіч, грамадскага аб’яднання «Жанчыны за адраджэнне Нарачанскага краю» Ала Вайцяховіч, а таксама прадстаўнік арганізацыі «Tree Velop Projects g Processes» Джохана Елізабет Ван Хорн з Галандыі і іншыя.
Пасля знаёмства з умовамі правядзення прэзентацый бізнес-праектаў пачаліся выступленні ўдзельнікаў. Згодна з жараб’ёўкай першаму давялося выступаць жыхару нашага раёна Яўгену Апанасевічу. Ён расказаў пра свой бізнес-праект «Стварэнне парку гісторыі «Раскоша». Безумоўна, першым выступаць даволі складана, тым больш, што ўстаноўлены жорсткі рэгламент па часе (5 мінут). Але Яўген з веданнем справы распавёў пра стварэнне парку гісторыі ў вёсцы Палессе Будслаўскага сельсавета, аналагаў якому пакуль няма ў Беларусі. Праўда, штосьці падобнае зроблена ў Польшчы. Стваральнік яго мае беларускія карані.
На думку Яўгена, парк гісторыі будзе запатрабаваны ў турыстаў. Наведваючы Будслаў, знакаміты касцёл Маці Божай Будслаўскай, турысты з задавальненнем пабываюць і ў «Раскошы», паглядзяць, як жылі тут людзі шмат гадоў таму, чым займаліся, і многае іншае.
Наступным прэзентацыю бізнес-праекта па вытворчасці драўляных цацак для дзяцей правёў Дзмітрый Івашэнка з горада Астраўца. Ідэя праекта заключаецца ў тым, што драўляныя цацкі — экалагічна чыстыя, не ўтрымліваюць шкодных хімічных рэчываў.
«Адкрыццё міні-пякарні ў аграгарадку Жодзішкі» — так гучыць назва бізнес-праекта Алега Мізулы са Смаргонскага раёна. Алег распавёў, што ў сваёй міні-пякарні ён разам з жонкай, якая мае спецыяльнасць кандытара, плануюць выпякаць хлеб, булачкі, іншыя кандытарскія вырабы для жыхароў аграгарадка і навакольных вёсак. А грант яму патрэбны для набыцця неабходнага абсталявання.
А вось Анатолій Касцень з Пастаў марыць пра стварэнне майстэрні па рамонце абутку з артапедычным ухілам. Гэта сацыяльны праект і заслугоўвае асаблівай увагі, таму члены журы з цікавасцю выслухалі ўсе довады Анатолія, задавалі шмат пытанняў, на якія атрымалі адказы.
Юрый Абрамовіч з Антанінсберга прэзентаваў праект «Аўтакафэ». Ён плануе стварыць перасоўнае кафэ, у якім па заказе пакупнікоў будуць пячы бліны з розным начыннем. На думку аўтара, гэта адна з магчымасцей вырашэння пытання «хуткага перакусу» падчас масавых мерапрыемстваў, на пляжах курортнага пасёлка і ў іншых месцах раёна.
Сёння важным і актуальным з’яўляецца пытанне рамонту электронных сістэм аўтамабіляў. Таму Дзяніс Новік са Смаргонскага раёна хоча адкрыць майстэрню па іх рамонце. Аднак на набыццё неабходнага абсталявання не хапае грашовых сродкаў. Таму Дзяніс і разлічвае атрымаць грант на свой бізнес-праект. А ў перспектыве магчыма адкрыццё магазіна па продажы запчастак для аўтамабіляў і станцыі шынамантажу.
Жыхар Пастаўскага раёна Павел Марозаў разам з жонкай мараць сур’ёзна заняцца вытворчасцю і рэалізацыяй ялавічыны (так і называецца бізнес-праект). Пакуль на іх падворку ўтрымліваецца восем бычкоў. На бліжэйшую перспектыву — дваццаць, а потым — і пяцьдзесят галоў. Прадукцыю будуць рэалізоўваць аптовым пакупнікам.
Ілья Агаркаў са Смаргоншчыны прадставіў на суд журы праект «Перапрацоўка адыходаў птушкафабрык у жывыя лічынкі мух (апарышы) з далейшай іх сушкай і стварэнне заагумусу». Праект выклікаў пэўную цікавасць у журы, у адрас аўтара паступіла шмат пытанняў.
«Стварэнне абсталяванай залы-сцэны для правядзення мерапрыемстваў у аграсядзібе
«Арт-вёска Каптаруны» — так гучыць назва бізнес-праекта Артура Клінава з Пастаўшчыны. На яго ажыццяўленне патрэбны сродкі, якія
Артур разлічвае атрымаць у якасці гранта.
Апошнім прадстаўляць свой праект «Інтэрактыўны музей «АнтикварЪ» выпала жыхару курортнага пасёлка Нарач Аляксандру Сенюцю. Безумоўна, задума вельмі цікавая, добрая і неабходная. Такіх музеяў вельмі мала ў свеце, а ў Беларусі наогул няма. Таму ў курортным пасёлку музей, які плануецца размясціць у былым будынку школы, ён будзе дарэчы. Каб хутчэй ажыццявіць задуму, Аляксандру не хапае ўласных сродкаў, таму ён і разлічвае атрымаць грант.
Праекты заслуханы. Члены журы пераходзяць у іншы пакой, каб абмеркаваць і вылучыць лепшыя. Хвалююцца і будучыя бізнесмены. Кожны жадае як мага хутчэй даведацца, хто зможа атрымаць грант для развіцця свайго бізнесу, які праект набраў найбольшую колькасць балаў па ацэнцы журы.
Пасля перапынку Аліна Бушмовіч аб’яўляе, што найбольшую колькасць балаў (83,73) набраў бізнес-план Ільі Агаркава. На другім месцы — праект Дзмітрыя Івашэнкі па вытворчасці драўляных цацак. Трэцім стаў Павел Марозаў, які выступаў з бізнес-планам «Вытворчасць і рэалізацыя ялавічыны». Зацікавіла журы задума Юрыя Абрамовіча па стварэнні аўтакафэ. Яго праект заняў чацвёртае месца.
— Пятае месца фактычна атрымалі тры праекты, бо яны набылі аднолькавую колькасць балаў — 75,55, — аб’яўляе Аліна Бушмовіч. — Кожнаму з іх даць грант немагчыма: не хапае грашовых сродкаў. Таму журы вырашыла праект Анатолія Касценя па рамонце абутку з артапедычным ухілам прызнаць сацыяльным і яму выдзеліць грант.
Усе астатнія праекты набралі больш за 70 балаў, іх занеслі ў Спіс чакаемых.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У КАМАРОВЕ ўжо больш за год навучаюць пачынаючых прадпрымальнікаў з Пастаўскага, Смаргонскага, Астравецкага і нашага раёнаў. Праграма ўключае пытанні...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика