Працы школьных аздараўленчых лагераў была прысвечана спецыяльная нарада
29.05.2018
—
Разное
|
Кожны год у час летніх канікул на базе навучальных устаноў раёна працуюць школьныя аздараўленчыя лагеры. Шаркаўшчынскім райвыканкамам прынята адпаведнае рашэнне ад 28 красавіка 2018 года № 251. Згодна з ім лагеры створаны для аздараўлення дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, для дзяцей-інвалідаў, дзяцей са шматдзетных, малазабяспечаных сем’яў і з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, а таксама для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Праца аздараўленчых лагераў будзе арганізавана ў тры змены. Першая пачнецца 4 чэрвеня і працягнецца да 12 чэрвеня (9 дзён); з 4 чэрвеня па 23 чэрвеня (18 дзён). Другая запросіць дзяцей з 27 чэрвеня па 5 ліпеня (9 дзён); з 27 чэрвеня па 18 ліпеня (18 дзён). Трэцяя — з 23 ліпеня па 31 ліпеня (9 дзён); з 23 ліпеня па 11 жніўня (18 дзён). Лагеры будуць арганізаваны ў дзевяці школах раёна і адзін — у Цэнтры дзяцей і моладзі гарадскога пасёлка. Гэта спартыўна-аздараўленчыя, грамадзянска-патрыятычныя, экалагічныя лагеры, а таксама працы і адпачынку. За лета ў іх адпачнуць 430 хлопчыкаў і дзяўчынак. На базе Лужкаўскай СШ у другую змену (9 дзён) будзе арганізаваны валанцёрскі палатачны лагер з удзелам дзяцей, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, на ўнутрышкольным уліку і якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. На базе Більдзюжскай СШ і Радзюкоўскай БШ у трэцюю змену (9 дзён) будуць працаваць кругласутачныя палатачныя лагеры. Аналагічны лагер будзе працаваць і ў Станіславоўскай БШ у першую змену (9 дзён). Для аздараўлення і адпачынку школьнікаў створаны належныя ўмовы, распрацаваны план работы, прадугледжаны разнастайныя мерапрыемствы. Значная ўвага будзе нададзена харчаванню дзяцей. На ўтрыманне школьных аздараўленчых лагераў выдаткавана 33 тысячы 390 рублёў грашовых сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Кантроль за здароўем дзяцей ускладзены на медыцынскіх работнікаў. Для аператыўнага вырашэння праблем створана камісія па каардынацыі дзеянняў і вырашэнні пытанняў, звязаных з аздараўленнем вучняў, якую ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама Ю. А. Васілеўскі. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі зацікаўленых службаў і ўстаноў. Тэме арганізацыі знаходжання дзяцей у школьных аздараўленчых лагерах была прысвечана нарада педагагічных кадраў і работнікаў харчблокаў навучальных устаноў раёна, якая адбылася 24 мая ў СШ № 1. Перад прысутнымі выступілі тэхнолаг аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Матусевіч, якая расказала пра арганізацыю харчавання дзяцей і афармленне неабходнай дакументацыі. Загадчыца санітарна-эпідэміялагічнага аддзела раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Валянціна Седзюкевіч нагадала правілы захавання санітарных норм у аздараўленчых лагерах. Пра прафілактыку правапарушэнняў і злачынстваў, бяспечныя паводзіны на праезных частках дарог, захаванне правілаў дарожнага руху, арганізацыю супрацьпажарнай бяспекі, правілы паводзінаў на вадзе і каля вадаёмаў паведамілі ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Іван Мацкевіч, начальнік аддзялення ДАІ РАУС Віктар Міласердаў, намеснік начальніка РАНС Валерый Ліпскі і старшыня раённага таварыства выратавання на вадзе Уладзімір Катовіч. Спецыяліст па ахове працы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Юрый Цітовіч агучыў графік праходжання інструктажу і здачы экзамену па ахове працы работнікамі, якія будуць працаваць у аздараўленчых лагерах. Падвяла вынікі нарады метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алеся Грыдзюшка. Сяргей РАЙЧОНАК. Оставить комментарий
|
|