“Усё цячэ, усё мяняецца”
01.06.2018
—
Разное
|
Гэтыя словы належаць старажытнагрэчаскаму філосафу Геракліту. Але штосьці ў нашым жыцці застаецца нязменным. Апошні званок, напрыклад. Гэты цікавы абрад можна аднесці да самых знакавых у жыцці. Гэта своеасаблівае пасведчанне ў дарослае жыццё, дзе не будзе ўвесь час побач бацькоў, настаўнікаў і нават сяброў – іх яшчэ патрэбна набыць наноў, бо аднакласнікі пойдуць іншым шляхам, універсітэтам, горадам. Апошны званок у першай школе быў такі ж пранізлівы, крыху з настальгіяй, цёплымі словамі падзякі настаўнікам, адміністрацыі школы. Прыгожыя выпускнікі з кветкамі ў руках, шарыкамі і традыцыйнай стужкай цераз плячо. Педагогі ў святочных сукенках, з усмешкай на вачах. І тыя, хто пасля летніх вакацый апранецца ў навучэнцаў – дзяўчынкі з белымі бантамі, хлопчыкі з гальштукамі. Дырэктар школы Таццяна Кірдзеева падзякавала настаўнікам за добрыя паказчыкі ў навучанні і выхаванні, за перамогі на раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Гэтыя слова яна пацвердзіла стосам дыпломаў, якія былі ўручаны на лінейцы іх уладальнікам. З віншавальнымі словамі завітала начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Аляксандра Янчанкава. Урачыстасць скончылася танцавальным флэшмобам, апошнюю старонку дзяцінства выпуснікі перагарнулі, запусціўшы шары ў неба. Некаторым з іх мы дадзім слова. Вераніка Ганцэвіч прадстаўляла гонар школы на ўсіх узроўнях спаборніцтваў. У 10 класе атрымала другое месца на алімпіядзе па беларускай мове, дыплом пераможцы республіканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”. У 11 класе з клубам па чырлідінгу былі прызёрамі ў дзвюх намінацыях на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Зноў прымала ўдзел у рытарычных спаборніцтвах, дзе па беларускай і рускай літаратуры ўзяла 2 месца. Была лепшай у конкурсе чытальнікаў па рускай літаратуры. – Шмат часу я рыхтавалася да цэнтралізаванага тэсціравання па хіміі, – падзялілася Вераніка. – Актыўнічала на занятках, наведвала дадатковыя факультатывы, вучылася на розных анлайн-трэнінгах. Планавала паступіць у ваенную медыцынскую акадэмію, але не атрымалася – складаны адбор. Мары пра медыцыну не пакідаю. Зараз планую паступаць у Гомельскі дзяржаўны медыцынскі каледж. Хачу звязаць сваё жыццё з прафесіяй фельчара хуткай дапамогі. Гэтая прафесія патрабуе ўмення ўзяць сябе ў рукі, не панікаваць, супакоіць пацярпелага, яго сваякоў, і ў той жа час – пастаянны экстрым, адрэналін, рух, вялікая адказнасць за жыцці іншых людзей. Бацькі заўсёды падтрымліваюць ва ўсіх маіх ідэях і пачынаннях. Я заўсёды глядзела на маму, фельчара хуткай дапамогі Петрыкаўскай ЦРБ, і хацела быць падобнай на яе. Спадзяёмся, што наступнай тэатральнай зоркай стане выпускніца школы Паліна Бычкоўская, якае пачынае свой дарослы шлях з паступлення ў Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў. – Са спецыяльнасцю вызначылася даўно, калі яшчэ пачала займацца танцамі, абрала харэаграфічны кірунак, – пачала размову Паліна. – Бацькі з дзяцінства стараліся мяне развіваць, аддавалі на танцавальныя гурткі, таму да майго выбару аднесліся станоўча. Да тэсціравання цалкам гатова, бо ўпарта працую. Наведвала ўрокі мадэляў у тэатры мод Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, дзе кіраўніком была Надзея Слабадзянюк, яна навучыла мяне шмат чаму: упэўнена трымаць сябе на сцэне, заўсёды ўсміхацца і нічога не баяцца. З калектывам цэнтра творчасці мы занялі 1 месца на праекце “Новыя вяршыні”. Хачу сказаць вялікі дзякуй Надзеі Леанідаўне і ўсяму калектыву, што выхавалі нас. Танцы – гэта яшчэ адна вельмі займальная старонка маіх захапленняў. З групай падтрымкі “SunWay” удзельнічалі ў гарадскіх і абласных канцэртах, на рэспубліканскіх спаборніцтвах у гэтым годзе двойчы былі прызёрамі. У гэтых спартыўных танцах раскрываецца акрабатыка, пластычнасць, артыстычнасць – тое, што мне вельмі падабаецца. Школа перамагла ў конкурсе “Школьны вальс 2018”. Ад усяго выпускнога класа хачу сказаць дзякуй кіраўніку Ірыне Буднік, якая дапамагла ажыццявіць нашу мару. Не магу не падзякаваць класнаму кіраўніку – Жанне Парфіевіч. Мы пастараемся Вас не падвесці і прытрымлівацца ўсяго, чаму Вы нас вучылі. Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэтыя словы належаць старажытнагрэчаскаму філосафу Геракліту. Але штосьці ў нашым жыцці застаецца нязменным. Апошні званок, напрыклад. Гэты цікавы абрад можна... |
|