Развіталіся са школай і дзяцінствам. 21.by

Развіталіся са школай і дзяцінствам

01.06.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>

 

30 мая ў школах Пастаўшчыны, як і ва ўсёй краіне, прайшлі ўрачыстыя лінейкі з нагоды апошняга званка. А вечарам на цэнтральнай плошчы горада адбылося традыцыйнае раённае свята «Апошні званок».

Для адных вучняў лінейкі ў школах сталі лагічным завяршэннем чарговага навучальнага года. Для іншых, выпускнікоў 9-ых і 11-ых класаў, — развітаннем са школай і дзяцінствам, пачаткам новага, дарослага, жыцця. Раздзяліць урачыстасць моманту з выпускнікамі сабраліся не толькі іх педагогі, бацькі і іншыя родныя. У многія навучальныя ўстановы завіталі прадстаўнікі мясцовай улады, прадпрыемстваў, арганізацый і нават сілавых структур. Так, у СШ №4 г. Паставы прыехалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, камандзір Смаргонскай пагранічнай групы Максім Бутранец, ваенны камісар Пастаўскага раёна Мікалай Кулік, начальнік пагранкамендатуры «Паставы» Раман Строганаў і ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Ілья Чарняўскі.


Як заўсёды, на лінейцы падвялі вынікі навучальнага года, які для чацвёртай школы аказаўся вельмі багатым на перамогі. Прыкладна двум дзясяткам вучняў дырэктар установы адукацыі Вячаслаў Пякарскі ўручыў дыпломы і граматы за прызавыя месцы ў разнастайных раённых і абласных конкурсах і спаборніцтвах.

Сярод узнагароджаных былі і трое адзінаццацікласнікаў: пераможца раённых і абласных краязнаўчых чытанняў Арцём Падгайскі, прызёры раённай канферэнцыі навукова-даследчых работ «Глорыя» па матэматыцы Марыя Радзюш і рэспубліканскага конкурсу даследчых работ па геаграфіі Марыя Гіч. Таксама адзначаны педагогі дзяцей. Кіраўніку ваенна-патрыятычнага класа маёру запасу Сяргею Машкову старшыня раённага Савета дэпутатаў уручыў Ганаровую грамату райсавета, а камандзір Смаргонскай пагранічнай групы — юбілейны медаль з нагоды 100-годдзя органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Такі ж медаль атрымаў і В. Ч. Пякарскі.


І ўсё ж у цэнтры ўвагі былі выпускнікі. Віншуючы іх з заканчэннем школы, педагогі і госці пажадалі юнакам і дзяўчатам паспяхова здаць выпускныя экзамены, паступіць у выбраныя навучальныя ўстановы, здароўя, удачы, упэўненасці ў сваіх сілах і заўсёды рухацца наперад, да новых перамог. Адзінаццацікласнікаў павіншавалі таксама вучні пачатковых класаў. А выпускнікі ў сваю чаргу пажадалі ім плённай вучобы, выдатных адзнак і працягваць школьныя традыцыі, закладзеныя старэйшымі пакаленнямі навучэнцаў.

Словы шчырай удзячнасці ад дарослых ужо юнакоў і дзяўчат прагучалі ў адрас настаўнікаў і бацькоў, якія на працягу 11 гадоў вялі іх па краіне ведаў, дапамагалі і падтрымлівалі. Любімым настаўнікам выпускнікі падарылі кветкі і разам з класным кіраўніком Таццянай Пятроўнай Рудзік са словамі «Дзяцінства маё, бывай!» адпусцілі ў неба рознакаляровыя паветраныя шары. У першы раз на школьным двары яны станцавалі вальс і ў апошні — усім класам зрабілі кола гонару перад роднай школай. Зноў жа ў апошні раз для іх прагучаў залівісты школьны званок. Яго далі Арцём Падгайскі і вучаніца 1″Б» класа Лера Краўчанка.


Вечарам выпускнікі гэтай і іншых сярэдніх школ горада і раёна разам з класнымі кіраўнікамі і роднымі сабраліся на плошчы Леніна на раённы баль. Усяго на ім прысутні­чалі 210 адзінаццацікласнікаў. Чацвёра найлепшых навучэнцаў прадстаўлялі Пастаўшчыну на рэспубліканскім свяце апошняга званка, якое праходзіла ў сталічнай «Мінск-Арэне». Гэтага гонару ўдастоіліся Мікіта Шастакоў з СШ №1, Марыя Гіч з СШ №4, Крысціна Клянтак з гімназіі і Пётр Касарэўскі з Гуцкай сярэдняй школы.

Ад імя раённай улады са словамі віншаванняў да выпускнікоў звярнуўся Пётр Курто. Ён адзначыў, што ў маладых людзей пачынаецца самы важны і адказны этап — яны завяршаюць вучобу ў школе і ўступаюць у дарослае, самастойнае жыццё.

— Школа дала вам трывалыя веды, навучыла мысліць, нацэліла на ажыццяўленне жыццёвых планаў, — гаварыў Пётр Леанідавіч. — Наперадзе выпускныя экзамены, а за імі — дарога ў вялікі і цікавы свет, поўны новых перспектыў і самастойных пошукаў. Вам трэба будзе выбраць прафесію і вызначыць свой далейшы лёс. Будзьце смелымі і ўпэўненымі ў сабе, не бойцеся цяжкасцей, актыўна праяўляйце свае таленты. Ад вашай настойлівасці і мэтанакіраванасці залежаць ваша будучыня і будучыня краіны. Здароўя вам, аптымізму і ўдачы! Няхай здзейсняцца ўсе вашы мары і ажыццявяцца намечаныя планы!

Асаблівыя словы ўдзячнасці П. Л. Курто адрасаваў педагогам, чые прафесіяналізм і адданасць абранай справе дапамагаюць убачыць і развіць здольнасці школьнікаў, навучыць іх арыентавацца ў складаным вадавароце падзей, прымаць правільныя рашэнні. Настаўнікі не толькі даюць трывалыя веды, але і садзейнічаюць захаванню і перадачы з пакалення ў пакаленне жыццёвых каштоўнасцей, вучаць дабру і справядлівасці. Немалая роля і бацькоў, якія сваёй увагай, любоўю і падтрымкай дапамагалі дзецям на працягу ўсіх школьных гадоў, хваляваліся за іх, разам радаваліся перамогам і перажывалі няўдачы.

Пажадаўшы настаўнікам, каб іх ніколі не пакідалі энтузіязм, жаданне вучыць і вучыцца, імкненне пакараць новыя вяршыні прафесійнага майстэрства, а бацькам — здароўя, цярпення і дабрабыту, Пётр Леанідавіч перайшоў да цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў абласнога і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, іх бацькоў і педагогаў. Пры гэтым заўважыў, што, дзякуючы разумным школьнікам і таленавітым настаўнікам, наш раён на працягу некалькіх гадоў з’яўляецца адным з лепшых у вобласці ў алімпіядным руху. Сёлета ў нас дзевяць дыпломаў на абласным этапе і адзін — на рэспубліканскім. Чатыры з іх заваявалі навучэнцы Варапаеўскай СШ: дзевяцікласнік Мікіта Залецкі (прызёр заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі), адзінаццаці­класніцы Дар’я Конышава і Алеся Балай (геаграфія, настаўнік — А. А. Гарны) і вучань 10 класа Канстанцін Адамовіч (гісторыя, настаўніца — Л. А. Брэская). Пераможцамі абласнога этапа таксама сталі выпускнікі СШ №1 Мікіта Шастакоў (геаграфія, настаўніца — І. І. Козіч) і Дунілавіцкай ЯССШ На­дзея Якімовіч (біялогія, настаўніца — А. П. Макоўская), дзесяцікласніца Пастаўскай гімназіі Ганна Тумаш (геаграфія, настаўнік — І. М. Пракаповіч), вучні 9 класа гімназіі Лада Аляксеева (беларуская мова і літаратура, настаўніца — Н. Д. Субач) і СШ №2 Крысціна Рымайда (хімія, настаўніца — А. М. Мачанская).


Школьнікі атрымалі грашовыя прэміі, іх настаўнікі — прэміі і Падзякі старшыні раённага выканаўчага камітэта, бацькі дзяцей — Падзячныя пісьмы кіраўніка раёна. Акрамя таго, Ганаровымі граматамі раённага Савета дэпутатаў адзначаны актыўныя члены Маладзёжнай палаты другога склікання пры раённым Савеце дэпутатаў Арцём Кухальскі з Гуцкай СШ і Станіслаў Цярэнцьеў з гімназіі. Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта і ад­дзела адукацыі, спорту і турызму ўручылі дырэктару Дунілавіцкай яслі-сад—сярэдняй школы Васілію Бульбянову, які 30 мая адзначаў юбілейны дзень нараджэння.

У той дзень на сцэну паднімаліся дзясяткі чалавек. Не толькі для таго, каб атрымаць заслужаныя ўзнагароды, але і парадаваць прысутных вакальным майстэрствам. Сярод артыстаў было шмат выпускнікоў. З дапамогай песень яны развітваліся са школай і аднакласнікамі, дзякавалі настаўнікам і бацькам. Па добрай традыцыі юнакі і дзяўчаты яшчэ раз дружна адпусцілі ў бяскрайні нябесны блакіт паветраныя шары, а з імі — свае надзеі і мары, а таксама станцавалі прыгожы і кранальны школьны вальс.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара

Больше фото в наших группах с соцсетях: 

Одноклассники 

ВКонтакте

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
>   30 мая ў школах Пастаўшчыны, як і ва ўсёй краіне, прайшлі ўрачыстыя лінейкі з нагоды апошняга званка. А вечарам на цэнтральнай плошчы горада адбылося...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика