Казачны куток для дзятвы – утульную гульнявую пляцоўку – урачыста адкрылі ў Міжнародны дзень абароны дзяцей на вуліцы Шасэйнай у вёсцы Натальеўск. Адметнасць яе ў тым, што ўсе работы былі выкананы па ініцыятыве і пераважна рукамі дэпутатаў Калодзежскага сельскага Савета дэпутатаў.
– Ідэю стварэння пляцоўкі на нашай першай сесіі новага склікання прапанаваў дэпутат Сяргей Бабіновіч, – кажа старшыня сельвыканкама Людміла Пасудзеўская. – Яна ўсім спадабалася. Знайшлі ўзоры элементаў пляцоўкі ў інтэрнэце. Кожны дэпутат абраў, які з іх будзе вырабляць. У выніку, дзякуючы клопатам дырэктара эксперыментальнай базы “Натальеўск” дэпутата Алены Махнач і работнікаў гаспадаркі, былі пабудаваны дамок і арэлі, набыта горка. Намаганнямі Дзмітрыя Васілеўскага зроблена машынка, Ігара Забаронка – караблік і самалёцік, Ірыны і Аляксандра Дзьячэнкаў – матацыкл. Лаўку і паравозік вырабіў мой муж. Мастацкую расфарбоўку элементаў выканала Ірына Дзьячэнка. Свой унёсак у будаўніцтва пляцоўкі таксама зрабілі дэпутаты Сяргей Бабіновіч, Таццяна Пашкова, Марына Кудланс, Марыя Касцяневіч, Васіль Братчэня, Алена Савіч, работнікі сельвыканкама Ала Юркевіч і Алена Грыбко, бацькі Таццяна Бабіновіч і Вольга Ігнатчанка…
Як распавяла Людміла Пасудзеўская, дзеці пачалі з задавальненнем асвойваць пляцоўку задоўга да яе адкрыцця: яшчэ не паспела як след высахнуць фарба. А пасля ўрачыстага пераразання стужкі, калі самадзейныя артысты ладзілі тут гульні, конкурсы, забавы, малых было, як у мурашніку.
Выступаючы на адкрыцці пляцоўкі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Лойка шчыра падзякваў дэпутатам за добрае пачынанне і выказаў спадзяванне на тое, што яно будзе падхоплена ў іншых кутках Чэрвеньшчыны.
Казачны куток для дзятвы – утульную гульнявую пляцоўку – урачыста адкрылі ў Міжнародны дзень абароны дзяцей на вуліцы Шасэйнай у вёсцы Натальеўск. Адметнасць яе...