Славутыя землякі Пiншчыны. Франц Андрэевіч Савіч. 21.by

Славутыя землякі Пiншчыны. Франц Андрэевіч Савіч

16.06.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>

Франц Андреевич Савич
Франц  Андрэевіч  Савіч,   паэт, публіцыст, удзельнік  вызваленчага руху,   адзін з пачынальнікаў рэвалюцыйнага дэмакратызму на Беларусі, папярэднік  К. Каліноўскага

Франц (Францішак) Андрэевіч Савіч нарадзіўся ў вёсцы Вяляцічы Пінскага павета Мінскай губерні (зараз Пінскага раёна Брэсцкай вобласці) каля 1815 года ў сям’і ўніяцкага святара. Пісаць і чытаць Францішак навучыўся дома, затым паступіў у Пінскае павятовае вучылішча. Падчас вучобы зарабляў рэпетытарствам і дапамагаў маці пасля заўчаснай смерці бацькі. Вялікі ўплыў на духоўнае фарміраванне Ф. Савіча ў гэты час аказаў наглядчык вучылішча Францішак Махніцкі, выкладчык польскай і лацінскай граматыкі.

У 1833 годзе Ф. Савіч з пахвальным пасведчаннем закончыў вучылішча і паступіў у Віленскую медыка-хірургічную акадэмію. Разам з сябрамі-студэнтамі арганізаваў там нелегальнае рэвалюцыйнае «Дэмакратычнае таварыства»,якое працягвала традыцыі філаматаў і дзекабрыстаў. У 1837 годзе наладзіў сувязь з Пінскай і Слуцкай ячэйкамі тайнага таварыства «Садружнасць польскага народа», якім кіраваў польскі рэвалюцыянер-дэмакрат Ш. Канарскі.

1 чэрвеня 1838 года Ф. Савіч быў арыштаваны. У зняволенні паэт-рэвалюцыянер напісаў «Споведзь» на польскай мове. 14 лютага 1839 года высланы з Вільні на Каўказ у салдаты без выслугі. Пачаліся гады цяжкіх пакут. З Вільні маршрут ішоў на Чарнігаў, адтуль пехотай у Стаўрапаль. Там хворага Ф. Савіча паклалі ў турэмны шпіталь. Калі паправіўся, быў накіраваны на месца службы ў Апшэронскі пяхотны полк (г. Кізляр), потым перавялі ў г. Дэрбент. Нарэшце апынуўся ў Тыфлісе. Спроба ўцячы адтуль не ўдалася – яго злавілі і адправілі на перадавую лінію.

У маі 1840 года Ф. Савіч знаходзіўся ў крэпасці Жыранчы на Каспійскім моры, дзе адначасова з салдацкай службай выконваў абавязкі лекара. Медыцынскія веды, якія ён атрымаў у акадэміі, спатрэбіліся і ў Кізляры, куды неўзабаве трапіў зноў. Ф. Савіч зблізіўся з мясцовым насельніцтвам, даваў урокі ў купецкіх сем’ях.

22 красавіка 1841 года Франц Савіч інсцэніраваў самагубства (пакінуў на беразе ракі Церак адзенне і адпаведную запіску). Потым адправіўся ў Таганрог. Але морам уцячы за мяжу не ўдалося, і ён накіраваўся ў Румынію праз Украіну. Калі Ф. Савіч дабраўся нарэшце да Балты (цяпер Адэская вобласць), яго зваліла хвароба. Пасля выздараўлення зрабіў новую спробу, але быў схоплены пагранічнай вартай.

Два гады пад чужым імем, утойваючы мінулае, адсядзеў у турме ў Ціраспалі (цяпер Малдова). У 1843 годзе быў адпраўлены радавым у Чарнігаўскі батальён унутранай варты і залічаны санітарам у шпіталь. Зноў уцёк са службы і вясной 1844 года дабраўся да Кіева, адкуль восенню з дакументамі на імя доктара Адама Гельгега рушыў праз Бярдзічаў да выратавальнай мяжы. Але яго зноў напаткала бяда – вывіхнуў нагу і вымушаны быў затрымацца. Адкрыў у мястэчку Янушпаль Жытомірскага павета Валынскай губерні (цяпер Іванопаль Жытомірскай вобласці, Украіна) урачэбную практыку і праславіўся як надзвычай умелы лекар. У 1845 годзе атрымаў замежны пашпарт і ўжо рыхтаваўся ехаць на радзіму, але пачалася эпідэмія халеры. Ратуючы іншых, Ф. Савіч заразіўся сам і на трыццатым годзе жыцця памёр (1845). Пахаваны ў Астражку на Жытоміршчыне.

Перад смерцю Ф. Савіч напісаў успаміны, давёўшы іх да ўцёкаў з Кізляра. Успаміны, а таксама «Споведзь» ён паспеў перадаць паэту А. Грозе. Гэтыя творы з’явіліся ў друку ў 1876 годзе ў кнізе Э. Геленіюша (Іваноўскага) «Успаміны мінулых гадоў», а ў 1882 годзе ў кнізе Э. Паўловіча «Успаміны з-над Віліі і Нёмана» з’явілася першая публікацыя верша Франца Савіча «Там блізко Пиньска…».

Поўнае прыгод жыццё і арыгінальная творчасць Франца Савіча могуць быць прыкладам самаахвярнага служэння народу. Ён пакінуў глыбокі след у гісторыі беларускай літаратуры і грамадскай думкі. Ён быў адным з пачынальнікаў рэвалюцыйнага дэмакратызму на Беларусі, папярэднікам Кастуся Каліноўскага. Яго верш «Там блізко Піньска…» – яркі ўзор беларускай рэвалюцыйнай паэзіі ХІХ стагоддзя, а польскамоўная публіцыстыка і мемуары – каштоўныя дакументы эпохі.

Пінчукі захоўваюць памяць пра свайго знакамітага земляка. Яго імем названа вуліца ў Пінску. У вёсцы Вяляцічы Пінскага раёна ў 1994 годзе ў гонар Франца Савіча пастаўлены памятны знак, яго стваральнікі – рэзчыкі па дрэве Віталь Руско і Анатоль Гарбацэвіч.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
> Франц  Андрэевіч  Савіч,   паэт, публіцыст, удзельнік  вызваленчага руху,   адзін з пачынальнікаў рэвалюцыйнага дэмакратызму на Беларусі, папярэднік  К....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика