ДУ «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці» стаў ініцыятарам правядзення акцыі «Для бабулі і дзядулі вышыванкі» ў рамках святочных мерапрыемстваў, якія прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
29 чэрвеня юныя ўдзельнікі творчых калектываў раёна ўручылі ветэранам працы гарпасёлка сімвал беларускасці — стужку з нацыянальным арнаментам — як даніну павагі да старэйшага пакалення і прадаўжэння іх слаўных традыцый.
Сваімі меркаваннямі падзяліліся ўдзельнікі акцыі.
Віктар Васільевіч ЖУЧЭНКА,
ветэран працы галіны культуры:
— Сённяшняя акцыя стала сімвалам сувязі пакаленняў беларусаў. Няхай з гадамі мацнее гэтая сувязь, шануецца ўсё тое добрае і вечнае, што здабыта дзядамі і бацькамі на франтах і ў тыле, у пасляваенныя гады.
Аляксандр Уладзіміравіч БАКЕЙ,
ветэран працы:
—Усё жыццё працаваў вадзіцелем. Мне 84 гады, і зараз я застаюся ў страі, поўны сіл і энергіі. Жадаю маладым знайсці сябе ў жыцці. Каб ніколі не зведалі, што такое вайна, а маглі жыць і тварыць пад мірным небам.
Мілана САЛЬВОНЧЫК,
вучаніца 7 класа ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. п. Карэлічы»:
— Хачу выказаць словы ўдзячнасці ветэранам вайны за мір на зямлі. Мы можам сёння вучыцца і займацца любімай справай. Ганарымся, што жывём у мірнай і квітнеючай Беларусі. Няхай ніхто і ніколі не парушыць наш спакой.
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Іны ЛЕЙКА.