Волаты-баравікі і гузікі-лісічкі ад майстра. 21.by

Волаты-баравікі і гузікі-лісічкі ад майстра

23.07.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


«Ой, якая прыгажосць!» — да стала падыходзіць чарговая наведвальніца. І сапраўды, грыбы тут як на падбор: вось поўны кошык крамяных баравікоў, а вунь палымяныя прыгажуны-падасінавікі і сонечна-жоўтыя лісічкі… Але гэта карцінка не з прыдарожнага гандлю, а з выставы-кірмашу народных рамёстваў. І грыбы тут не сапраўдныя, а выразаныя з дрэва. Зрабіў іх рамеснік Ананій Варанец з курортнага пасёлка Нарач.
— Як захапіліся гэтай справай?
—Часу хапала: работа дазваляла — гандляваў на рынку. Памаленьку займаўся. Маляваць умеў, у школе пяцёркі па гэтым прадмеце атрымліваў. Пачаў выразаць з дрэва, развіваўся. З’явіліся першыя заробкі. Але не гэта галоўнае — асноўнае, што самому цікава. Бо, каб займацца нечым, трэба цікавасць мець. І ўжо гады чатыры выразаю з дрэва. Што мне даспадобы, тое раблю. Вельмі падабаецца канчатковы варыянт. Бывае, працуеш 12 гадзін, але цікава да канца ўсё давесці, пабачыць, што атрымаецца. Іншы раз не атрымліваецца — занава робіш.
— Вы спецыялізуецеся на вырабе грыбоў…
— Практычна не паспяваю больш нічога другога прыдумаць. Усё грыбамі заняты, бо яны разыходзяцца хутка. Не паспееш зрабіць тыя ж магніцікі — ужо зноў трэба. Зараз ключніцы пачаў рабіць. Сувенірныя падковы яшчэ ствараю з дрэва — гэта ўжо не выразаю, а лазерам на фанеры выпальваю.
— Ці памятаеце, як вырашылі: «Буду рабіць грыбы»?
— Нават не магу сказаць. Неяк сядзеў на рынку, пачаў маляваць. А з дзяцінства любіў у лес хадзіць, так грыбы і з’явіліся. Але трэба жаданне, час і любіць гэту справу. Хадзіць у лес, шукаць, не толькі грыбы збіраць — прыглядацца, дзе сук цікавы.
— Гляджу, найбольш у вас баравікоў і падасінавікаў…
— Так. Бывае, яшчэ выразаю апенькі, лісічкі, мухаморы, рыжыкі.
— Якія якасці характару патрэбны для такога захаплення?
— Трэба жаданне мець і цярпенне. Выразаю ўсё вельмі вострым нажом. Спачатку не адзін раз рукі рэзаў. Потым прыстасаваўся. Хаця трэба пастаянна нажом вар’іраваць і быць вельмі ўважлівым.
— Вырабы па памяці робіце ці са здымкаў?
— Не з фатаграфій — так, прыкладна помніш. Выражаш — потым акрылавымі фарбамі размалёўваеш ці кавай зафарбоўваеш.
— Дрэва выбіраеце нейкае асаблівае?
— Раблю, у асноўным, з асіны. Хацелася б з ліпы, але яе вельмі мала. Было такое, што дарожнікі выразалі, палілі — сукоў назбіраў, на цэлы год хапіла.
— Якую рэакцыю чулі на вашы творы?
— Хваляць. Ніхто кепскага не гаварыў. Пастаянна людзі здзіўляюцца: гавораць, што грыбы як сапраўдныя.
— А ў лесе якія самыя любімыя грыбы?
— Усё жыццё хаджу ў адзін лес — яловы і дубовы. Там, у асноўным, баравікі і рыжыкі растуць. Лаўлю моманты, калі яны з’яўляюцца. І падасінавікі падабаюцца.
— Што яшчэ хочацца зрабіць?
— Паліцы ці крэслы — але на гэта матэрыял патрэбен. Рабіў дамавікоў з каранёў, але гэта працаёмкая і марудная справа, часу не хапае. Тры карціны зрабіў з дамавікамі — і ўсё адзін чалавек забраў.
— У якія краіны вашы грыбы адправіліся, ці ведаеце?
— У Аўстралію, Амерыку павезлі. У Прыбалтыку пастаянна адпачываючыя забіраюць — ёсць людзі, якім падабаецца ручная праца.
— Грыбы чым для вас сталі?
— Не толькі захапленнем — займальна хадзіць па лесе, прыглядацца. Калі глядзець па баках, можна розныя цікавыя рэчы пабачыць. І штосьці знайсці. У лесе сукоў шмат, якія на першы погляд здаюцца гнілымі. А паглядзіш: усярэдзіне — якое моцнае і прыгожае дрэва! Можаш нешта з яго зрабіць — але гэта трэба думаць, сядзець. Іншы раз ляжаш спаць і раздумваеш…
— Вырабы толькі самі на кірмашах прадаеце?
— Не. Больш за ўсё набываюць у галерэі майстроў «Славутасць» у Мінску.
— З вашага досведу, ці можна рамесніку жыць толькі за сваю работу?
— Канечне, можна. Але трэба рабіць так, каб людзі зацікавіліся і куплялі твае вырабы. А калі проста зрабіў невядома для чаго, то і вынік будзе адпаведны.
— І як зрабіць, каб куплялі?
— Гляджу, што людзям больш падабаецца. Што большым попытам карыстаецца, тое і раблю.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.
На здымках: Ананій Варанец, твор майстра.
Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Ой, якая прыгажосць!» — да стала падыходзіць чарговая наведвальніца. І сапраўды, грыбы тут як на падбор: вось поўны кошык крамяных баравікоў, а вунь палымяныя...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика