У яе нетыповае і вельмі цікавае хобі – карвінг. Прасцей кажучы, жанчына займаецца фігурнай рэзкай… па гародніне і садавіне. Мы сустрэліся з Людмілай Вяславаўнай і распыталі пра яе моднае захапленне.
Дарогамі жыцця
Як аказалася, з кулінарыяй жанчыну не звязваюць ніякія працоўныя адносіны: па прафесіі яна фельчар-лабарант. Медыцыне Людміла Вяславаўна прысвяціла звыш 25 гадоў, аднак давялося асвоіць і многія іншыя прафесіі.
Так склаўся лёс, што пасля замужжа Людміла Вяславаўна “жыла на чамаданах”. А як інакш, калі муж насіў ваенную форму? Жыццё кідала то ў спякоту, то ў холад у поўным сэнсе гэтага слова: давялося нашай гераіне і ў Афрыцы пажыць, і ў Сібіры. Аднак усё ж жанчына вярнулася ў Беларусь. Жыла і працавала ў Мінску, Гродне і нарэшце – у Шчучыне.
Творчасць без межаў
Дзе б ні была, заўсёды знаходзіла Людміла Вяславаўна час на творчасць. З-пад яе пяра пачалі выходзіць вершы: шчырыя, светлыя. Яна расказвала ў іх пра трапяткое каханне і нялёгкую жаночую долю, шукала сэнс жыцця і любавалася прыгажосцю роднага краю.
Кажуць, творчы чалавек творчы ва ўсім. Дом Людмілы Вяславаўны нагадвае чароўную майстэрню. На паліцах – безліч рукатворных работ: кошыкі і скрыначкі з паперы, моднае вязанае адзенне, бутэлькі з 3-D малюнкамі, тапачкі са стужак і многае іншае. Аказалася, што наша гераіня цудоўна шые, вышывае і вяжа. Гэтае жаночае майстэрства перадалося ад мамы – Сафіі Сямёнаўны, якая і сёння з задавальненнем стварае лёгкія сурвэткі з казачнымі ўзорамі і натхняе на творчасць таленавітую дачушку.
Людміла Вяславаўна заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку: асвойвае такія тэхнікі, як канзашы, дэкупаж, пляценне з папяровых трубачак, мылаварэнне і іншыя. А якія цудоўныя пірагі ды тарты пячэ гаспадынька!
Расцвіталі яблыкі і грушы…
Пра карвінг Людміла Вяславаўна даведалася выпадкова: прачытала артыкул у модным часопісе. Ідэя так захапіла, што жанчына вырашыла абавязкова паспрабаваць ствараць шэдэўры самастойна. Задумка атрымалася!
З кожным днём мая суразмоўца ўдасканальвала свае навыкі, вучылася выразаць на гародніне і садавіне кветкі, лісткі, мудрагелістыя ўзоры і аб’ёмныя надпісы. Вывучыць азы майстэрства дапамаглі часопісы, кнігі і майстар-класы ў інтэрнэце. Карвінг -- вельмі цікавая справа. Ад іншых захапленняў яго адрознівае тое, што работу заўсёды можна падправіць, а калі не атрымліваецца… з’есці!
Шчучынка пераканана, што асвоіць гэта рамяство можа любы жадаючы, толькі майстру трэба валодаць добрым вакамерам і цвёрдай рукой.
Для мастацкай разьбы падыходзіць і садавіна, і гародніна.
-- Каб рабіць простыя фігуры, дастаткова мець добра заточаны нож з эластычным лязом, цярпенне і фантазію, -- гаворыць Людміла Вяславаўна. -- А вось больш складаныя фігуры патрабуюць дадатковых спецыяльных інструментаў. У ход ідуць тайскія, гравёрныя і карбовачные нажы, лыжкі-нуазеткі і многае іншае.
Зараз у арсенале майстра – цэлы набор прафесійных інструментаў для карвінгу і багаты вопыт.
Пайшоў кавун… пад нож
Выразае наша суразмоўца не толькі на кавунах, але і іншай агародніне. Больш за ўсё Людміле Вяславаўне падабаецца выразаць ружы. Карвінг дазваляе ствараць з прадуктаў харчавання сапраўдныя творы мастацтва. Стравы на стале так прыгожа выглядаюць, што госці часам не ведаюць, з якога боку да прыгажосці падступіцца.
Гляджу на ўзоры на кавуне, над якім не адну гадзіну завіхалася мая суразмоўца, і дзіву даюся. Што тут скажаш: цярпенне і жаданне якасна рабіць сваю справу, відаць, перамагаюць усе складанасці. Цяжка дакладна падлічыць, колькі займае ўпрыгожванне аднаго кавуна. Усё залежыць ад складанасці ўзораў і памеру ягады.
Майстар-клас? Калі ласка!
Работы Л.В. Самсонавай ужо паспелі ацаніць не толькі любімыя сын Алег, дачка Наталля і трое ўнукаў, але сябры і знаёмыя. Да таго ж Людміла Вяславаўна прымала ўдзел у фестывалі кветак, юбілеі горада, Купаллі, займала прызавыя месцы ў спаборніцтвах па карвінгу. Пра незвычайнае захапленне шчучынкі нават пісалі ў часопісе “Сваты на кухні”. Людміла Вяславаўна давала майстар-клас чытачам. Дарэчы, дзяліцца вопытам яна гатова з усімі сваімі землякамі. Галоўнае – іх жаданне!
Ні дня без ідэі
У маёй суразмоўцы многа творчых планаў і задумак. Яна прызналася, што заўсёды марыла заняцца... разьбой па дрэве і нават усе неабходныя прылады для гэтага набыла. Вось толькі, як кажуць, усё рукі не даходзілі. Аднак зараз Людміла Вяславаўна вырашыла, што прыйшоў час ажыццявіць мару і асвоіць разьбу ў стылі “таццянка”. Пераканана, што ў гэтай жыццярадаснай, творчай і абаяльнай жанчыны і гэта атрымаецца выдатна!
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара і з асабістага архіва Л.В. Самсонавай.