Дзень беларускага пісьменства ў 2018 годзе пройдзе ў горадзе Іванава Брэсцкай вобласці
15.08.2018
—
Разное
|
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 г. № 157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь» Дзень беларускага пісьменства штогод адзначаецца ў нашай краіне ў першую нядзелю верасня. Традыцыйна свята праводзіцца ў гарадах – цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання, месцах з багатай гістарычнай спадчынай, з якімі непарыўна звязаны жыццё і дзейнасць славутых дзеячаў Беларусі розных часоў. Дзень беларускага пісьменства праходзіў у наступных гарадах Беларусі: 1994 – Полацк · 1995 – Тураў · 1996 – Навагрудак · 1997 – Нясвіж · 1998 – Орша · 1999 – Пінск · 2000 – Заслаўе · 2001 – Мсціслаў · 2002 – Мір · 2003 – Полацк · 2004 – Тураў · 2005 – Камянец · 2006 – Паставы · 2007 – Шклоў · 2008 – Барысаў · 2009 – Смаргонь · 2010 – Хойнікі · 2011 – Ганцавічы · 2012 – Глыбокае · 2013 – Быхаў · 2014 – Заслаўе · 2015 – Шчучын · 2016 – Рагачоў · 2017 – Полацк Юбілейны дваццаць пяты Дзень беларускага пісьменства у 2018 годзе пройдзе ў кантэксце тэматыкі "Мая малая радзіма" у горадзе Іванава Брэсцкай вобласці. Штогадова ў святочных мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства прымаюць удзел вышэйшыя афіцыйныя асобы Рэспублікі Беларусь, кіраўнікі міністэрстваў, дзеячы літаратуры, культуры, навукі, мастацтва, журналісты, прадстаўнікі пасольстваў, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь, замежныя дэлегацыі. За час свайго існавання Дзень беларускага пісьменства стаў па-сапраўднаму нацыянальным святам, значнай падзеяй культурнага жыцця краіны. Святочныя мерапрыемствы праходзяць не толькі ў горадзе-сталіцы, але і па ўсёй рэспубліцы. Гэта – тэматычныя ўрокі, лекцыі, семінары, творчыя сустрэчы з вучонымі, пісьменнікамі, дзеячамі культуры, педагогамі. Сярод асноўных мерапрыемстваў Дня беларускага пісьменства: – урачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор у галіне паэзіі, прозы, драматургіі, заснавальнікамі якога з'яўляюцца грамадскае аб'яднанне «Саюз пісьменнікаў Беларусі», Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, іншыя зацікаўленыя; – «круглы стол» з удзелам замежных паэтаў і пісьменнікаў, арганізатарамі якога з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі, грамадскае аб’яднанне «Саюз пісьменнікаў Беларусі», РВУ "Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура»; – навукова-практычная канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, іншых навуковых устаноў нашай краіны; – узнагароджванне пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», накіраванага на павышэнне цікавасці дзяцей і падлеткаў да чытання, выхаванне падрастаючага пакалення на лепшых прыкладах нацыянальнай літаратуры, пошук і падтрымку таленавітай моладзі. Заснавальнікамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі, Міністэрства адукацыі, ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне», ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». Састаўной часткай Дня беларускага пісьменства традыцыйна з'яўляецца рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў» з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга, у якой прымаюць удзел прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі, духавенства. Экспедыцыя праходзіць па гарадах і вёсках некалькіх рэгіёнаў краіны і завяршае свой шлях у сталіцы правядзення свята. У рамках Дня беларускага пісьменства Міністэрствам інфармацыі праводзіцца Фестываль кнігі і прэсы, на якім працуюць кніжныя выставачныя павільёны, тэматычныя кніжныя пляцоўкі, экспазіцыі рэспубліканскіх і рэгіянальных друкаваных СМІ, гандлёвыя павільёны і палаткі. Падчас правядзення Фестывалю госці свята сустракаюцца з беларускімі літаратарамі, супрацоўнікамі выдавецтваў і рэдакцый друкаваных СМІ, праводзяцца прэзентацыі кніг і выдавецтваў, перыядычных выданняў, арганізуюцца выступленні мастацкіх калектываў і беларускіх выканаўцаў.
Главная
| Новости
| Газеты
| Бизнес Инфо
| Справки
| Знакомства
| Знакомства2
| Гороскоп
| Анекдоты
|
© 2004-2020 21.by
|