Валянціна Малько: усе абавязкі — толькі на “выдатна”!. 21.by

Валянціна Малько: усе абавязкі — толькі на “выдатна”!

11.10.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Мая суразмоўца, а аповед ідзе пра Валянціну Малько, — сувязіст. Яна родам з Гомельшчыны, там расла, вучылася ў школе. Пасля закончыла ў Мінску Вышэйшы каледж сувязі. Падчас навучання дзяўчына пазнаёмілася з хлопцам з Мядзельшчыны. Пакахалі адзін аднаго, стварылі сям’ю. Дарэчы, сёлета спаўняецца роўна 30 гадоў, як Валя і Анатолій крочаць разам па жыцці.

Маладымі спецыялістамі прыехалі муж з жонкай у Нарачанскі край. На работу ўладкаваліся ў раённы вузел электрасувязі, дзе і цяпер працуюць. Валянціна пачынала тэлеграфістам, муж — электрамеханікам. Зараз жанчына з’яўляецца спецыялістам па продажы групы па аказанні паслуг. Займаецца кансультаваннем кліентаў па пытаннях, якія датычаць устаноўкі і пераўстаноўкі тэлефонаў, падключэння тэлебачання ZALA і многіх іншых паслуг, які аказвае РУП “Белтэлекам”. Яна ж рыхтуе і заключае дагаворы на іх прадастаўленне. Да сваіх непасрэдных абавязкаў адносіцца адказна. Як сама прызнаецца, і ёй, і калегам з групы па аказанні паслуг больш за астатніх работнікаў прадпрыемства даводзіцца мець справу з людзьмі. Вось і стараюцца, каб не было нараканняў на іх работу: з наведвальнікамі — ветлівыя, уважлівыя, ды і да дакументаў — не падкапаешся, бо складзены правільна. Сёння раённы вузел электрасувязі займае 1-ае месца ў вобласці па падключэнні тэлебачання ZALA (яго выкарыстоўвае ўжо 31 жыхар з кожнай сотні), 1-ае месца па забеспячэнні тэлефоннай сувяззю (59 апаратаў на 100 жыхароў) , 3-яе месца па шчыльнасці інтэрнэта (30 падключэнняў на 100 жыхароў). У гэтым значная заслуга ўсіх спецыялістаў па продажы, у тым ліку і Валянціны Малько. Нездарма фотаздымак жанчыны змешчаны сёлета на Дошцы гонару Мінскага філіяла РУП “Белтэлекам”.
Пяць гадоў узначальвае Валянціна Уладзіміраўна пярвічную прафсаюзную арганізацыю Мядзельскага вузла электрасувязі Маладзечанскага занальнага вузла электрасувязі Мінскага філіяла РУП “Белтэлекам”. Да свайго грамадскага даручэння таксама адносіцца добрасумленна. Разам са сваімі памочнікамі арганізоўвае ўшанаванне работнікаў з нагоды прафесійных свят і іншых адметных дат календара, а таксама розныя экскурсійныя паездкі. Актыўна ўдзельнічаюць мядзельскія сувязісты і ў спартыўных спаборніцтвах, якія ладзяцца сярод работнікаў галіны, дзе і выступаюць даволі нядрэнна.
Валянціна — любячая, клапатлівая жонка. У многім дзякуючы надзейнаму тылу ў яе асобе муж імкліва падымаўся на службовай лесвіцы: працаваў інжынерам, галоўным інжынерам, намеснікам начальніка, сёмы год узначальвае прадпрыемства. Як мне здаецца, няпроста быць жонкай кіраўніка, але і з гэтым абавязкам Валя спраўляецца выдатна.
А яшчэ Валянціна Уладзіміраўна — ласкавая, любячая матуля. Разам з Анатоліем Аляксеевічам яна выхавала сына і дачку. Аляксей, названы ў гонар дзядулі, які ў Вялікую Айчынную вайну быў вязнем, закончыў адразу БДУІР, потым — магістратуру. Зараз працуе ў Мінску інжынерам у сістэме электрасувязі. Мае сваю сям’ю. Марына — студэнтка другога курса. Яна займаецца ва ўніверсітэце, які закончыў брат, толькі на іншым факультэце — інжынерна-эканамічным. Спадзяецца матуля, што і надалей дзеці не падвядуць яе з бацькам, вырастуць неабыякавымі людзьмі.
Жанчына з задавальненнем наводзіць парадак у пакоях, ахвотна шчыруе на агародзе, вырошчвае кветкі. Ёй падабаецца песціць родных уласнай выпечкай. Любіць паблукаць і па лесе ў пошуках грыбоў, ягад. А ў вольны час Валянціна часта бярэ ў рукі кнігу, глядзіць цікавыя тэлеперадачы. У іх сям’і шмат сяброў, з якімі яны падтрымліваюць сувязі. Рада жанчына і гасцям. А яшчэ ёй вельмі падабаецца падарожнічаць, асабліва — па святых месцах. “Пабываўшы ў такіх паездках, — расказвае, — дадому вяртаюся акрыленая і шчаслівая. Бог дае мне сілы паўнавартасна жыць далей”. Дарэчы, на Вадохрышча пяць гадоў запар яна смела, не зважаючы на надвор’е, акунаецца ў ледзяную ваду. “Не страшна?” — цікаўлюся. “Калі што робіш з верай, то нічога не трэба баяцца, — упэўнена сцвярджае. — Бог нікога не пакіне, кожнаму дапаможа. Трэба толькі гэтага захацець, даверыць яму сваё жыццё — і ўсё атрымаецца!”
Разам з іншымі членамі калектыву раённага вузла электрасувязі Валянціна Уладзіміраўна актыўна ўдзельнічала ў падрыхтоўцы да абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2018”. Працавала шмат дзе, каб Мядзел годна прыняў удзельнікаў свята хлебаробаў Міншчыны. “За той час, што жыву ў азёрным краі, прыкіпела да яго сэрцам, — кажа. — Даўно лічу Мядзельшчыну сваёй другой радзімай. І вельмі хачу, каб гэты адметны куточак Беларусі і надалей заставаўся самым прыгожым, чыстым, утульным. Каб былі ад яго ў захапленні і мы, жыхары, і нашы госці”.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мая суразмоўца, а аповед ідзе пра Валянціну Малько, — сувязіст. Яна родам з Гомельшчыны, там расла, вучылася ў школе. Пасля закончыла ў Мінску Вышэйшы каледж...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика