Чалавек ад зямлі. 21.by

Чалавек ад зямлі

17.10.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


НЕЯК пры сустрэчы дырэктар ААТ «Пруднікі-Агра» Аляксандр Дзяконскі зазначыў, што ў таварыстве працуе шмат старанных людзей. Руплівасцю вызначаюцца многія вадзіцелі, механізатары, жывёлаводы.
— Сустрэньцеся, калі ласка, з Уладзімірам Грышкевічам. Усё жыццё працуе механізатарам. Вельмі адказны чалавек. Любіць тэхніку, па-гаспадарску яе эксплуатуе. Заслугоўвае таго, каб пра яго напісалі ў газеце, — параіў Аляксандр Яўгенавіч.
— А дзе яго можна знайсці? — цікаўлюся.
— Ён там, дзе закладваем кармы. Замацаваным «кіраўцам» трамбуе сіласную масу ў траншэі ля фермы «Гарадзішча». Пакіне Уладзімір Іванавіч працаваць — стане колам трактар, — адказвае дырэктар.
Едзем да фермы «Гарадзішча». Здалёку бачым жоўты «кіравец», які паволі рухаецца па траншэі. Заўважыўшы гасцей, механізатар спыняе тэхніку, выходзіць з кабіны.
— Як працуецца? — пытаемся.
— Няхай сабе. Але даўно пара і мне на адпачынак, і трактару, — усміхаецца гаспадар сталёвага волата. — Ён з 1990 года. Зараз каб і падладзіць штосьці — праблема. Няма запасных частак. Выпускаюць трактары навейшых канструкцый і мадэлей.
Паціху разгаварыліся. Няспешнай размове спрыяла тое, што выйшла са строю касілка і часова спыніўся падвоз кукурузнай масы.
Уладзімір Іванавіч мясцовы. Жыве ў вёсцы Восава. З дзяцінства марыў быць трактарыстам. Таму, закончыўшы восем класаў, папрасіў у дырэктара саўгаса «Восаўскі» накіраванне на вучобу ў Свірскае СПТВ-17.
— За тры гады вучобы атрымаў не толькі спецыяльнасць трактарыста-машыніста шырокага профілю, але і сярэднюю адукацыю, — расказвае Грышкевіч. — Вучыцца было цікава. І сёння шчыра ўдзячны майстру Уладзіміру Іванавічу Дзікаму, які прывіў мне любоў да тэхнікі. Пасля вучобы вярнуўся ў родны саўгас, але доўга папрацаваць не давялося. Прызвалі ў армію. Адслужыўшы — зноў ў Восава. Так і жыву тут, працую…
— Якімі трактарамі давялося кіраваць? — пытаюся.
— Рознымі. Спачатку на «МТЗ», потым «Т-150К» за мной замацавалі. Затым на адным «кіраўцы», яго спісалі — на другім. А рабіў усё, што казалі: араў глебу, касіў, сеяў, вазіў кармы і ўгнаенні. Самі разумееце, вясковы механізатар універсальны, — усміхаецца суразмоўца. — Пайшоў на пенсію. Тры гады дома адпачываў. Ды прыехалі з гаспадаркі і кажуць: «Валодзя, можа б ты выйшаў на працу, дапамог крыху? Прыгналі з Вілейшчыны «кіравец», а ў ім ніхто не разбіраецца. Падрамантаваць трэба…» Выйшаў на работу — і вось ужо шосты год працую.
— А што даручаюць?
— Асабліва не разгонішся. Няма навясных агрэгатаў да гэтага трактара. Вясной чызелем рыхтаваў глебу пад збажыну, а настала пара назапашваць кармы — сянаж трамбаваў, а зараз — сілас. Зімой буду адпачываць. А тэхніка добрая, магутная, — адказвае Уладзімір Іванавіч.
За шматгадовую працу механізатара не раз узнагароджвалі граматамі, каштоўнымі падарункамі. Яго заўсёды называлі ў ліку лепшых работнікаў гаспадаркі. Вось так жыве і працуе старэйшы механізатар таварыства, да якога многія звяртаюцца па дапамогу, па парады. Ён нікому не адмаўляе. Бо, як кажуць, чалавек ад зямлі, выхаваны ў вёсцы. А вяскоўцы заўсёды гарнуліся адзін да аднаго.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: механізатар ААТ «Пруднікі-Агра» Уладзімір Грышкевіч.
Фота
Аляксандра Высоцкага.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
НЕЯК пры сустрэчы дырэктар ААТ «Пруднікі-Агра» Аляксандр Дзяконскі зазначыў, што ў таварыстве працуе шмат старанных людзей. Руплівасцю вызначаюцца многія...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика