На працягу 20 год настаўніцай гісторыі ў Велікасельскай ДС-СШ працуе Ганна Казіміраўна Суднік
06.11.2018
—
Разное
|
“Чалавек, які на прагулцы сочыць не толькі за сваім дзіцем, а за ўсім дваром — гэта настаўнік. І дадому ён ідзе з поўным пакетам не прадуктаў, а сшыткаў”,-у гэтым жартаўлівым выказванні аднаго з настаўнікаў пра сваю прафесію і сапраўды ёсць рацыя. Чалавеку,які звязаў свой лёс з педагогікай, адначасова даводзіцца быць і выхавальнікам, і артыстам, і тонкім псіхолагам,і сябрам,і дарадцам. Ды мала яшчэ кім даводзіцца быць настаўніку на працягу дня. Яго працу нельга ўціснуць у гадзінныя рамкі з 8.00 да 17.00. І за парогам школы прадстаўнікі гэтай няпростай прафесіі не перастаюць быць настаўнікамі. А ўсё для таго, каб не толькі перадаць дзецям неабходныя веды, але і захаваць у іх душах і сэрцах галоўнае – чалавечнасць. Ганна Казіміраўна Суднік на працягу 20 гадоў выкладае гісторыю і грамадазнаўства ў Велікасельскай сярэдняй школе –садзе і дадаткова выконвае функцыі сацыяльнага педагога, а таксама ўзначальвае работу прафсаюзнага камітэта ў сваёй навучальнай установе. На пытанне, чаму яна выбрала для сябе менавіта гэту прафесію мая суразмоўца адказала, што – любоў да прадмета і любоў да дзяцей — галоўнае, без чаго немагчыма працаваць у школе. З самага дзяцінства Ганне Казіміраўне падабалася разбірацца ў гістарычных фактах, аналізаваць падзеі. Не менш прывабнай маладой дзяўчыне здавалася і работа з дзецьмі. Значны ўплыў на выбар будучай прафесіі аказалі выдатныя настаўніцы гісторыі, якія выкладалі любімы прадмет у Германавіцкай школе, дзе вучылася з першага па 11 клас. Гэта Уладзіслава Уладзіміраўна Васілеўская і Іна Сямёнаўна Пучынская. Родам Ганна Казіміраўна з невялікай вёскі Крапіўнікі, там зараз пражываюць яе бацькі. Пасля вучобы ў школе паспяхова закончыла Мінскі педагагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “настаўніца гісторыі і грамадазнаўства. ” На працягу двух дзясяткаў гадоў выкладае гэтыя прадметы ў Велікасельскай школе-садзе. Школа ў вёсцы – культурна-асветніцкі цэнтр. Да яе бягуць сцяжынкі ад дамоў вучняў, і ад яе гэтыя сцежкі вядуць у будучыню.А Велікасельская школа для самой Ганны Казіміраўны за два дзясяткі гадоў яе працы стала другім домам, у якім і дзеці , і настаўнікі праводзяць значную частку свайго жыцця. Некалькі гадоў таму гэту школу закончыла і дачка Ганны Казіміраўны — Каця, у цяперашні час медыцынская сястра адной з устаноў аховы здароўя у Наваполацку. У 9 класе вучыцца сын маёй суразмоўцы Дзмітрый. Малады чалавек захапляецца тэхнікай,з’яўляючыся галоўным мужчынам у сям’і , дапамагае маці па даму, а сярод школьных прадметаў перавагу аддае біялогіі і хіміі.У Ганны Казіміраўны цудоўныя дзеці, поспехамі якіх маці, безумоўна, ганарыцца. Як і поспехамі ўсіх сваіх вучняў. Такі чалавек, як Ганна Казіміраўна, у нашым калектыве — на вагу золата,-адзначыў дырэктар навучальнай установы Юрый Часлававіч Матуль.- Гэта абаяльная і прыгожая жанчына яшчэ і выдатны прафесіянал, для якой блізкімі з’яўляюцца праблемы вучняў. Ёй характэрны высокая эрудыцыя, пастаяннае імкненне да творчасці і самаўдасканалення, аб’ектыўная ацэнка сваёй дзейнасці. Настаўніца ўдала вырашае метадычныя праблемы, што ўзнікаюць, выпрацоўвае свой педагагічны почырк, выкарыстоўвае найбольш прагрэсіўныя і эфектыўныя формы, метады і прыёмы. Неабходна дадаць і тое, што кабінет гісторыі, якім загадвае Ганна Казіміраўна , уяўляе своеасаблівую творчую майстэрню, дзе сабраны і сістэматызаваны багаты дыдактычны і метадычны матэрыял. Настаўнік таксама праводзіць значную пазакласную работу па прадмеце, займаецца разам з вучнямі навукова-даследчай дзейнасцю. З дапамогай Ганны Казіміраўны і іншых педагогаў у школе сабраны дастатковы матэрыял, які ўжо хутка будзе надрукаваны пад назвай “Маленькія хронікі Вялікага Сяла” . А Кніга гонару, якая таксама створана ў школе, будзе ўключаць у сябе падрабязную інфармацыю пра нашых славутых землякоў — лаўрэатаў ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны і Шаркаўшчыны” розных гадоў. Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ. Оставить комментарий
|
|