Сустрэча. 21.by

Сустрэча

10.11.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На правым беразе Дняпра, каля мемарыяльнага камня бліз вёскі Купейкі, стаялі двое: мужчына, гадоў каля васьмідзесяці, і хлопчык, з чырвонаю зоркаю на белай сарочцы. Мужчына пільна ўглядаўся на другі бераг ракі. Худы, маршчыністы твар яго быў заклапочаны, рэдкія сівыя валасы развяваў вецер. Ён быў без адной нагі і апіраўся плячом на мыліцу. Хлопчык тузаў яго за руку і аб чымсці прасіў.
Я падышоў бліжэй і ўбачыў на новенькім летніку ветэрана баявыя ўзнагароды. Ён быццам і не заўважаў мяне, працягваў гаварыць, затым прысеў на ўзвышша старой траншэі, закурыў…
Шырокія зяленыя ўкраінскія лугі, што люстра, ззялі затокамі, возерам, адбіваючы промні яскравага восеньскага сонца. I гэтую чысціню, гэты шэдэўр блакіту можна было назіраць толькі з высокага, крутога правабярэжжа беларускай зямлі.
Раптам ветэран неяк уздрыгануўся, паправіў мыліцу, позірк яго быў накіраваны ўніз, на нейкі прадмет, што ляжаў каля нагі. Ён нязручна нагнуўся і падняў аўтаматную гільзу.
— Столькі гадоў прайшло, а гэта ўсё ляжыць! Фашысты! Нелюдзі! — ветэран з размаху кінуў яе пад гару. I зноў успаміны не давалі спакою. Перад ягонымі вачыма паўстала вайна і халодная восень сорак трэцяга года, калі ён быў у ліку тых, хто застаўся жывым з нямногіх байцоў 120 стралковага палка 65 арміі пад камандаваннем генерала-лейтэнанта П.І. Батава пры фарсіраванні ракі Днепр у раёне Лоева, адным з тых, хто першым вызваляў з нямецкага палону беларускіх людзей…
…Па мёрзлай зямлі ішоў чалавек. Пад цяжарам бервяна, якое нёс, ён згінаў спіну, каб аблегчыць сваю ношу і даць крыху адпачыць плячу. Мужчына цяжка дыхаў. Апрануты ён быў у салдацкую форму, па якой можна   здагадацца, што на вайне гэты чалавек не першы год: гімнасцёрка выцвіла, запэцкана сасноваю карою і звычайным пяском. Салдат спяшаўся. Ён стараўся глядзець сабе пад ногі, каб не зачапіць што-небудзь і не ўпасці. Бервяно ўсё ж такі зачапілася за куст дрэнна абцярэбленым хлыстом. Мужчына зрабіў намаганне, каб вызваліць сваю ношу, ды не змог — кінуў яе на зямлю. Сеў на бервяно, закурыў.
Уздоўж затокі ішлі людзі. Яны таксама неслі бярвенні. Хвілін праз пяць да салдата падышоў сяржант.
— Чаму сядзіш, Мікола? — запытаў ён, утрымліваючы сваю ношу.
— Плячо нарэзаў, будзь яно няладна. Сядай, Валодзя, пакурым крыху.
Сяржант скінуў бервяно, сеў побач з Міколам і, зрабіўшы самакрутку, закурыў.
— Ты бачыў, што з Пазнапаламі немцы зрабілі? — запытаў Мікола.
— Дзе?
— Ды вунь, у двух кіламетрах адсюль, украінская вёсачка Пазнапалы была. Я там хлопцам калісці з дзяўчатамі гуляў, — заўважыў Мікола. — З людзьмі спалілі.
—  Фашысты паганыя! — Уладзімір сплюнуў.
— Я з гэтых мясцін, Валодзя. Там, за Дняпром, вёсачка мая, — Мікола ўздыхнуў. — Пераправімся, да мяне зойдзем, дзетак маіх пабачыш.
— Хай так будзе. Камандзір кажа: раніцою пачнецца, — заўважыў сяржант.
Мікола зацягнуўся самакруткай, потым кінуў яё, узняўся:
— Пайшлі. Хутчэй будзе, — ён ускінуў на плечы бервяно.
Цямнела. Па рэчышчы плылі плыты і лодкі з гарматамі, кулямётамі і боепрыпасамі.
Прыгажун-Дняпро, быццам узрадванае дзіця, якое сустракала сваіх бацькоў, узнімаў хвалі і шчодра біў імі аб бераг.
— Пачакай крыху, хутка вызвалім цябе, сынок, — шаптаў Мікола.
Нястрымна, бы хвалі, гойдалася сэрца, адстукваючы хвіліны. Людзі ляжалі на падмёрзлай зямлі і чакалі загаду. Пачало світаць. Моцныя выбухі ўскалыхнулі наваколле. Пачалася артпадрыхтоўка. Затым шэрая дымавая паласа павісла над ракою і паволі, быццам туман, папаўзла ўздоўж Дняпра. Гэта хімікі зрабілі дымавы заслон.
— Пара! — загадаў камандзір.
Людзі асцярожна ўзыходзілі на плыты, садзіліся ў лодкі і адплывалі.
— Асцярожней, браткі. Хутчэй грабіце. Там жа вёсачка мая. Сям’я мая там, — прасіў Мікола.
Салдацкая шапка яго з’ехала на бок, прамыя валасы звісалі на вочы. А ён быццам не заўважаў іх, прысеўшы на адно калена, гроб шастом што сілы. Крысо шыняля было ў вадзе, рамень з’ехаў на бок, толькі вінтоўка па-баявому выглядала з-за пляча штыком наперад. Твар яго быў мокры ад поту, і цяпер цяжка б было даць яму ягоныя гады, ён здаваўся значна старэйшым.
Дымавая завеса знікла, і цяпер ужо выразна быў відаць бераг. Фашысты заўважылі байцоў і адкрылі агонь з усёй зброі, якая толькі ў іх была. Ад выбухаў і траскатні кулямётаў кіпела, быццам у распаленым катле, вада. З пераправачных сродкаў, якія былі бліжэй да берага, заракаталі кулямёты і аўтаматы, чутны былі і рэдкія стрэлы з вінтовак.
Яшчэ грабок, другі, трэці… Вялізны слуп вады ўзняўся каля суседняга плыта, затым плыт разляцеўся па вадзе разам з людзьмі.
— Хутчэй, хлопцы, хутчэй, родныя, — паўтараў Мікола. —  Вось-вось будзе мелка, яшчэ крышачку. Вось і добра, — ён шастом дастаў камяністае дно.
Праз лічаныя хвіліны першы плыт уткнуўся ў бераг. Байцы саскоквалі з яго і беглі туды, адкуль нястрымна стралялі немцы. Адзін з нашых салдатаў разгарнуў сцяг. Гучна і працяжна панеслася — «Ура!», падганяючы людзей, надаючы ім сілы. Мікола бачыў, як яны лезлі на крутую гару. Ён не вытрымаў, зняў вінтоўку і кінуўся ў ваду, уздагонку. Калі ўпаў на беразе і абярнуўся, то ўбачыў, што з яго пераправачнага сродку засталося толькі адно бервяно, а побач, коламі ўгару, ляжала гармата, барахталіся ў вадзе людзі.
— У, гады! — вырвалася з грудзей салдата.
Ён узняўся і пабег далей. Праз некалькі хвілін воіны былі ў варожай траншэі. Пачаўся рукапашны бой. Мікола бачыў, як беглі, пакідаючы свае пазіцыі, фашысты…
— Камандзір, там, злева, роў ёсць да вёскі, метраў сямсот. Мы спрытна абгонім іх, — выкрыкнуў Мікола.
— Крупейчанка, адкуль ты гэтыя мясціны ведаеш? На карце нічога няма! — крыкнуў камбат.
— Ды я ж з гэтых мясцін. Не раз рыбу вудзіць хадзіў. Мая вёсачка там, дзеткі мае.
— Батальён, за мной! — скамандаваў капітан.
Ды ад батальёна таго засталося… чалавек, можа, дзесяць, не болей. Яны паўзком пад перастрэльным агнём адпаўзлі ў роў.
Родныя  мясціны сагравалі сэрца, пахла вільгаццю ды марозцам. На каўнеры шыняля збіраўся сняжок, відаць, ад дыханнъя.
— Крышачку далей, справа, канава будзе і арэшнік, тут можна і пачакаць крыху. Не заўважаць.
— Ты што, Крупейчанка, з глузду з’ехаў? Якое пачакаць?! Загад Сталіна  —  наперад! А хто першы — той герой, — неяк стомлена сказаў камбат.
— Добра, добра! Зараз і вёска будзе, вунь відаць, — прашаптаў Мікола.
Адляжаўшыся крыху, байцы непрыкметна паўзлі ўздоўж раўчука, які сцякаў з вёскі ў Дняпро.  Кулямётная чарга падняла слупы падмёрзлай зямлі каля іх, салдаты схілілі ў касках галовы.
— Валодзя Тарасенка, кулямёт — i наперад! — скамандаваў камбат.
Той папоўз у бок страляніны, змог узняцца на кручу, і адтуль толькі застракатаў наш ручны кулямёт.  Але не разлічылі байцы свае сілы, немцаў было больш.
— Куды ж цяпер, Мікола? — крычаў камбат.
— Да могілкаў трэба! Злева яны. Там нікога не павінна быць, —  адазваўся стомлена Мікола. — Хаця да хаткі маёй далей будзе.
— Хатка, хатка! Пойдзем на могілкі, — скамандаваў капітан.
Байцы паўзком і перабежкамі прабіраліся туды, дзе ў хваёвым лесе, на ўскраіне, віднеліся крыжы і маленькая капліца. Праз гадзіну-дзве яны былі на месцы. Іх засталося ў жывых каля васьмі…
— Пачакаем цемры, — сказаў камбат. — Назад ісці нельга. Загад — толькі наперад.
Ракаталі кулямёты, чутна было, як рваліся недалёка снарады. Над вёскаю гарэла вогнішча. Цямнела. Вецер павярнуў і дуў у бок вёскі.
— Рыхтуйцеся да бою, сынкі! — скамандаваў камбат.
Лязгнулі вінтоўкі, у месячным святле заззялі штыкі. З моцным гукам «Ура!» байцы кінуліся ў вёску, страляючы неўпапад. Першым бег Крупейчанка. У гэткай мешаніне фашысты адышлі на іншую палову вёскі і зрабілі абарону па дарозе.
Мікола апамятаўся толькі ўжо ў весцы, калі яго дагнаў сяржант.
— Зайздрю я тобі, Мікола. Ріднэ село вызваляеш. Такэ раз у жыцці бувае, — сказау ён, цяжка дыхаючы.
— Бачыш, як вёсачка гарыць? Як гарыць?! — Мікола моцна сціснуў вінтоўку… Вось і правулак, і хата… Але дзе яна?
Мікола спыніўся, прайшоў па паваленым плятні ў агарод. Замест хаты ён убачыў некалькі абгарэлых бярвенняў…
— Насця! — закрычаў Мікола, сэрца яго сціскалася, — Насця, Андрэй, Дунька, Алеся!
З  ямы, у якой звычайна хавалі бульбу, вылез у запэцканай лахманіне хлопчык. Мікола не адразу пазнаў яго.
— Татачка! Татачка! Даражэнькі мой!— хлапец у слязах падбег да бацькі, абхапіў яго за калені…
— Сынок! Сынок мой! — салдат абняў сына. — Мамка, Дунька, Алеся дзе?
— Мамку з Алесяй, — Андрэйка плакаў, — немцы забілі. Дуньку ў Нямеччыну пагналі.
— Што ж гэта супастаты робяць, сынок?
Мікола ўзяў на рукі сына, моцна прыціснуў да грудзей… Раптам ён уздрыгнуўся і паволі апусціўся на зямлю, каля вогнішча, што засталося ад хаты.
— Татка, родненькі! — закрычаў Андрэйка.
Моцны выбух ускалыхнуў наваколле. Гэта сяржант кінуў гранату туды, адкуль стрэліў фашыст…
…Ветэран дастаў з кішэні хустку, абцёр пот на скронях, затым дадаў: «Вось такая горкая доля твайго дзеда, Максімка. Ён быў у нас сынам палка, як цяпер гавораць. Мы з ім разам вайну скончылі, пад Кенігсбергам былі. З таго часу заўжды разам. А зараз і пахавалі яго на радзіме, дзе і прасіў. Зямля яму пухам. А вёсачка ягоная, Крупейкі, стаіць ды прыгажэе. Жыццё пройдзе, ты генералам будзеш. Радзіму любіць трэба! Яна адзіная ў нас, другой ніколі не будзе».
Пятро Раманенка.

 

КОРАТКА ПРА СЯБЕ 

Нарадзіўся ў 1949 годзе ў в. Крупейкі Лоеўскага раёна. Там прайшло маё дзяцінства, юнацтва. У 1969 годзе скончыў з адзнакай Лоеўскае педвучылішча, затым гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, працаваў на педрабоце, затым на кіруючых пасадах.
Зараз на пенсіі. ІІ група інваліднасці па зроку.
Друкаваўся ў газетах «Знамя юности», «Гомельская праўда» і іншых. Рыхтую да выдавецтва кнігу.
Гэты аповяд напісаў па ўспамінах ветэранаў, аднавяскоўцаў, многіх з якіх, на жаль, ужо няма ў жывых.
Сучасная моладзь павінна памятаць пра подзвігі старэйшага пакалення, паважаць і берагчы памяць пра іх, любіць нашу зямлю, нашу Беларусь.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На правым беразе Дняпра, каля мемарыяльнага камня бліз вёскі Купейкі, стаялі двое: мужчына, гадоў каля васьмідзесяці, і хлопчык, з чырвонаю зоркаю на белай сарочцы....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика