Слова Адамава на карэліцкай зямлі
Калі ты нарадзіўся ў Навагрудку, то першымі словамі ў сэрцы пасля “мама” і “тата” будуць “Вялікае Княства Літоўскае”, “Міндоўг”, “Арханёл Міхал” і “Адам Міцкевіч”. Імя апошняга цесна звязана і з натхняючым многіх творцаў сваёй прыгажосцю Карэліцкім краем. Таму напрыканцы снежня літаратурна-музычная кампазіцыя “Светлым ценем Адама Міцкевіча” з нагоды юбілею – 220-годдзя з дня нараджэння сусветна вядомага паэта – сабрала ў раённай бібліятэцы багата яго прыхільнікаў.
Спасцігаючы Паэта
Здаецца, што немагчыма за гадзіну расказаць пра жыццё і творчасць Адама Міцкевіча. Але супрацоўнікі бібліятэкі Валянціна Кошур, Міхаіл Лагута, Алена Лісоўская разам з дырэктарам Ліліяй Арцюх падчас сустрэчы здолелі перанесці прысутных у мінулае, дзе кожны змог спазнаць глыбіню талента паэта, зразумець атмасферу тых часоў і, магчыма, у сэрцы адчуць прысутнасць творцы.
Асабліва непаўторнай зрабілі імпрэзу выступленні гасцей. Марыя Касцюкевіч падарыла ўсім выключную магчымасць паслухаць баладу “Свіцязянка” на польскай мове, а на беларускай – лірычны настрой падхапіў Аляксандр Абадзінскі, прадэкламаваўшы верш “Два словы”.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, краязнаўца Святлана Кошур правяла ўдзельнікаў сустрэчы па маляўнічых мясцінах Карэліччыны і Навагрудчыны, якія ў сваіх творах на ўвесь свет праславіў Адам Міцкевіч. Маёнтак Чамброў, сядзіба Рута, возера Свіцязь, мястэчка Мір, вёскі Мядзвядка, Варонча, Горбатавічы і Цырын паўсталі перад слухачамі ва ўсёй прыгажосці паэтычнага слова.
Напрыканцы сустрэчы госці літаратурнага свята мелі выдатную магчымасць пазнаёміцца з кнігамі і публікацыямі на тэматычнай выставе “Майго сэрца любая Айчына”.
Таямніцы Адама
Імпрэза ў раённай бібліятэцы натхніла нас на сустрэчу з дырэктарам дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку Мікалаем Гайбай – чалавекам, які дасканала ведае біяграфію паэта і, як ніхто іншы, умее праўдзіва, маляўніча і ў дэталях распавесці пра яго жыццёвы і творчы лёс.