К 100-летию Антона Сипко – председателя Шумилинского райисполкома, одного из организаторов партизанского движения на Витебщине
17.01.2019
—
Разное
|
Старшыня Шумілінскага райвыканкама, адзін з арганізатараў партызанскага руху на тэрыторыі Віцебскай вобласці, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР – гэта Антон Уладзіміравіч Сіпко.
Антон Уладзіміравіч Сіпко нарадзіўся ў студзені 1909 года ў вёсцы Шодзікі Шумілінскага раёна ў сялянскай сям’і. З 1932 года працуе на савецкай рабоце. У 1937 годзе – старшыня Сіроцінскага райвыканкама.
У жніўні 1941 года ЦК КП(б)Б накіравала А. У. Сіпко ў тыл ворага для арганізацыі партызанскага руху.
З кастрычніка 1941 года Антон Уладзіміравіч у партызанах, з чэрвеня 1942 года – камісар атрада, з лютага 1943 па ліпень 1944 года – камісар партызанскай брыгады імя Леніна, якая дзейнічала на тэрыторыі Сіроцінскага і суседніх з ім раёнаў. Адначасова з кастрычніка 1941 года А. У. Сіпко з’яўляецца членам, а з сакавіка 1943 па ліпень 1944 года – сакратаром Сіроцінскага падпольнага райкама КП(б)Б.
Пасля вайны Антон Уладзіміравіч Сіпко зноў на пасадзе старшыні Сіроцінскага райвыканкама. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1947–1951 гадах.
Узнагароджаны ордэнам Леніна, трыма іншымі ордэнамі, медалямі.
Антон Уладзіміравіч Сіпко памёр 29 верасня 1951 года.
Пахаваны на воінскіх могілках у гарадскім парку г. п. Шуміліна. Яго імя носіць адна з вуліц г. п. Шуміліна.
З успамінаў былога палітрука ўзвода разведкі 3-й Беларускай партызанскай брыгады, былога загадчыка аддзела сельскай гаспадаркі Сіроцінскага райвыканкама В. І. Каніна:
– Я добра ведаў А. У. Сіпко, бо даводзілася разам з ім многа працаваць. Гэта быў чалавек высокай працаздольнасці, патрабавальны да сябе і падначаленых. Усе свае сілы і веды ён аддаваў рабоце.
Асабліва ярка яго арганізатарскія здольнасці і маральныя якасці праявіліся ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Ён атрымаў заданне партыі арганізаваць партызанскі рух у тыле ворага і з восені 1941 года разгарнуў вялікую арганізатарскую і палітычную работу. Хутка ўстанавіў сувязь з камуністамі, камсамольцамі і актывістамі, якія не паспелі эвакуіравацца. Работа ў тыле ворага была выключна цяжкай, патрабавала вялікага напружання, сілы волі, канспірацыі. Пастаянна трэба было рызыкаваць жыццём.
Пасля вызвалення раёна ад фашысцка-нямецкіх захопнікаў А. У. Сіпко зноў на пярэднім краі. Ён быў прызначаны старшынёй Сіроцінскага райвыканкама. Цяжкасці былі неймаверныя. Трэба было аднаўляць калгасы, прадпрыемствы, школы, бальніцы. Не хапала цяглавай сілы, трактароў, насення. Палі зараслі быльнягом, частка тэрыторыі раёна, дзе з восені 1943 года праходзіла лінія абароны нямецкіх войск, была замініравана. Людзі былі разуты, дрэнна апрануты, туліліся ў зямлянках.
Паступова жыццё пачало наладжвацца. Савецкія людзі праяўлялі высокі патрыятызм і самаахвярнасць. Жанчыны па некалькі чалавек упрагаліся ў плуг, насілі на сабе за дзясяткі кіламетраў насенне…
Летам рабочы дзень А. У. Сіпко пачынаўся ў 5-6 гадзін раніцы. Ён разбіраў дырэктывы вышэйстаячых арганізацый, скаргі, прымаў загадчыкаў аддзелаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў. Пасля дзевяці раніцы ён ужо ў калгасах. Вярхом на кані, а часта пешшу (транспарту не было) ён паспяваў ўсюды…
Крыштальная сумленнасць, беззапаветная, да самаахвяравання, адданасць Радзіме, сціпласць, чуласць да людзей былі характэрнымі рысамі Антона Уладзіміравіча Сіпко.
Падрыхтавала Аліна ПЯТРОВА.
Фота з фондаў Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея.
Надрукавана ў №6 ад 18.01.2019 г.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Равеснік краіны Антон Сіпко Старшыня Шумілінскага райвыканкама, адзін з арганізатараў партызанскага руху на тэрыторыі Віцебскай вобласці, дэпутат Вярхоўнага... |
|