Тэма тыдня: Прэзідэнту прадставілі праект Канцэпцыі інфармбяспекі Беларусі. 21.by

Тэма тыдня: Прэзідэнту прадставілі праект Канцэпцыі інфармбяспекі Беларусі

13.03.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Без названия

Лукашэнка лічыць неабходным пашырыць сферу ўплыву айчынных СМІ

Сферу ўплыву айчынных сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі трэба пашырыць. Аб гэтым Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў на пасяджэнні Савета бяспекі Беларусі.

«Тое, чаго нам страшна не хапае, трэба пашырыць сферу ўплыву айчынных сродкаў масавай інфармацыі і не баяцца выкарыстоўваць новыя формы работы ў медыяпрасторы, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба навучыцца адказваць распаўсюджвальнікам фэйкаў іх жа зброяй. І мы гэта ўмеем рабіць, але чамусьці лічым: «Абыдзецца, пранясе».

Прэзідэнт звярнуў увагу, што галоўнае — хутка, дакладна, максімальна поўна даносіць да людзей праўдзівую інфармацыю. «Калі гэта не зробім мы, гэта зробяць за нас, як цяпер нярэдка адбываецца. Але ведаеце, якую інфармацыю данясуць за нас, калі мы гэтага не зробім», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што неабходна прымаць меры па павышэнні аб’ёму, разнастайнасці і якасці нацыянальнага вяшчання, даверу насельніцтва да афіцыйных масмедыя.

Трэба таксама прапрацаваць пытанне сістэмнага кантролю за распаўсюджваннем незаконнай інфармацыі. «Пакуль гэта робіцца ад выпадку да выпадку, часам з апаскай. Часам пасля разважанняў аб нейкіх палітычных наступствах. Усе, хто сядзіць за гэтым сталом і насупраць мяне: вы — не палітыкі, вы — людзі, якія дакладна працуюць па сваім напрамку і абараняюць інтарэсы сваёй дзяржавы. Пакіньце палітыку Прэзідэнту», — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «Справа не ў тым, каб каму-небудзь абмежаваць свабоду меркаванняў. Гэта не са мной. Зразумела, павінен быць парадак, усё павінна быць законна. Законы ў нас супердэмакратычныя, а дабавіць нашу бяздзейнасць і недысцыплінаванасць — то ў нас наогул ніякай дыктатуры, а поўная дэмакратыя, якой ні ў адной краіне свету няма».

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у інфармацыйнай сферы павінен быць парадак, але ніхто нікому не павінен закрываць рот.

«У адваротным выпадку, як гэта было ў нас раней у гісторыі, усё перанясуць на кухню і там будуць абмяркоўваць, як у народзе кажуць, абсмоктваць усе гэтыя пытанні. І рана ці позна гэта выльецца на вуліцу. Таму гэтага ні ў якім разе нельга рабіць. Ды гэта і немагчыма: і не толькі таму што ў нас інтэрнэт з’явіўся — змянілася грамадства, планета змянілася. Таму займацца пустатой не трэба — накшталт забараняць людзям выказваць сваё меркаванне. Але калі гэта меркаванне выдуманае, надуманае, калі гэта навіна, звязаная з якім-небудзь меркаваннем, фэйкавая, выкажыце сваю пазіцыю. Паверце, праўда заўсёды пераможа», — адзначыў Прэзідэнт.

Ён дадаў, што ў інфармацыйнай прасторы павінна быць зручна і бяспечна ўсім, а не асобным людзям, якія атрымліваюць выгаду за кошт інтарэсаў іншых.

Прэзідэнт: неабходна эфектыўная дзейнасць па забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі вынесена на абмеркаванне Савета бяспекі Беларусі. Дакумент распрацоўваўся ў планавым парадку па даручэнні кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з улікам асаблівасцей і няпростых тэндэнцый сучаснай абстаноўкі.

Прэзідэнт адзначыў, што ў распрацоўцы праекта канцэпцыі прынялі ўдзел у тым ліку прадстаўнікі навуковай сферы, спецыялісты ў канкрэтных сферах, дзяржаўныя служачыя.

«Неабходна эфектыўная дзейнасць дзяржавы па забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі. Яна павінна абапірацца на разумна выбудаваную прававую аснову і адзінае разуменне стратэгічных мэт і агульных задач», — заявіў Прэзідэнт.

У ліку абазначаных практычных мер і аспектаў, звязаных з забеспячэннем інфармацыйнай бяспекі, Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным больш уважліва падыходзіць да абароны галоўных канстытуцыйных асноў грамадства, перш за ўсё звязаных з дзяржаўным суверэнітэтам. «Мы бачым, як інфармацыйнымі патокамі размываецца нацыянальны менталітэт, самабытнасць краін і народаў. Істотна змяняюцца сацыяльныя сувязі чалавека, стыль мыслення, спосабы ўзаемадзеяння, успрыманне рэчаіснасці. Усяму гэтаму варта проціпаставіць прынцыпы гуманізму і справядлівасці, прыярытэты моцных сямейных адносін і здаровага ладу жыцця», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У цэлым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер інфармацыйная сфера набывае ключавое значэнне для любой дзяржавы і кожнага чалавека. Павышаюцца ўсебаковыя інтарэсы людзей, узрастае значэнне камунікацыйных тэхналогій.

Беларусь дынамічна рухаецца наперад у фарміраванні інфармацыйнага грамадства, аб чым сведчаць сусветныя рэйтынгі, у якіх краіна знаходзіцца на высокіх пазіцыях.

«У краіне няўхільна павялічваецца колькасць электронных рэсурсаў і камунікацый. У бліжэйшыя дзесяцігоддзі большасць галін будуць пераарыентаваны на новыя лічбавыя эканамічныя мадэлі. Дзяржава, безумоўна, зацікаўлена ў тым, каб людзі атрымлівалі максімальна поўную і дакладную інфармацыю. Мелі магчымасць абараніць свае асабістыя правы ў медыяпрасторы і ў цэлым павышалі камфортнасць жыцця за кошт найноўшых дасягненняў», — заявіў беларускі лідар.

Нараўне з гэтым Беларусь, як і ўсе краіны, не можа ігнараваць прынцыпова новыя рызыкі, звязаныя з інфарматызацыяй. «Прычым нарастанне ў свеце канфліктнасці і адсутнасць у гэтай сферы дакладных правіл паводзін ператвараюць гэтыя рызыкі ў рэальныя пагрозы канстытуцыйным асновам і ўсебаковаму развіццю любой дзяржавы», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Прэзідэнта, выклікае неспакой нарошчванне дэструктыўных уздзеянняў на грамадства, маніпуляванне масавай свядомасцю, распаўсюджванне недакладнай інфармацыі. «Менавіта з іх пачынаюцца сацыяльныя катаклізмы сучаснасці. У выніку церпяць мільёны людзей, мяняецца палітычная карта свету. Адыходзяць на другі план агульнапрынятыя нормы маралі і духоўнасці. Жыццядзейнасць любой дзяржавы становіцца ўсё больш слабаабароненай аб камп’ютарных інцыдэнтаў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён канстатаваў, што важнае значэнне для ўстойлівага развіцця краіны мае бяспечнае функцыянаванне сеткавай інфраструктуры. «Мы не рэкламуем шырока нашу дзейнасць па забеспячэнні так званай кібербяспекі. Аднак яна праводзіцца далёка не першы год і арганічна інтэгравана ў адпаведныя міжнародныя службы. Разам з тым Беларусь не абаронена ад кібератак і кіберзлачыннасці», — дадаў кіраўнік дзяржавы.Прэзідэнт таксама заклікаў да актыўных дзеянняў кожнага на сваім участку адказнасці, падкрэсліўшы, што большая частка недапрацовак па тых ці іншых напрамках абумоўлены лянотай, бяздзейнасцю і адсутнасцю дысцыпліны. «Спагнанне будзе адпаведным. Не хачу чарговы раз некага палохаць, пагражаць некаму і гэтак далей», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — А то мы здаровы лад жыцця, як і ўсе іншыя мерапрыемствы, запусцілі на ўзровень Прэзідэнта. Калі Прэзідэнт бакавым нейкім зрокам не ўбачыў праблемы, яна вырашацца не будзе. Усе нечага чакаюць, нейкіх указанняў. Указанні раздадзены. Пачынайце працаваць. Ад сродкаў масавай інфармацыі да гэтага самага здаровага ладу жыцця».

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на стане спраў у эканоміцы. «Будзе эканоміка — будзе ўсё: і бяспека, і кібербяспека, і ў СМІ будзе бяспека. Калі не будзе эканомікі, ніякая інфармацыйная бяспека, канцэпцыі, законы, драконаўскія метады, палачная дысцыпліна не дапамогуць. У якім выпадку не будзе ў нас эканомікі, мы таксама ведаем. І гэта, на жаль, таксама завязана на дысцыпліну і выканаўчасць», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Выключна нацыянальны прадукт» — Лукашэнку прадставілі праект Канцэпцыі інфармбяспекі Беларусі

Праект Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі — гэта выключна беларускі нацыянальны прадукт, разлічаны на шырокае ўнутранае і знешняе спажыванне. Аб гэтым дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась заявіў на пасяджэнні Савета бяспекі з удзелам кіраўніка дзяржавы.

«Гэта выключна наш уласны, нідзе не запазычаны нацыянальны прадукт, які разлічаны на шырокае ўнутранае і знешняе спажыванне, развівае Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі. Яго асноўнае прызначэнне — надаць дзейнасці па забеспячэнні бяспекі ў інфармацыйнай сферы ўпарадкаванасць, канкрэтнасць і нацэленасць на вынік, а таксама забяспечыць умовы для далейшага руху наперад у гэтым пытанні», — расказаў Станіслаў Зась.

Ён нагадаў, што праект Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі распрацоўваўся па даручэнні Прэзідэнта. Паводле слоў дзяржсакратара, да гэтай работы прыцягнулі ўсе зацікаўленыя ведамствы і самых кампетэнтных спецыялістаў краіны. У падрыхтоўцы праекта ўдзельнічалі спецыялісты з амаль 20 дзяржаўных органаў і арганізацый, прадстаўнікі вядучых сродкаў масавай інфармацыі, дэпутаты, вучоныя і эксперты.

Дакумент распрацоўваўся зыходзячы з геапалітычных інтарэсаў Беларусі, яе месца і ролі ў сучасным свеце. У ім улічаны пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне забеспячэння інфармацыйнай бяспекі дзяржаў СНД, АДКБ, а таксама двухбаковыя пагадненні і іншыя абавязацельствы краіны ў галіне міжнароднай інфармацыйнай бяспекі. Праект канцэпцыі ўлічвае асноўныя палажэнні актаў міжнародных арганізацый, у тым ліку рэзалюцый Генасамблеі ААН і рэкамендацый АБСЕ.

«Тэзісы канцэпцыі агучаны і абмеркаваны больш як на 20 міжнародных сустрэчах і канферэнцыях. Больш таго, асноўныя тэзісы былі апублікаваны як унутры Рэспублікі Беларусь, так і ў замежных выданнях і сустрэлі шчырую цікавасць да нашых падыходаў, — адзначыў Станіслаў Зась. — У студзені праект канцэпцыі адобраны міжведамаснай камісіяй па бяспецы ў інфармацыйнай сферы пры Савеце бяспекі».

У дакуменце адлюстраваны сучасныя выклікі і пагрозы, якія фарміруюцца ў інфармацыйнай сферы і ўяўляюць небяспеку для канстытуцыйных асноў і жыццядзейнасці дзяржаў: маніпуляванне масавай свядомасцю, дыскрэдытацыя ідэалаў і каштоўнасцей, размыванне нацыянальнага суверэнітэту, няўстойлівасць інфармацыйнай інфраструктуры і іншыя.

З улікам гэтага ў праекце канцэпцыі ўпершыню замацавана паняцце інфармацыйнага суверэнітэту як неад’емнае і выключнае вяршэнства права дзяржавы самастойна вызначаць правілы валодання, карыстання і распараджэння нацыянальнымі інфармацыйнымі рэсурсамі, ажыццяўляць незалежную знешнюю і ўнутраную дзяржаўную інфармацыйную палітыку, фарміраваць нацыянальную інфармацыйную інфраструктуру, забяспечваць інфармацыйную бяспеку.

Мяркуецца, што гэта будзе дасягнута ў тым ліку за кошт правядзення палітыкі інфармацыйнага нейтралітэту, якая прадугледжвае паважанне агульнапрызнаных і агульнапрынятых правоў любой дзяржавы ў гэтай сферы, выключэнне ўмяшання ў інфармацыйную сферу іншых краін.

Упершыню ў публічным дакуменце таксама адзначаецца гатоўнасць дзяржавы няспынна выяўляць рызыкі, выклікі і пагрозы ў інфармацыйнай сферы і рэагаваць на іх. Уводзіцца ў афіцыйны абарот тэрмін «кібербяспека». І гэта навацыя, на думку распрацоўшчыкаў, вызначае выразнае арыентаванне дзяржавы на прынятыя і ўжо даволі сталыя ў свеце асноўныя падыходы да процідзеяння камп’ютарным інцыдэнтам і злачынствам.

Акрамя эфектыўнай работы СМІ, у праекце канцэпцыі падкрэсліваецца важнасць актыўнай прысутнасці дзяржавы ў інтэрнэце: размова ідзе не толькі аб афіцыйных сайтах дзяржаўных органаў, але і аб блогасферы, мэсэнджарах і сацыяльных сетках.

Пасля пасяджэння Станіслаў Зась расказаў журналістам, што праект Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі быў падтрыманы членамі Савета бяспекі. Прыняцце дакумента дасць магчымасць наладзіць сістэмную работу ў дзяржаве ў гэтай сферы, сфарміраваць неабходную нарматыўную базу.

«Канцэпцыя, вядома ж, патрэбна, гэта тэма актуальна. Мы выпрацавалі адзіныя погляды на гэту сферу дзейнасці — забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі. Дагэтуль такога не было, спецыялісты кожнага ведамства выбудоўвалі сваю работу, зыходзячы са свайго разумення. Цяпер мы аб’ядналі ўсе пункты гледжання, і гэта была няпростая задача», — адзначыў ён.

Паводле слоў дзяржсакратара, на пасяджэнні абмяркоўвалася ў тым ліку практычная рэалізацыя канцэпцыі. У прыватнасці, ішла размова аб больш актыўнай рабоце дзяржаўных органаў у інтэрнэце, грамадскім кантролі за інфармацыйнай прасторай — гэты напрамак ужо апрабаваны ў некаторых краінах. «Людзі самі на добраахвотных пачатках манітораць інфармацыйную прастору і ўдзельнічаюць у кантролі над ёй. Тыя рэчы, якія прапагандуюць, дапусцім, экстрэмізм, тэрарызм, насілле, парнаграфію, сыходзяцца потым у адпаведныя службы і органы», — растлумачыў Станіслаў Зась.

Таксама ішла размова аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве. «Мы павінны інфармацыйна падтрымліваць свайго вытворцу, адпаведнае абсталяванне і прадукты і не саромецца гэта рабіць», — лічыць ён.

Цэлы раздзел канцэпцыі прысвечаны абароне традыцыйных каштоўнасцей. Дзяржсакратар заўважыў, што яны лічацца адным з галоўных аб’ектаў для абароны ў інфармацыйнай прасторы. «Разглядаецца неабходнасць прыняцця асобнай праграмы па захаванні традыцыйных каштоўнасцей і асноў нашага грамадства», — дадаў Станіслаў Зась.

Канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі Беларусі плануецца зацвердзіць у бліжэйшы час

Канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі Беларусі, праект якой абмяркоўваўся на пасяджэнні Савета бяспекі, плануецца зацвердзіць у бліжэйшы час. Аб гэтым расказаў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась.

«Аснова сёння была падтрымана членамі Савета бяспекі. Пастаўлена задача літаральна на працягу некалькіх дзён — да панядзелка — прааналізаваць тое абмеркаванне, якое сёння прайшло. Калі неабходна, унесці праўкі. І на наступным тыдні ўжо гатовы варыянт з мінімальнымі дапрацоўкамі ўносіцца на падпісанне членам Савета бяспекі і кіраўніку дзяржавы як старшыні Савета бяспекі. На наступным тыдні (гэта ўжо без сумненняў) канцэпцыя будзе афіцыйна зацверджана і апублікавана», — заявіў дзяржсакратар Савета бяспекі.

Праект Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі распрацоўваўся па даручэнні Прэзідэнта. Да гэтай работы прыцягнулі ўсе зацікаўленыя ведамствы і самых кампетэнтных спецыялістаў краіны. У падрыхтоўцы праекта ўдзельнічалі спецыялісты з амаль 20 дзяржаўных органаў і арганізацый, прадстаўнікі вядучых сродкаў масавай інфармацыі, дэпутаты, вучоныя і эксперты.

Дакумент распрацоўваўся зыходзячы з геапалітычных інтарэсаў Беларусі, яе месца і ролі ў сучасным свеце. У канцэпцыі адлюстраваны сучасныя выклікі і пагрозы, якія фарміруюцца ў інфармацыйнай сферы і ўяўляюць небяспеку для канстытуцыйных асноў і жыццядзейнасці дзяржаў: маніпуляванне масавай свядомасцю, дыскрэдытацыя ідэалаў і каштоўнасцей, размыванне нацыянальнага суверэнітэту, няўстойлівасць інфармацыйнай інфраструктуры і іншыя.

Упершыню замацавана паняцце інфармацыйнага суверэнітэту як неад’емнае і выключнае вяршэнства права дзяржавы самастойна вызначаць правілы валодання, карыстання і распараджэння нацыянальнымі інфармацыйнымі рэсурсамі, ажыццяўляць незалежную знешнюю і ўнутраную дзяржаўную інфармацыйную палітыку, фарміраваць нацыянальную інфармацыйную інфраструктуру, забяспечваць інфармацыйную бяспеку. Прадугледжваецца, што гэта будзе дасягнута ў тым ліку за кошт правядзення палітыкі інфармацыйнага нейтралітэту, якая прадугледжвае паважанне агульнапрызнаных і агульнапрынятых правоў любой дзяржавы ў гэтай сферы, выключэнне ўмяшання ў інфармацыйную сферу іншых краін.

Упершыню ў публічным дакуменце таксама адзначаецца гатоўнасць дзяржавы няспынна выяўляць рызыкі, выклікі і пагрозы ў інфармацыйнай сферы і рэагаваць на іх. Уводзіцца ў афіцыйны абарот тэрмін «кібербяспека».

Акрамя эфектыўнай работы СМІ, у праекце канцэпцыі падкрэсліваецца важнасць актыўнай прысутнасці дзяржавы ў інтэрнэце: размова ідзе не толькі аб афіцыйных сайтах дзяржаўных органаў, але і аб блогасферы, мэсэнджарах і сацыяльных сетках.

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика