Аднойчы, дваццаць год таму…
21.03.2019
—
Разное
|
ІНШЫ чалавек доўга блукае па жыццёвых сцяжынках, пакуль знойдзе справу, да якой ляжыць душа. А ёсць людзі, якія адразу выбіраюць сабе прафесію, а потым добрасумленна працуюць, прыносячы карысць дзяржаве. Менавіта да такой катэгорыі адносіцца і Алена Пуставая, якая завіхаецца на Нарачанскім вытворчым участку ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат». Дваццаць адзін год таму Алена Мікалаеўна ўпершыню прайшла праз прахадную завода, які па-сапраўднаму стаў родным. З гэты час некалькі разоў мяняліся кіраўнікі, назва прадпрыемства. Але задачы застаюцца ранейшымі: прыёмка і перапрацоўка малака, якое паступае з жывёлагадоўчых ферм і ад насельніцтва Мядзельшчыны. Алена Мікалаеўна спачатку была прыёмшчыцай малака. — За два дзесяцігоддзі давялося асвоіць некалькі спецыяльнасцей, — расказвае яна. — Працавала ў цэхах па вырабе масла і тварожным, у сырным і разліву малака. А зараз вось зноў на прыёмцы прадукцыі малочнатаварных ферм гаспадарак раёна… Калі прадпрыемства перажывала не лепшыя часы, некаторыя звальняліся, шукалі іншае месца працы. А вось Алена Пуставая не змагла здрадзіць калектыву, які для яе стаў сапраўды родным. — Мне тут падабаецца. Калектыў у нас дружны. Рада, што працую побач з таленавітымі спецыялістамі, адказнымі і добрасумленнымі людзьмі, якія ўсе свае сілы, веды і вопыт, майстэрства аддаюць галоўнаму — высокай якасці вырабаў, — кажа Алена Мікалаеўна. — Менавіта таму і няма нараканняў на нашу прадукцыю… — Якую навучальную ўстанову вы заканчвалі, каб набыць спецыяльнасць? — пытаюся. — Ніякай. Тут на заводзе яе атрымала, — чую ў адказ. Суразмоўца паведаміла, што пасля заканчэння школы яна паступіла ў культасветвучылішча. Год правучылася і кінула. — Замуж захацела, — усміхаецца. — Я з вёскі Лыжычы. А Сяргей, мой каханы, — з Нарачы, яго бацькі ў свой час пераехалі сюды з Украіны. Працаваў на заводзе. Ён і мяне сюды пераманіў. Разам на працу, разам дадому. Дарэчы, пабудавалі свой дом. Выгадавалі двух сыноў і дачку… Шмат цёплых слоў у адрас Алены Мікалаеўны сказаў кіраўнік вытворчага ўчастка Сяргей Круглік. — Працавітая, добрасумленная. З адказнасцю ставіцца да даручанай справы. Паважаюць яе калегі, звяртаюцца па параду і дапамогу. Нікому не адмаўляе. Увогуле, гэта чулы, спагадлівы і добразычлівы чалавек, — гаворыць Сяргей Яўгенавіч. Прыемна чуць, што кіраўнік кажа добрыя словы пра падначаленую. Тым больш, што гэта яна заслужыла шматгадовым стараннем. Алену Мікалаеўну неаднаразова заахвочвала маральна і матэрыяльна кіраўніцтва прадпрыемства, яе фотаздымак змяшчалі на Дошку гонару завода. — Дакладна не памятаю, у якім годзе, але тады ў нас дырэктарам была Тамара Карабут, мой фотаздымак змяшчалі і на раённую Дошку гонару, — зазначае Алена Пуставая. Ганарыцца жанчына сваімі дзецьмі. Старэйшы Аляксандр жыве і працуе ў Маладзечне. — Ён быў ваенным музыкантам, а зараз завіхаецца ў будаўнічай фірме. Дачка Юлія жыве ў Салігорску, працуе на мытні. А Раман, малодшы сын, — праграміст у Мінску. Усе маюць свае сем’і, — кажа Алена Мікалаеўна і, ўсміхнуўшыся, дадае: — Лянуецца моладзь. Мы з дзедам маем толькі адну ўнучку Алісу — гэта дачушка дачушкі. — Ці часта збіраецеся ўсе разам? — Выпадае. Тады шумна, весела. А раз’едуцца — зноў у нашай вялікай хаце робіцца пуста. Так і жывём, — уздыхае Алена Мікалаеўна.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ІНШЫ чалавек доўга блукае па жыццёвых сцяжынках, пакуль знойдзе справу, да якой ляжыць душа. А ёсць людзі, якія адразу выбіраюць сабе прафесію, а потым...
|
|