На Гродзеншчыне будучым летам ладзяцца сустрэчы з аматарамі гістарычнай кнігі ды не толькі.
“Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку” — так называецца фэст, які 15 чэрвеня збярэ чытачоў, выдаўцоў і пісьменнікаў. Любая падзея ў такім унікальным гістарычным месцы — а Мірскі замак, нагадаем, уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА — набывае асаблівы змест, непаўторнае гучанне. Таму чакаецца, што й свята кнігі ў Мірскім замку набудзе на Гродзеншчыне новыя адценні.
Першы такі фэст пад назвай “Кніга і час” прайшоў у Гродзенскай вобласці 11 чэрвеня 2017‑га ў райцэнтры Свіслач. Прысвячаўся 500‑годдзю беларускага кнігадрукавання. У гонар знакавай даты гучалі музычныя кампазіцыі, народныя песні, цёплыя словы й вершы — як напамін пра высокую каштоўнасць роднай мовы. Ладзілася й тэатралізаванае прадстаўленне “З кнігай праз вякі”. Прайшоў агляд-конкурс экспазіцый 14 бібліятэк вобласці пад назвай “Бібліятэчная пляцоўка”, раённы конкус чытальнікаў “Паэзіі чароўныя радкі”. На пляцоўцы “Кніжны кірмаш” прадставілі прадукцыю беларускія выдавецтвы. Госці ды ўдзельнікі “Літаратурнай гасцёўні” мелі магчымасць пагутарыць з пісьменнікамі.
Цяпер фармат кніжнага фэсту будзе крыху іншы: з асаблівай ўвагай да гістарычнай кнігі. Плануецца круглы стол пад назвай “Гістарычная кніга ў сучасным грамадстве” з удзелам літаратараў, вучоных, выдаўцоў, прадстаўнікоў грамадскасці. Можна будзе пазнаёміцца з творчасцю пісьменнікаў, пачуць гістарычныя аповеды краязнаўцаў, якіх таксама запросяць на фэст. Збяруцца на яго прадстаўнікі вядучых выдавецтваў краіны, прадставяць свае навінкі, а таксама гістарычную літаратуру, фотаальбомы пра гарады й цікавыя месцы Бацькаўшчыны, літаратуру для дзяцей і моладзі. Кніжкі з фэставых экспазіцый выдаўцы напрыканцы свята перададуць у дар бібліятэцы сярэдняй школы гарадскога пасёлка Мір (Карэліцкі раён). Мастакі выдавецтваў пазнаёмяць наведнікаў з сучаснымі кірункамі ў кніжным дызайне.
Тэатралізаванае адкрыццё фэсту пройдзе на яго галоўнай сцэне. Чакаюцца прэзентацыі кніг Уладзіслава Місевіча “Песняры” і Уладзіміра Ліпскага “Цар”, сустрэчы з сябрамі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Карскага наладзіць выставу самаробных кніг і лялек-літаратурных герояў вядомых твораў. Як паведаміў нам кіраўнік Гродзенскага філіялу РУП “Белсаюздрук” Павел Скрабко, расклад імпрэзы цяпер удакладняецца — будзе апублікаваны напярэдадні фэсту. Згаданы філіял, ААТ “Белкніга”, музей “Замкавы комплекс Мір” працуюць над яго насычэннем. Арганізацыі свята спрыяюць Мінінфармацыі ды Мінкультуры Беларусі, Гродзенскі аблвыканкам і Карэліцкі райвыканкам.
Ганна Лагун, «Звязда»