Шматкватэрныя двухпавярхоўкі, размешчаныя па вуліцы Школьнай у Вяркудах, былі пабудаваны яшчэ ў васьмідзясятых, і, вядома ж, іх жыхары з нецярпеннем чакалі, пакуль дамы трапяць у графік капітальнага рамонту. Нарэшце гэта адбылося – і напачатку лета ў аграгарадку асталявалася будаўнічая брыгада ўшацкага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі..
Чэрвеньскія дні з мінімальнай колькасцю дажджоў аказаліся спрыяльнымі для работ па замене даху – у першым доме яны ўжо практычна завершаны. Апроч таго, будаўнікі робяць адмостку, устанаўліваюць новыя вокны і дзверы ў пад’ездах і падвалах, мяняюць швы паміж панэлямі – у сераду застала работнікаў якраз за гэтым працэсам. Цяпер стыкі будуць абсалютна герметычнымі, што захавае сцены ад працякання і зменшыць цепластраты.
“Хлопцы добрыя, старанныя!”, – характарызуе работнікаў жыхар дома Міхаіл Міхайлавіч Красноў. І сапраўды, Васіль Шарко, Канстанцін Красноў, Дзмітрый Несцераў, Канстанцін Макрыдзін (на здымку), ставяцца да працы адказна і дакладна ведаюць будаўнічую справу. Будзе ў доме і новая каналізацыя – яе ўладкаваннем займаецца слесар-сантэхнік Арцём Ладыгін. “Сам я жыву на першым паверсе, таму праблем ад працякаючага даху не адчуваў, – працягвае расказ Міхаіл Міхайлавіч. – А вось суседзям зверху ў час моцнага дажджу даводзілася падстаўляць тазікі. Цяпер жа гэтага не будзе, і некаторыя нашы жыхары збіраюцца распачаць рамонт у кватэрах. Мяркуецца, што на сяле лепш жыць у асобнай хаце, але ж мы прывыклі да сваёй “камуны” – дом наш дружны, маем усе гарадскія выгоды, у кожнага побач участак з градкамі, а летам, калі прыязджаюць дзеці і ўнукі, увогуле весела!”
Як патлумачыў майстар участка Аляксандр Сяргеевіч Бехаў, завяршыць рамонт вяркудскіх дамоў будаўнікі плануюць прыкладна за месяц, ну а ў верасні зоймуцца падобным аб’ектам у Ільюшыне.
Шматкватэрныя двухпавярхоўкі, размешчаныя па вуліцы Школьнай у Вяркудах, былі пабудаваны яшчэ ў васьмідзясятых, і, вядома ж, іх жыхары з нецярпеннем чакалі,...