Не ўмее жыць без працы. 21.by

Не ўмее жыць без працы

11.07.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

90-гадовая жыхарка в. Малыя Стайкі Ганна Петухова (на здымку). Менавіта ў руху і штодзённых клопатах бачыць яна асноўны сакрэт свайго даўгалецця. У вачах гэтай простай вясковай жанчыны — мудрасць і спакой, а яшчэ іскрынкі дабрыні, сціпласці і аптымізму, якія не здолелі патушыць пражытыя гады. Ганне Аляксееўне давялося стаць сведкам многіх гістарычных па­дзей, перажыць нямецкую акупацыю, пасляваенныя цяжкасці. Яна лічыць, што ў жыцці вельмі важна, каб было здароўе, а яшчэ ўменне ў любым выпадку заставацца чалавекам.

№52 пол 5 75летие

- Хадзіць цяжка, ногі хворыя, але ж рукі, якія ўсё жыццё на зямельцы працавалі, рабіць хочуць, — кажа Ганна Петухова. — Дзеці казалі, каб не рупілася на градках, лепш на лаўцы пася­дзела ці тэлевізар паглядзела. Не слухаю. Крыўдна было б бачыць замест цыбулі ды бульбы пустазелле ці крапіву.

  У гэтых разважаннях Ганны Аляксееўны адчуваецца сапраўдная сялянская мудрасць. Яна ўстае ў пяць гадзін і выходзіць на свой участак, даглядае кожную пасаджаную раслінку, а пасля ў хаце знаходзіць занятак: на канапе ляжаць пруткі ды спіцы, якімі вяжа гаспадыня розныя рэчы. Вязанню і вышыванню навучылася Ганна Петухова яшчэ ў дзяцінстве. Нарадзілася і вырасла яна ў Малых Стайках, тут прайшло ўсё жыццё.

  — Да вайны я скончыла тры класы, — расказвае суразмоўца. — Калі фашысты занялі мясцовасць, мне споўнілася 12 гадоў. У 1941 г. ворагі спалілі некалькі хат у вёсцы. Наша таксама згарэла. Жылі мы ў лазні. Мама пякла хлеб партызанам, а я ў гэты час дзяжурыла на вуліцы. Пазней давялося мне разам з вяскоўцамі капаць акопы ў немцаў, перажыць шмат страшнага і горкага. Пасля вызвалення ў школе больш не вучылася, пайшла працаваць. Не да вучобы было.

   Жанчына ўспамінае, як у 1948 г. завербавалася на работу па нарыхтоўцы торфу на балотах. Пры­ходзілася ўсё рабіць уручную. Там і падарвала сваё здароўе, з тае пары і ногі сталі балець. Пасля дзяўчына вярнулася ў вёску, пачала працаваць на спіртзаводзе. Потым да выхаду на пенсію была паляводам у саўгасе-тэхнікуме. За шматгадовую добрасумленную працу Ганна Аляксееўна ўзнагароджана медалём «Ветэран працы», знакам «Ударнік дзясятай пяцігодкі». Замуж яна выйшла за аднавяскоўца Пятра. Разам трымалі вялікую гаспадарку, агарод даглядалі, выхавалі траіх дзяцей.

   — Дзякаваць Богу, дзеткі нашы выраслі добрыя, спагадлівыя. Умеюць падтрымаць, дапамагаюць, — працягвае Ганна Петухова. — Зараз у мяне шасцёра ўнукаў, столькі ж праўнукаў. Я ганаруся тым, што яны знайшлі сабе справу, іх цэняць у калектывах. У госці прыязджаюць, не забываюцца пра мяне. Зіму сёлета жыла з дачкой, а першага красавіка ўжо дадому заспяшалася. Тут дыхаецца лягчэй, у родным доме і сцены дапамагаюць.

    У прасторнай хаце Ганна Аляксееўна жыве адна: ідзе 12-ы год, як не стала мужа. Жанчына паказвае альбомы з фотаздымкамі, якія вяртаюць яе ў гады маладосці, калі ў кожным вясковым доме віравала жыццё, чуліся дзіцячыя галасы, гоман. У вольны час, як кажа гаспадыня, сяльчане збіраліся разам, святы адзначалі. Цяпер здароўе і сілы не дазваляюць многім выйсці далей за свой панадворак. А разгорнеш старонкі сямейных альбомаў -  адразу святлее на душы ад успамінаў. Ганна Петухова адзначае, што тэлесерыялы не любіць глядзець. Калі і ўключае тэлевізар, то толькі дзеля таго, каб прагноз надвор’я паслухаць, навіны, а яшчэ і гараскоп на кожны дзень. Усміхаючыся, яна кажа, што часта прадказанні збываюцца.

  Ганна Аляксееўна пераканана ў тым, што пакуль рухаецца ды корпаецца ў агародзе, значыць, жыве. Таму ні дня не можа ўсядзець жанчына без справы.

  — А як жа інакш, я па-другому жыць не ўмею, — кажа яна на развітанне.

Таццяна СТУДЗЕНЬ, г. Гарадок.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
90-гадовая жыхарка в. Малыя Стайкі Ганна Петухова (на здымку). Менавіта ў руху і штодзённых клопатах бачыць яна асноўны сакрэт свайго даўгалецця. У вачах гэтай...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика