Як правільна прыняць фінансавае рашэнне і распланаваць бюджэт, што такое электронныя грошы і краўдфандынг? У наш час адказы на гэтыя пытанні ведаюць нават дзеці. Гэта выдатна прадэманстравалі карэліцкія школьнікі на алімпіядзе па фінансавай граматнасці, арганізаванай Міністэрствам адукацыі і Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь.
23 вучні 10-11 класаў з 9 устаноў адукацыі раёна сабраліся ў фінансавым паядынку 18 кастрычніка на базе сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы. Кожны з юных разумнікаў прайшоў школьны этап і быў падрыхтаваны да самых складаных пытанняў. А іх, між іншым, спецыяльна для алімпіяды па фінансавай граматнасці Нацыянальны банк Рэспублік Беларусь зацвердзіў аж 30 (плюс адно дадатковае), якія ахапілі 10 тэм: асабістыя фінансы, наяўныя грошы, зберажэнні і ўклады (дэпазіты), запазычанні (крэдыты), лічбавы банкінг, дзейнасць Нацыянальнага банка і манетарная палітыка, страхаванне, падаткі і зборы, інвестыцыі і каштоўныя паперы, а таксама фінансавая матэматыка.
Загадчык Карэліцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Алена Сянько падкрэсліла, што алімпіяда традыцыйна карыстаецца вялікім інтарэсам сярод нашых школьнікаў, збірае лепшых і мае для кожнага ўдзельніка значнае практычнае значэнне, бо дае неабходныя веды для дарослага жыцця. Прадстаўнікі журы таксама сышліся на такой слушнай думцы.
Начальнік аддзела рознічнага продажу ЦБП № 423 ААТ «Белаграпрамбанк» у г.п. Карэлічы Сяргей Капацэвіч адзначыў: “У сваёй працы мы кожны дзень сутыкаемся з неабходнасцю таго, каб нашы кліенты валодалі хаця б элементарнай фінансавай граматнасцю. Без гэтых азоў так лёгка трапіць у даволі непрыемную сітуацыю. Любое неразумнае і недальнабачнае рашэнне, звязанае з фінансамі, часам прыводзіць да сур’ёзных праблемаў. Таму ўпэўнены, што алімпіяду можна праводзіць пачынаючы дзесьці з сёмых-восьмых класаў. Бо чым раней дзеці зарыентуюцца ў свеце фінансаў, тым больш паспяхова пачнуць свой самастойны шлях”.
Падтрымала калегу і загадчык сектара рознічнага і карпаратыўнага бізнесу ЦБП № 411 ААТ «ААБ Беларусбанк» у г. п. Карэлічы Наталля Крывапуст: “Дарослыя павінны не толькі імкнуцца забяспечыць фінансавы дабрабыт дзяцей, але і закласці ў іх падмурак неабходных ведаў. Важна, каб падрастаючае пакаленне мела эфектыўны інструмент. Гэта дапаможа нашым дзецям рэалізаваць сябе належным чынам”.
Са спецыялістамі пагадзіліся і ўдзельнікі алімпіяды.
Ужо другі год запар Паліна Чачотка з Турэцкага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа перамагае на раённым этапе алімпіяды: “Вядома, гэта прыемна. Але самае каштоўнае – веды, якія я атрымліваю падчас падрыхтоўкі. Гэта значны ўнёсак у маю стабільную будучыню, бо з фінансавымі пытаннямі мы сустракаемся ў самых розных сферах жыцця”.
Уладзіслаў Санько з сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы ўпершыню прыняў удзел у алімпіядзе, і адразу паспяхова – у яго другое месца: “Свядома зацікавіўся гэтай тэмай. Бо часта мы чуем навіны, што хтосьці стаў ахвярай махляроў. Таму лічу, што валодаць фінансавымі ведамі – значыць быць у бяспецы. Граматнасць у дадзенай сферы дапаможа нам пазбегнуць складаных сітуацый і захаваць ды яшчэ памножыць сродкі”.
Такое меркаванне выказаў і ўладальнік трэцяга месца Ягор Цвірко з сярэдняй школы г.п. Мір: “Мы жывём у свеце, дзе фінансы вырашаюць шмат. А каб арыентавацца ў іх, трэба ведаць правілы і механізмы. Напрыклад, як эфектыўна ўзаемадзейнічаць з банкаўскай сістэмай. Адным словам, калі кантралюеш фінансы, то і сваё жыццё таксама”.
Яшчэ адна прадстаўніца Мірскай школы Валерыя Скок таксама заклікала з юных гадоў зразумець, што грошы з неба не падаюць і распараджацца імі належыць з розумам: “Асабіста мне быць фінансава граматнай важна. Я спецыяльна наведваю тэматычныя сайты, праходжу анлайн-тэсты. Як узяць крэдыт і пачаць свой бізнес ці з розумам укласці сродкі – разбірацца ў гэтым цікава і карысна. Так што мы ўсе тут не толькі для месцаў, але найперш для сябе”.
А, між тым, выпрабаванні для лепшых юных фінансістаў Гродзеншчыны толькі пачынаюцца, наперадзе 15 лістапада іх чакае абласны этап алімпіяды.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара