У бягучым месяцы працаўнікі сельгасарганізацый раёна актыўна заняты ўборкай цукровых буракоў. Гэтая стратэгічная культура ўжо каторы год займае адметнае месца на палетках. У гаспадарках даўно пераканаліся ў яе прыбытковасці і таму вырошчванню гэтых караняплодаў надаюць важнае значэнне.
Зараз у раёне ўборка цукровых буракоў выйшла на фінішную прамую. Як нам паведамілі ў райсельгасхарчы, па стане на ўчарашнюю раніцу салодкія карані ўбраны на 1227 га, што адпавядае 81% ад занятых імі плошчаў. У чатырох сельгасарганізацыях уборка ўжо завершана. Добры ўраджай атрымалі ў ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”, ААТ “Дабаснянскае”, “КСУП “Барчыцы-агра”, СВК “Бераснёўскі” ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Бабруйскаграмаш”. У большасці гаспадарак арганізацыяй уборачных работ займаецца Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат — адно з галоўных перапрацоўчых прадпрыемстваў краіны па вырабу цукру. Менавіта адсюль на палеткі раёна накіроўваюцца буракаўборачныя камбайны, тэхніка для транспарціроўкі караняплодаў. Свае камбайны “Холмер” маюцца у раёне толькі ў “Рассвеце” і РАПТЗ.
На ўборцы цукровых буракоў старанна працуе Дзмітрый Комар
За работай аднаго з іх мы назіралі днямі каля вёскі Малінаўка на бураковым абшары, які адносіцца да сельгасугоддзяў РАПТЗ. Магутны “Холмер” літаральна “заглынаў” радкі, з якіх шчыльнай шчоткай выглядалі з зямлі караняплоды. Умела кіруе камбайнам вось ужо восьмы сезон адзін з перадавых работнікаў, механізатар Дзмітрый Комар. Адзначым, што тэхніка далёка не новая: на палеткі прадпрыемства ў свой час куплены “Холмер” упершыню выехаў ажно ў 2005 годзе. Зразумела, дэталі, вузлы і механізмы з цягам часу зношваюцца і патрабуюць замены ці рамонту. Але ва ўмелых руках, пры ўважлівым стаўленні, клопаце машына можа праслужыць вельмі доўга. Дзмітрый Комар, які выдатна разбіраецца ў тэхніцы, бо завіхаецца каля яе з малых гадоў і мае цікаўнасць да машын, падтрымлівае камбайн у пастаяннай “баявой” гатоўнасці, своечасова даводзіць да ладу, як, прынамсі, і напярэдадні сёлетняга ўборачнага сезону. Да таго ж, у маладога механізатара ёсць надзейны сябар і памочнік: са слесарам дылерскага цэнтра РАПТЗ Міхаілам Залатым Дзмітрый працаваў не адзін сезон на розных работах і тэхніку рамантаваў самую розную.
Ураджайнасць караняплодаў — вышэй за леташнюю: у сярэднім на круг выходзіць больш за 400 цэнтнераў салодкіх каранёў, а на асобных участках з гектара накопвалі па 550 ц, як вось на гэтым, каля Малінаўкі. З убраных палёў ужо паспелі накапаць каля 12 тыс.т цукровікаў, а ўсяго мяркуеца атрымаць не менш чым 16,5 тыс.т.
На пагрузцы салодкіх каранёў заняты Андрэй Хлапкоў
Адна за адной да “салодкіх” буртоў на працягу кожнага дня пад’язджаюць вялікагрузныя аўтамашыны. Іх аб’ёмныя прычэпы хутка запаўняе на пагрузчыку вопытны Андрэй Хлапкоў.
Увесь “салодкі” груз дастаўляецца на чыгуначную станцыю ў Асіповічы, а адтуль грузавым цягніком у Слуцк. А сельгаспрадпрыемствы, у сваю чаргу, за пастаўленую прадукцыю атрымаюць разлікі, якія значна палепшаць фінансавае становішча сельгасвытворцаў.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Больш падрабязна — у №83 «Кіраўца» за 2019 год.