Лукашэнка правёў нараду па развіцці АПК Віцебскай вобласці. 21.by

Лукашэнка правёў нараду па развіцці АПК Віцебскай вобласці

26.11.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па развіцці АПК Віцебскай вобласці, дзе цяпер ёсць шэраг істотных праблем. У мерапрыемстве прынялі ўдзел вышэйшыя службовыя асобы, члены ўрада, кіраўніцтва мясцовай вертыкалі ўлады, уключаючы старшынь гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, кіраўнікі інтэграцыйных структур, перапрацоўчых, сельскагаспадарчых і іншых арганізацый.


Лукашэнка запатрабаваў захаваць вёску і ўлічваць інтарэсы людзей пры правядзенні рэформ у АПК Віцебскай вобласці

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях развіцця аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці запатрабаваў абавязкова захаваць вёску і ўлічваць інтарэсы людзей пры правядзенні любых пераўтварэнняў.

Кіраўнік дзяржавы ўважліва і падрабязна азнаёміўся з тым, як працуюць створаныя раней у вобласці інтэграцыйныя холдынгі, іх праблемамі і эканамічнымі паказчыкамі. Дэталёва паспяховым вопытам работы холдынга падзялілася генеральны дырэктар ААТ “Віцебская бройлерная птушкафабрыка” Ганна Норкус. На думку кіраўніка дзяржавы, мадэль работы гэтага холдынга з’яўляецца эфектыўнай, і яна можа стаць прыкладам для іншых. Асабліва правільным лічыць Прэзідэнт рашэнне ставіць на чале холдынга перапрацоўчыя прадпрыемствы і пад іх патрэбнасці развіваць сыравінную базу, якая фарміруецца з розных гаспадарак.

“Добра, пайшлі вы гэтым шляхам, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Паставілі на чале перапрацоўку. І ідзіце гэтак жа, фарміруйце групу спецыялістаў”.

Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на неабходнасці развіваць вёску і ўлічваць інтарэсы людзей. “Мяне ўсё ж такі непакоіць, што будзе там, ці захаваецца вёска ў Віцебскай вобласці? Мяне як Прэзідэнта гэта непакоіць. І людзі цікавяцца. Гэта галоўнае, гэта – аснова”.

Адно з патрабаванняў Прэзідэнта датычылася стварэння спрыяльных умоў, каб прыцягваць на работу ў інтэграцыйныя структуры прафесіяналаў, якія могуць наладзіць эфектыўную работу. “Яны ж сілай не пойдуць, – сказаў ён. – Вы з імі дамоўцеся. А дамовіцеся, калі ім добра заплаціце, за зарплату. Недзе, можа, і кватэру даць. Спецыялістам трэба плаціць. Спецыялісты ва ўсім свеце вельмі дорага каштуюць. Знайдзіце не сваякоў, не сыноў, не палюбоўніц, не палюбоўнікаў, а добрых спецыялістаў і накіруйце туды”.

Аляксандр Лукашэнка, аналізуючы работу інтэграцыйных структур Віцебскай вобласці, адзначыў, што не бачыць мэтазгоднасці ў стварэнні над імі яшчэ адной структуры, якая іх аб’яднае. Трэба дабіцца вынікаў работы ад ужо існуючых холдынгаў. “Мяне цікавіць адно: чаму мы ствараем гіперхолдынг, парушаем кіруемасць вобласцю наогул і нават структуру ўлады, выклікаючы незадавальненне старшынь райвыканкамаў і многіх спецыялістаў, а не ідзём крок за крокам? Яны (інтэграцыйныя структуры. – Заўвага БЕЛТА) створаны, функцыянуюць, а аддачы ад іх няма. Чаму іх не прымусілі працаваць, паўтараючы вопыт (паспяховых прадпрыемстваў тыпу “Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі”. – Заўвага БЕЛТА)?” – адзначыў Прэзідэнт.

Для вырашэння праблем у АПК Віцебскай вобласці прапануецца стварыць супербуйны холдынг

Адпаведны праект указа абмяркоўваецца ў Віцебску на нарадзе з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

“Я азнаёміўся з праектам указа, які вы нібыта калектыўна выпрацавалі і хочаце, каб я яго падтрымаў. Асноўныя палажэнні прадугледжваюць (з пункту гледжання спецыялістаў) радыкальную перабудову ўсёй сістэмы кіравання агракомплексам вобласці, а прапанаваны супербуйны холдынг зойме дзве трэці яе тэрыторыі”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўжо цяпер у вобласці працуюць некалькі інтэграцыйных структур у АПК у выглядзе холдынгаў, аднак большая іх частка не паказвае чаканых вынікаў. “Калі вы атрымалі адмоўны вопыт чатырох холдынгаў з пяці, вы хочаце стварыць яшчэ гіганцкі суперхолдынг? Як разумець вас тады? – абазначыў праблему Аляксандр Лукашэнка. – Мне ж падпісваць указ і несці за яго адказнасць. Гэта велізарныя расходы”.

Пры гэтым па праекце ўказа вобласць разлічвае на каласальную суму дзяржаўнай падтрымкі. “А мне сказалі: ды не, не трэба ніякай падтрымкі… Таму для прыняцця канчатковых рашэнняў сёння нам трэба падрабязна і канкрэтна абмеркаваць усе існуючыя пытанні”, – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён папярэдзіў усіх удзельнікаў нарады, каб ніхто не спрабаваў адседзецца, а ўсе неслі персанальную адказнасць. “Вы сабраліся сюды не для таго, каб адмаўчацца: вось скажу, а заўтра мяне выганяць… Ніхто нікога не выганіць, калі вы будзеце нармальна працаваць. А калі нехта асмеліцца гэта зрабіць, то ён сам будзе выгнаны з гэтай вобласці”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што асобным паказчыкам работы АПК рэгіёна можна адзначыць невялікую пазітыўную дынаміку. Аднак вынікі ўсебаковага аналізу сітуацыі паказваюць наяўнасць сур’ёзных праблем. “Не трэба самазаспакойвацца кіраўнікам іншых абласцей. У нас прыкладна такая ж сітуацыя ва ўсіх усходніх абласцях. І ў Магілёўскай, і ў Гомельскай. Ім таксама давядзецца прымаць надзвычайныя меры. Там пасля замены кіраўнікоў абласцей яны варушыцца нібыта пачалі. Але гэтага мала. Трэба прымаць тэхналагічныя і арганізацыйныя меры, каб справіцца з праблемамі, якія там існуюць”, – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

За пяць апошніх гадоў аб’ём вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі ў Віцебскай вобласці зменшыўся амаль на 2 працэнты. “У вас поўная стагнацыя. Вы коціцеся ў адваротны бок”, – звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, стала ўстойлівай тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя буйной рагатай жывёлы, а яе сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе ніжэйшыя, чым у любым іншым рэгіёне краіны. Віцебская вобласць адзіная, дзе сярэдні ўдой на карову складае менш як 4 тыс. кг. Нізкая інвестыцыйная актыўнасць, спад экспартнага патэнцыялу і як вынік пагаршэнне фінансавага стану прадпрыемстваў. Доля стратных арганізацый расце, а іх удзельная вага максімальная сярод усіх абласцей у рэспубліцы.

“Абсалютна недапушчальна тое, што ад такой работы (калі гэта наогул можна назваць работай) пакутуюць людзі. Ад нашай неарганізаванасці, нераспарадлівасці, трэба сумленна сказаць, і ад бязладнасці саміх людзей. Але бязладнасць нашых падначаленых пачынаецца заўсёды з нас, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Скарачэнне занятых у галіне і іх нізкая заработная плата ўжо нікога не здзіўляюць. Як інфармуе Белстат, 37 працэнтаў работнікаў вёскі (Віцебскай вобласці. – Заўвага БЕЛТА) атрымліваюць зарплату ніжэйшую за Br500, а 40 арганізацый нават не могуць забяспечваць яе рэгулярную і самастойную выплату”.

“Прытым у мяне складваецца меркаванне, што калі мы гаворым Br500, гэта ў некаторых гаспадарак налічаная зарплата, а выдаяце вы яе па частках – па Br100-150. І лічыцца, што ў вас сярэдняя зарплата Br500. Каго вы падманваеце?” – задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.

“Тым часам кіраўніцтва вобласці недаравальна доўга (больш як два гады) распрацоўвае нейкія прапановы, як выправіць існуючую сітуацыю”, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка паставіў перад удзельнікамі нарады шэраг прынцыповых пытанняў. У прыватнасці, па якіх прычынах сельскагаспадарчая галіна вобласці апынулася ў такім стане, ці выяўлены, а галоўнае – ці ліквідаваны, усе першапрычыны, якія прывялі да існуючай сітуацыі, якая вытворча-тэхналагічная стратэгія развіцця холдынга і наколькі дасканала яна выверана.

“Калі не будзе ад зямлі аддачы – ад ферм, машынных двароў, збожжатакоў, калі там не будзе арганізацыі і аддачы, ніякія холдынгі не выратуюць”, – папярэдзіў беларускі лідар.

Ён таксама пацікавіўся, ці падлічаны фінансавыя патокі ў прапанаваным холдынгу, ці дадуць яны яму магчымасць нармальна функцыянаваць, як будзе выбудавана сістэма кіравання, размежаваны паўнамоцтвы і сферы адказнасці.

“Ці дазваляюць меры, якія прапануюцца, канчаткова вырашыць праблемы ў Віцебскай вобласці або гэта проста замаскіраваная чарговы раз дзяржаўная падтрымка, каб закрыць вочы на парушэнні тэхналагічнай дысцыпліны і безгаспадарчасць? Калі мы не выкаранім гэту безгаспадарчасць, ніякія інтэграцыйныя структуры вам не дапамогуць”, – падкрэсліў Прэзідэнт.

Лукашэнка заклікаў не ствараць новыя структуры толькі дзеля глытка свежага паветра

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка перасцерагае кіраўніцтва Віцебскай вобласці ад стварэння новых структур у сельскай гаспадарцы толькі дзеля глытка свежага паветра. Аб гэтым ён заявіў на нарадзе ў Віцебску на тэму развіцця АПК рэгіёна, дзе ў тым ліку абмяркоўваліся прапановы па стварэнні ў вобласці супербуйнога холдынга, каб паправіць справы ў сельскай гаспадарцы.

Аляксандр Лукашэнка ўсумніўся ў неабходнасці стварэння прапанаванага супербуйнога холдынга. “Трэба ўзважваць гэтыя прычыны (існуючай негатыўнай сітуацыі ў АПК вобласці і падставы для стварэння холдынга. – Заўвага БЕЛТА), розныя. Калі вы гэта робіце дзеля глытка свежага паветра (размова аб магчымасці адтэрмінаваць вырашэнне бягучых праблем. – Заўвага БЕЛТА), то праз год гэтага паветра не будзе, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – І не дай бог у вас будзе гэты Прэзідэнт, і ў вас паветра ўжо не будзе, я вас усіх у турму адпраўлю. Таму не хлусіце, гаварыце, якая праблема. Я бачу вашу праблему. Вы безгаспадарча, бязладна працуеце. Вельмі дрэнна. Так не павінны працаваць”, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт строга папярэдзіў усіх кіраўнікоў, што нават калі дзяржава акажа дапамогу гаспадаркам у даўгавой частцы, то гэтыя грошы ў далейшым трэба будзе вярнуць: “Ніякіх надбудоў. Што датычыцца даўгоў… Калі нават мы іх адтэрмінуем, але кожны год кроўю і потам вы будзеце зарабляць грошы і дакладваць аб якім-небудзь  прыросце. Гэта датычыцца і Магілёўскай, і Гомельскай абласцей, і іншых. Дурніцы, мужыкі, больш не будзе”.

Вынік прэзідэнцкай нарады па АПК Віцебскай вобласці: ніякіх надбудоў і магчымасць прыватызацыі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час нарады па развіцці АПК Віцебскай вобласці запатрабаваў “ісці ад зямлі” і разумна развіваць ужо існуючыя інтэграцыйныя структуры.

Аляксандр Лукашэнка падрабязна цікавіўся вынікамі работы ўжо існуючых у вобласці холдынгаў у аграрнай сферы, аднак шмат у чым размова датычылася менавіта вырашэння даўгавой праблемы. Кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу звязвае гэта з бязладным падыходам.

“Слухайце маё рашэнне: холдынгі, якія вы стварылі, будуць існаваць. Я не супраць, што будзеце пашыраць іх тэрытарыяльна за кошт гаспадарак. Гаспадаркі гэтыя захоўваюць сваю эканамічную плацежаздольнасць. Больш атрымаў – тваё, менш – нічога не будзе. Арганізацыйна, дысцыплінарна, хоць у турму іх саджай – тых, хто дрэнна працуюць. Па даўгах вырашым пытанне. Вышэй за іх (існуючыя інтэграцыйныя структуры-холдынгі. – Заўвага БЕЛТА) ніякіх надбудоў не будзе. На гэтым этапе нічога не будзе”, – падкрэсліў Прэзідэнт.

“Ніякіх надбудоў. Што датычыцца даўгоў і іншага, калі нават мы іх адтэрмінуем, але кожны год кроўю і потам вы будзеце зарабляць грошы і дакладваць аб якім-небудзь прыросце. Гэта датычыцца і Магілёўскай, і Гомельскай абласцей, і іншых. Дурніцы, мужыкі, больш не будзе”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгледзець магчымасць прыватызацыі і продажу інвестарам тых гаспадарак, якія не могуць самастойна эфектыўна працаваць. “Трэба ўвесці прыватызацыю гэтых гаспадарак. Не хочуць працаваць у такой форме, трэба адкрыць прыватызацыю. Спіс складзіце і на сайце вывесіце. Можа, прыйдзе які-небудзь інвестар і дасць нейкую капейку”, – сказаў беларускі лідар.

“Але за ўсё адказныя перш за ўсё кіраўнікі гаспадарак і старшыні райвыканкамаў. Да новага года, Уладзімір Андрэевіч (віцэ-прэм’ер Уладзімір Дворнік. – Заўвага БЕЛТА), з губернатарам садзіцеся, і Анфімаў, памочнік (па Віцебскай вобласці. – Заўвага БЕЛТА), вырашыце ўсе кадравыя пытанні па гэтых інтэграцыйных структурах. Думаю, што нам трэба будзе сустрэцца ў Мінску і прыняць канчатковае рашэнне. Але да прыняцця рашэння вы мне дайце ўсю інфармацыю. Дзе трэба, пераправерце і пракантралюйце”, – даручыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на асабістым вопыце ў свой час пераканаўся ў магчымасці паспяхова развіваць нават стратныя гаспадаркі: “Я ведаю, як у такіх гаспадарках працаваць. Калі ёсць у вас жаданне, значыць, будзе толк. А калі вы будзеце соплі распускаць і займацца незразумела чым, і з абеду вас ужо на рабоце не знайсці… Тады нічога не будзе. Таму пачынайце працаваць”.

“Да новага года павінна быць дакладная кіраўніцкая структура, як я сказаў. Падзяліце гэтыя гаспадаркі і стварыце сыравінныя зоны, і не палохайце людзей нейкімі інтэграцыйнымі структурамі. Гэта сыравінныя зоны”, – заўважыў кіраўнік дзяржавы.

У якасці прыкладу эфектыўнай работы ён прывёў кампанію Аляксандра Машэнскага. “Як ён, ніхто так не рушыў наперад. Але ён не прыходзіць да мяне і не кажа: трэба нешта там стварыць. Я, гаворыць, непасрэдна з малаказавода кірую гэтымі гаспадаркамі, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – Не, тут (аб прапановах у Віцебскай вобласці. – Заўвага БЕЛТА) трэба нешта нагрувасціць. А ён (Аляксандр Машэнскі. – Заўвага БЕЛТА) за кожнага чалавека дрыжыць, каб лішняе не заплаціць. Але тым, якіх ён пакінуў, плаціць. Без зарплаты нічога не будзе”.

“Таму пачынаем знізу – з зямлі. Калгасы, саўгасы павінны быць пакуль, – падкрэсліў беларускі лідар. – Улічыце сацыяльную базу – клубы, магазіны, школы… З Віцебска будзеце кіраваць? Таму захавайце калгасы гэтыя і саўгасы тэрытарыяльна і арганізацыйна, як яны ёсць, з разліковымі рахункамі. Інтэграцыйная структура на чале – гэта сыравінныя зоны па малаку і мясе. Яны павінны працаваць на вас. Ад сыравінных зон мы не адмовімся”, – дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што выканкамы павінны быць надзелены сваімі паўнамоцтвамі і функцыямі паводле закону: “Яны кантралююць кадравую палітыку, глядзяць арганізацыю, сацыяльная сфера вялікая, ідэалогія, выбары і іншае. У іх шмат пытанняў. І яны не будуць пярэчыць, калі нехта збоку (ваша інтэграцыйная структура) дапаможа іх гаспадаркам працаваць. Але яны гаспадары там. Калі нехта, у тым ліку губернатар, будзе ўразаць іх паўнамоцтвы, значыць, атрымаеце па руках”.

“Калі мы разбалансуем кіраванне краінай, ніякія структуры нікому будуць не патрэбны”, – акцэнтаваў увагу беларускі лідар.

Ён згадаў і аб праведзеных выбарах, той факт, што ў Віцебскай вобласці грамадзяне падтрымалі кандыдатаў, за якіх прасіла ўлада. “Людзі ў нас залатыя. У Віцебскай вобласці больш за ўсё прыйшлі і прагаласавалі за тых, каго мы прасілі. Што яшчэ трэба ад гэтых людзей? Дык давайце мы павернемся да іх!” – заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз акцэнтаваў увагу на важнасці падтрымання дысцыпліны і парадку: “Далей расхлябанасці такой быць не павінна – страцім краіну!”

Гаворачы пра АПК Віцебскай вобласці, ён адзначыў, што і без яго цяпер можна накарміць краіну і забяспечыць экспарт, і вострай праблемы няма. “Але не хацелася б страціць Віцебскую вобласць, таму што яна для мяне не чужая. Дапрацоўвайце, займайцеся гэтым. Максімум у студзені мы павінны гэта пытанне разгледзець у мяне”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт заклікаў пачынаць з зарплаты работнікаў, каб людзі маглі больш-менш нармальна жыць і карміць свае сем’і: “Павернецеся зарплатай да людзей і спецыялістаў – будзе вынік”.

“Па-старому жыць нельга больш”, – рэзюмаваў беларускі лідар.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па развіцці АПК Віцебскай вобласці, дзе цяпер ёсць шэраг істотных праблем. У мерапрыемстве прынялі
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика