«Дарога, што вяла да сэрца чытача». Аповед пра нашу працу, пра нашых калег. 21.by

«Дарога, што вяла да сэрца чытача». Аповед пра нашу працу, пра нашых калег

05.12.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У 2007 годзе калектыў рэдакцыі атрымаў новы аўтамабіль

У 2007 годзе калектыў рэдакцыі атрымаў новы аўтамабіль

46 год у калектыве рэдакцыі газеты “Кліч Радзімы” працуе старшы карэктар Франя Іосіфаўна Казлоўская. Адразу пасля заканчэння школы, у 1973 годзе, 17-гадовая дзяўчына прыйшла на працу ў раёнку на пасаду машыністкі, праз некаторы час ёй прапанавалі стаць карэктарам. З работай у шаркаўшчынскай рэдакцыі звязана ўся працоўная біяграфія нашай паважанай калегі. Ды і слова газета ў яе сям’і гучала штодзённа, напэўна, часцей, чым любыя іншыя словы.
“Кліч Радзімы”, калі Франя Іосіфаўна прыйшла працаваць у раёнку, выходзіла тры разы ў тыдзень, работнікі рэдакцыі і друкарні (а ў Шаркаўшчыне доўгі час існавала свая друкарня), літаральна, жылі на рабоце, працавалі да глыбокай ночы, каб жыхары раёна своечасова атрымлівалі чарговы нумар любімай раёнкі.
— Маладыя супрацоўнікі рэдакцыі не ведаюць, як у ранейшыя гады набіралася, вярсталася і друкавалася газета, — успамінае мая суразмоўца. — Машынка для друкавання тэксту з рукапісу, лінатып для яго набору і адліву ў метале радкоў, складанне загалоўкаў уручную з літар, гучны друкарны станок, прыём па радыё паведамленняў ТАСС і БелТА, многае іншае…
З усім гэтым Франя Іосіфаўна сустракалася ў рабоце штодзённа. А праз гады, калі тэхналогія выпуску газеты стала сучаснай, яна асвоіла камп’ютар, дасканала вывучыла працэс вёрсткі газеты. І па-ранейшаму, галоўнай задачай карэктара застаецца пошук і выпраўленне памылак на газетнай паласе.
У 1990 годзе штат супрацоўнікаў “Кліч Радзімы” пераехаў у будынак, дзе рэдакцыя размяшчаецца і сёння. Да гэтага часу калектыў раённай газеты і тыпаграфіі знаходзіўся ў будынку былой паліклінікі.
Напярэдадні юбілею раённай газеты Франя Іосіфаўна ўспомніла і аб рабоце ў мінулыя гады, і пра людзей, разам з якімі выпускала газету. Калі яна толькі прыйшла на працу ў рэдакцыю, у 1973 годзе, калектыў узначальваў галоўны рэдактар Сяргей Канстанцінавіч Шынкевіч. Наступным кіраўніком раённай газеты быў Ігар Канстанцінавіч Баразна. Сучасны калектыў рэдакцыі захоўвае светлую памяць, з цеплынёй і павагай успамінае свайго былога рэдактара Эдуарда Аляксандравіча Корсака. На працягу 17 гадоў ён узначальваў наш калектыў, быў цудоўным чалавекам, выдатным журналістам і кіраўніком.
Ва ўсе гады ў рэдакцыі працаваў надзейны калектыў, дружны, зладжаны і творчы. Хто ў большай, хто ў меншай ступені аддаў часцінку свайго жыцця, каб своечасова выходзіла наша раённая газета. У розныя гады ў газеце працавалі Людміла Лабачэўская, Уладзімір Шпец, Рыма Бекманюк, Тамара Рыбакова, Марына Баравік, Людміла Латышонак, Вера Кадушка, Віктар Сухараў, Ананій Буйчонак, Марына Грыдзюшка, Андрэй Бурэц, Людміла Шальц і многія іншыя. Пра навіны свайго рэгіёну шаркаўчане могуць даведацца і па раённым радыё. На працягу амаль 40 гадоў выходзіць у эфір Барыс Войтаў.
Дружны калектыў заўсёды працаваў і ў друкарні. Яго згуртавала Марына Баравік. Ёй самой не раз даводзілася стаяць за друкарскай машынай, каб давесці газету да тых стандартаў, дзякуючы якім яна падабалася чытачам. Журналісты і паліграфісты рабілі адну справу — выпускалі газету. Складанай і шкоднай для здароўя была ў той час работа ў друкарні.
Многіх творчых і таленавітых супрацоўнікаў рэдакцыі, на жаль, ужо няма ў жывых. Як пісаў у свой час у раённай газете выдатны журналіст, загадчык сельгасаддзела рэдакцыі Віталій Вітальевіч Мацук, “Не пакрываецца пылам памяць. І аб здзейсненым, перажытым. І аб тых, хто быў побач…”.

Супрацоўніцы рэдакцыі: Тамара Рыбакова, Рыма Бекманюк, Франя Казлоўская, Марына Баравік і Кацярына Сосна каля адміністрацыйнага будынка ўстановы (1991 год)

Супрацоўніцы рэдакцыі: Тамара Рыбакова, Рыма Бекманюк, Франя Казлоўская, Марына Баравік і Кацярына Сосна каля адміністрацыйнага будынка ўстановы (1991 год)

Рана, вельмі рана пайшлі з жыцця былыя работнікі рэдакцыі: Эдуард Корсак, Кацярына Сосна, Сяргей Шынкевіч, Ала Панкратава, Ігар Баразна, Артур Карэнька, Фама Рамашка, Віталій Мацук, Мікалай Воранаў, Расціслаў Мележ, Іван Супранёнак, Таісія Полазава, Валянціна Андрэйчык, Вячаслаў Смятанка, Леанід Сачанка, Часлаў Гервятовіч і некаторыя іншыя. Гісторыя развіцця шаркаўшчынскага краю па-ранейшаму застаецца на газетных старонках. І праз гады яна захаваецца ў фотарэпартажах, матэрыялах карэспандэнтаў і пісьмах нашых чытачоў у рэдакцыю. Для гэтага ва ўсе часы працаваў наш калектыў.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика