У суботу сваё прафесійнае свята адзначылі страхавыя работнікі
11.12.2019
—
Разное
|
Большасць людзей усур’ёз не задумваецца аб хваробах, прыродных катаклізмах, траўмах і іншых няшчасных выпадках. І толькі з наступленнем гэтых непрыемных абставін чалавек шкадуе аб тым, што не застрахаваўся. У цяперашні час застрахаваць можна ўсё: рухомую і нерухомую маёмасць, здароўе, нават жыццё. Супрацоўнікам, дзейнасць якіх накіравана на кампенсацыю страт, якія ўзніклі пры наступленні страхавога выпадку, прысвечана прафесійнае свята — Дзень страхавых работнікаў. Аддзел па аказанні страхавых паслуг па Шаркаўшчынскаму раёну прадстаўніцтва “Белдзяржстрах” па Глыбоцкім раёне ўзначальвае Вольга Аляксандраўна Далецкая. Штат супрацоўнікаў налічвае 18 чалавек, з іх 13 — страхавыя агенты. Адным з вопытных супрацоўнікаў з’яўляецца Наталля Уладзіміраўна Сіповіч, якая працуе ў гэтай галіне ўжо 21 год. — Пасля заканчэння Шаркаўшчынскай СШ №1 я вучылася ў Полацкім політэхнічным тэхнікуме. Атрымаўшы кваліфікацыю “таваразнаўца”, некаторы час працавала ў нашым райспажыўтаварыстве. У 1998 годзе мне прапанавалі іншую работу — у Белдзяржстраху. Шчыра кажучы, гэта прапанова мяне зацікавіла, бо яшчэ раней карэнным чынам марыла змяніць месца працы. Даўшы сваю згоду, я не памылілася, Работа з першых дзён прыйшлася мне па душы. У той час дырэктарам працаваў Канстанцін Міхайлавіч Кухальскі. А маім брыгадзірам з’яўлялася Таццяна Уладзіміраўна Кавалёнак. Іх вопыт, прафесіяналізм і добрыя чалавечыя адносіны да нас, маладых работнікаў, у поўнай меры спрыялі таму, каб супрацоўнікі з задавальненнем крочылі на працу і сумленна выконвалі ўскладзеныя на іх службовыя абавязкі. Увесь гэты перыяд я працую на пасадзе страхавога агента, абслугоўваю насельніцтва большай часткі правабярэжнай Шаркаўшчыны. У маёй працы вельмі падабаецца тое, што амаль кожны дзень маеш зносіны з людзьмі. Кагосьці трэба выслухаць, нехта просіць даць яму тую або іншую параду, некаторыя хочаць пачуць апошнія навіны з жыцця раёна. А яшчэ здараюцца выпадкі, калі кліенты, людзі пажылога ўзросту, загадзя просяць набыць у аптэцы лекі і прынесці ім у той дзень, калі я накіроўваюся афармляць чарговае страхаванне. Гэтым просьбам я заўсёды іду насустрач, бо не магу адмовіць людзям у такіх выпадках. Канечне, як і ў любой рабоце, ёсць пэўныя складанасці. Але калі любіш сваю справу, калі побач надзейныя таварышы-калегі, то праблемы і задачы вырашаюцца хутка. Калектыў наш згуртаваны, сяброўскі, кожны з супрацоўнікаў мае вопыт у рабоце, таму і працоўныя вынікі нашага невялікага аддзела станоўчыя. У дзень прафесійнага свята жадаю сваім калегам здароўя, дабрабыту, рэалізацыі задуманных планаў, здзяйснення мар. Няхай нас, страхавых работнікаў, заўсёды сустракаюць удзячныя кліенты, дзеля дабрабыту якіх мы і працуем. Сяргей РАЙЧОНАК.
|
|