Первая межрайонная рождественская спартакиада среди пожилых людей прошла в Ушачах
27.12.2019
—
Разное
|
“Старасць мяне дома не застане…” – пелася ў добрай савецкай песні. Тое ж могуць сказаць пра сябе і літаральна ўсе ўдзельнікі першай міжраённай каляднай спартакіяды сярод пажылых людзей, што ладзілася на мінулым тыдні ў зале комплексу “Юнацтва-Ушачы”. “Добрая назва ў вашага мерапрыемства, – зазначыла на яго ўрачыстым адкрыцці намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч. – Вось толькі слова “пажылых” у ёй недарэчы: варта яго замяніць, скажам, на “актыўных” ці “энергічных”. І трэба сказаць, што развіццё падзей цалкам пацвердзіла слушнасць гэтай прапановы. Тон спартыўнаму святу задалі прывітальныя нумары, якія падрыхтавалі ўсе пяць каманд-удзельніц. “Пакуль б’ецца пульс – не знікне “Імпульс” – пад такім дэвізам жывуць і трэніруюцца цудоўныя жанчыны з аднайменнай спартыўнай суполкі. А паколькі сярод іх нямала і наведвальніц клуба “Надзея”, што створаны пры аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога (даруйце, актыўнага) узросту ТЦСАН, то ўшачанкі выставілі на спартакіяду дзве дружыны з адпаведнымі назвамі. Таксама камандны дуэт прывезлі на спаборніцтвы і нашы сябры з Глыбокага: першая атрымала назву фізкультурна-аздараўленчага клуба “Эдэльвейс”, а аснову другой склалі валанцёры Чырвонага Крыжа, аб’яднаныя ў зборную “Дабрыня”. Выставіў сваю дружную каманду і ўшацкі хор “Ветэран”, “аздобіўшы” спартакіяду ўдзельнікамі моцнага полу. Харавікі ўзялі з месца ў кар’ер і адзначыліся яркімі выступленнямі ў двух індывідуальных відах, з якіх пачалася праграма. Так, у адцісканні ад гімнастычнай лаўкі першыя тры месцы занялі Уладзімір Папкоў (на здымку), Уладзімір Зыранаў і Аляксандр Курбака. “З юнацтва любіў лыжы, плаванне, гімнастыку, загартавалі арганізм, канечне, і тры гады армейскай службы, ды і зараз раз-пораз бяру ў рукі эспандар”, – раскрыў сакрэт добрай спартыўнай формы У.С.Папкоў. Ну а ў прыгожай паловы лепшымі гімнасткамі аказаліся прадстаўніца “Надзеі” Людміла Лосева, Ірына Гайдукоўская (“Дабрыня”) і Раіса Журко (“Імпульс”). Цікава праходзілі спаборніцтвы па дартсе. Тут першую прыступку раздзялілі Г.Стуканава і В.Фёдараў. Прынамсі, перамозе Ганны Мікітаўны яе сяброўкі па клубе “Надзея” зусім не здзівіліся, бо вясной у аддзяленні праводзіўся турнір па дартсе, на якім яна стала самай трапнай. А вось Віктар Аляксандравіч і іншыя ўдзельнікі хору спаборніцтвы па кіданні дроцікаў правялі летам на беразе ляснога возера, дзе разбілі лагер і святкавалі юбілей спадарожніцы яго жыцця Алы Фёдараўны Кавалёвай. Да слова, каларытныя цяльняшкі прапанавала ў якасці спартыўнай формы для “Ветэрана” менавіта гэтая жанчына – вялікая аматарка здаровага ладу жыцця, якая і зараз на лыжні ці воднай дарожцы дасць фору маладым саперніцам. Прызавыя месцы ў дартсе на рахунку У.Папкова, а таксама Святланы Баброўскай і Тамары Каваленкі, якія прадстаўлялі “Эдэльвейс” і “Імпульс”. Юнацкі спрыт і такія ж эмоцыі панавалі на пляцоўцы падчас спартландыі. Што толькі ні давялося рабіць удзельнікам: яны саджалі і капалі бутафорскую бульбу, пераносілі кавуны-фітболы, утаймоўвалі паветраныя шары і нават перапраўляліся праз уяўнае балота. Пераможцамі конкурснага марафону сталі гаспадыні з “Імпульса”, другое месца ў “Надзеі”, трэцяе – у “Эдэльвейса”. Але прайграўшых тут увогуле не было, бо і спаборніцтвы, і агульнае чаепіцце ва ўтульным “Тайм-аўце” паспрыялі добраму настрою і ўмацаванню сяброўства. І, канечне, усе выказвалі словы захаплення ў адрас людзей, арганізаваўшых спартыўнае свята: гэта трэнеры-энтузіясты з Ушач і Глыбокага Таццяна Леанідаўна Клопава і Валянціна Андрэеўна Савіцкая, старшыні раённых ветэранскіх арганізацый Ніна Аляксандраўна Васілеўская і Уладзімір Браніслававіч Развадоўскі. У біяграфіі гэтых людзей ёсць значныя спартыўныя дасягненні: так, напрыклад, Валянціна Андрэеўна ў юнацтве была ўдзельніцай усесаюзных спаборніцтваў па спартыўнай гімнастыцы, а Уладзімір Браніслававіч у 1955 годзе стаў чэмпіёнам БССР па кулявой стральбе. Але галоўнае, што сваю любоў да спорту яны пранеслі праз усё жыццё і дагэтуль зараджаюць ёю іншых. “Нават нам, суддзям, пасля ўчарашняй спартландыі пабольваюць мышцы, а пенсіянеры прайшлі ўсе старты “ў штатным рэжыме”! – абменьваліся на наступны дзень уражаннямі работнікі спарткомплексу. А калі сур’ёзна, то добрая фізічная форма ветэранаў – плён пастаянных трэніровак. Калядная ж спартакіяда “За актыўнае даўгалецце” абавязкова стане традыцыйнай, а склад яе няўрымслівых удзельнікаў яшчэ больш пашырыцца. Наталля БАГДАНОВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
“Старасць мяне дома не застане…” – пелася ў добрай савецкай песні. Тое ж могуць сказаць пра сябе і літаральна ўсе ўдзельнікі першай міжраённай каляднай...
|
|