Прэзентацыя гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Ганцавіцкі раён» адбылася роўна дваццаць год таму – 15 студзеня 2000 года. Такое вось супадзенне юбілеяў. Яе ўкладальніку-стваральніку. Кастусю Мохару ёсць што ўспомніць.
Гэтая кніга ці не самая патрапаная, да дзірак зачытаная ў рэдакцыі. А гэта значыць, самая запатрабаваная, самая каштоўная. Як толькі рыхтуецца публікацыя, якая тым ці іншым чынам тычыцца гісторыі раёна, яго выбітных асоб альбо суб’ектаў гаспадарання, устаноў, адразу ж рука цягнецца да кнігі «Памяць. Ганцавіцкі раён». І няхай сабе кніга ўвабрала ў сябе далёка не ўсю памяць пра гісторыю і жыццё краю, тым не менш, гэта найбольш поўны збор інфармацыі пра нашу так званую малую, але і такую вялікую радзіму, якая, здавалася б, і па плошчы, і па колькасці насельніцтва адна з найменшых і ў вобласці, і ў краіне, але пра якую пісаць і пісаць, якую апяваць і апяваць бясконца. Яна вартая павагі, а продкі — увекавечання. Вось гэтае святое пачуццё найвялікшай любові да свайго куточка Берасцейскай зямлі выпраменьваецца з кожнай старонкі бясцэннага выдання, а гэтых старонак у ім – амаль паўтысячы.
– Да кнігі «Памяць» ішлі доўга, дзесяцігоддзямі, – расказвае Канстанцін Мохар. – Яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя легендарны Пётр Міронавіч Машэраў, тагачасны кіраўнік Беларусі, выказаў ідэю стварыць такія выданні ва ўсіх рэгіёнах Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Савет Міністраў прыняў адпаведнае рашэнне, і… здавалася б, павінна пачацца праца. Але не так хутка справа робіцца, як слова кажацца. У раёнах пачалі стварацца аргкамітэты па падрыхтоўцы энцыклапедыі, у тым ліку і ў Ганцавіцкім. У той час яго ўзначальваў Барыс Асаўцоў. Ён актыўна ўзяўся за справу. Але… калі яна даручана многім, няхай сабе самым адказным і руплівым, то гэта тое самае, што нікому. На першым жа пасяджэнні аргкамітэта я і выказаў гэтую думку, маўляў, адказным павінен быць нехта адзін, нават не падазраючы, што выканаўцам даручэння ўрада, укладальнікам выдання самому ж і давядзецца быць. Канечне, годная справа, таму не адмовіўся, але і цяжкая, бо гэта ж хроніка з мноствам падзей і фактаў.
Па ўсім адчувалася, што гэта ці не самы памятны ўспамін Канстанціна Канстанцінавіча з усёй працоўнай біяграфіі, хоць у ёй было вельмі многа важных, можна нават сказаць, эпахальных падзей.
У далейшай гутарцы, так бы мовіць, сам-на-сам, высветлілася, што, па сутнасці, Канстанцін Мохар з’яўляецца аўтарам большасці матэрыялаў, змешчаных у выданні, хоць у складзе членаў раённай камісіі значыцца нямала прозвішчаў вядомых у раёне людзей. У той час ён працаваў адказным сакратаром «Савецкага Палесся», рэдакцыю якога затым, у 2005-м, узначаліў. А пакуль…
Вось як успамінае-ўзгадвае час стварэння хронікі і доўгі шлях да яе з’яўлення ў свет сам укладальнік:
– Па першапачатковай задумцы галоўнай мэтай кнігі было поўнамаштабна паказаць барацьбу нашых франтавікоў, партызанаў, народных мсціўцаў з гітлераўскімі захопнікамі, увекавечыць іх подзвіг, аднак пасля было вырашана вярнуцца ажно да часоў першабытных, а напрыканцы і да сучаснасці, да тых гадоў, калі стваралася «Памяць». Але ж гэтая справа была вельмі няпростая. Помніцца, як Васіль Праскураў, тады рэдактар «СП», даручыў тром супрацоўнікам рэдакцыі падрыхтаваць адпаведныя раздзелы: Віктару Гардзею – «Ад часоў першабытных», мне – пра падзеі Вялікай Айчыннай і пасляваенны час ва ўсіх падрабязнасцях, а Наталлі Данько – сучаснасць. Вынікам нашых сумесных намаганняў стаў гістарычны нарыс пад агульнай назвай «Ад сівой мінуўшчыны пачатак». Ён друкаваўся, калі не здраджвае памяць, у шасці нумарах раённай газеты запар і доўга заставаўся своеасаблівым дапаможнікам для вучняў школ, студэнтаў пры напісанні курсавых і дыпломных работ па гісторыі Ганцаўшчыны, краязнаўцаў, усіх тых, хто цікавіўся і цікавіцца ўчарашнім днём і далейшым лёсам малой радзімы.
Потым, пасля смерці Васіля Праскурава, праца па зборы матэрыялаў, якія тычацца гісторыі роднага краю, вялася ў раёне з пераменным поспехам. Адна за адной ствараліся, а потым распадаліся раённыя камісіі па стварэнні летапісу. Даручэнні па зборы неабходных дакументаў, даведак і проста звестак, нават вусных ці напісаных ад рукі, атрымалі дзясяткі адказных асоб і амаль усе ўстановы і арганізацыі раёна.
Той дакумент называўся дакладна так: «План-заданне па падрыхтоўцы кнігі Памяці Ганцавіцкага раёна». Указанні ў ім пра тое, хто і што павінны зрабіць, захоўваюцца ў асабістым архіве Канстанціна Мохара. А недзе напрыканцы 1990-х гадоў Урадам Беларусі было канчаткова даручана ўсім раёнам краіны завяршыць выданне кнігі «Памяць».
– Шчыра прызнаюся: належнага вопыту па напісанні кніг я не меў, а такіх маштабных, як хроніка-энцыклапедыя раёна, – тым болей, – як на споведзі, сумленна прызнаўся ў гутарцы Канстанцін Канстанцінавіч, які ніколі ў жыцці не быў і быць не мог несумленным. – Але што ж рабіць? Калі не я, дык хто? Вось і ўпрогся. І не шкадую. Хоць і працаваў суткамі навылёт, затое шмат ведаў дадаў да тых, якія меў аб раёне. І пасля данёс іх тысячам чытачоў.
– І ўсё ж якімі былі першыя практычныя крокі па выданні кнігі?
– Усё давалася вельмі складана, але запомніліся супрацоўнікі БЕЛТА, якія нам дапамагалі-спрыялі. А найперш кіраўнік выдавецкага цэнтра Барыс Ульянка і галоўны рэдактар установы прафесар Уладзімір Лемяшонак. Як зараз бачу перад сабою Міхася Башлакова, тады метадыста выдавецкага цэнтра, а цяпер вядомага беларускага паэта. Якія ж гэта былі цудоўныя дарадцы! Акрылены, прывёз у Ганцавічы цэлы «воз» каштоўных парад. А яшчэ ж паабяцалі ўсебаковую падтрымку хоць штодня. Па вяртанні адразу ж было прынята адпаведнае рашэнне райвыканкама, падпісана дамова, паводле якой на падрыхтоўку выдання адводзілася восем месяцаў. Здавалася б, не так і мала. Але ж гэта настолькі вялікі аб’ём працы, што разлічвалі не на месяцы, а на гады. Ды нешта мяняць было позна, адзінае, што засталося, – закасваць рукавы. А тады ж і камп’ютараў яшчэ не было. Нават рэдакцыйнай пішучай механічнай машынкай не атрымалася пакарыстацца, бо яна была загружана на патрэбы газеты.
Як высветлілася з далейшай размовы, не знайшлося ў раёне нават машыністкі, якая магла б аддрукаваць рукапісы. А калі машынка ўсё ж знайшлася, хоць і старэнькая, прызначаная да спісання, то давялося самому ж і друкаваць. Рабіў гэтую справу ў начны час, зачыніўшыся на кухні, каб не будзіць сямейнікаў грукатам клавіятуры. Усяго атрымалася 1200 старонак.
– Калі прынёс іх, 11 важкіх машынапісных тамоў, у райвыканкам амаль на два тыдні раней, чым было абумоўлена дагаворам, паклаў на стол старшыні, кіраўнік раёна быў шакіраваны. Прыемна, канечне ж. Толькі і вымавіў: «І гэта ты адзін усё зрабіў?». Як зараз бачу яго асветленыя ад задавальнення вочы, як і іскрынкі ў вачах яго намесніка Васіля Абламскага, які курыраваў стварэнне хронікі.
– У такой маштабнай працы немагчыма было абысціся без дапамогі спадручнікаў. Каго вы сёння, праз два дзясяткі гадоў, хацелі б назваць са старонак газеты з асаблівай удзячнасцю?
– Найперш з вялікай цеплынёй згадваю тагачасную загадчыцу аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Лідзію Занька. Ад самага пачатку і да канца яна ўдзельнічала ў падборы матэрыялаў, дакументаў, фотаздымкаў, як толькі магла, спрыяла працэсу стварэння хронікі. Каласальную работу правёў былы фотакарэспандэнт «Савецкага Палесся» Аляксандр Стрыжыч. 90 працэнтаў фотаілюстрацый – ягоных рук справа. Нізкага паклону заслугоўваюць і настаўнікі школ раёна. Гэта яны збіралі звесткі для кнігі пра герояў-франтавікоў і партызан, лепшых працаўнікоў, рыхтавалі летапісы сваіх населеных пунктаў. Удзячны я таксама інспектару аддзела культуры райвыканкама на той час Галіне Курбанавай, намесніку начальніка райаддзела ўнутраных спраў Уладзіміру Буйкевічу, дырэктару цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Тамары Валуевіч, загадчыку аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама Канстанціну Мікульскаму, канечне ж, супрацоўнікам рэдакцыі райгазеты, дырэктару раённага краязнаўчага музея ў той час Сцяпану Разумцу, старшыням сельвыканкамаў, работнікам райваенкамата, раённага аддзела статыстыкі і многім-многім іншым. Усіх назваць практычна немагчыма, бо да стварэння «Памяці» спрычыніліся сотні людзей. Аднак недаравальна было б не прыгадаць прозвішчы яшчэ двух чалавек. Напрыклад, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Свірыд па ўласнай ініцыятыве сабраў біяграфічныя звесткі пра ўсіх дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР – прадстаўнікоў Ганцавіцкага раёна ад першага (сакавік 1940 года) па дванаццатае (май 1990-га) скліканне, дэпутатаў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дапоўніўшы іх фотаздымкамі народных абраннікаў. Яго матэрыялы склалі асобны раздзел «Памяці». Падобнага да гэтага ні ў адной з хронік раёнаў Беларусі не было. Так што мы дзякуючы Аляксандру Уладзіміравічу ў гэтым плане сталі, так бы мовіць, першаадкрывальнікамі. У сваю чаргу ўраджэнец Ганцаўшчыны Андрэй Шостак устанавіў больш за дзве сотні прозвішчаў мірных жыхароў раёна яўрэйскай нацыянальнасці, закатаваных фашыстамі. Асаблівай удзячнасці заслугоўвае Уладзімір Русакевіч, які тады працаваў першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які паспрыяў хутчэйшаму выхаду кнігі ў свет.
І вось нарэшце гісторыка-дакументальная хроніка «Памяць. Ганцавіцкі раён» убачыла свет.
– Гэтая падзея адбылася ў лістападзе 1999 года. Рукапіс быў адобраны і аддадзены ў друк адразу, між тым як некаторым раёнам матэрыялы вярталі для дапрацоўкі па пяць разоў. Лічу гэта не толькі сваёй заслугай, але і куратараў з выдавецкага цэнтра БЕЛТА, якіх я ўжо называў. Канечне ж, для мяне гэта была ці не самая вялікая радасць ва ўсёй працоўнай біяграфіі. Праўда, прэзентацыя выдання адбылася ажно праз два месяцы. Яе прыўрочылі да 60-гадовага юбілею раёна. Што ж, вельмі апраўдана, хаця многія на Ганцаўшчыне ўжо ведалі, што кніга выдадзена і прывезена ў раён, таму чакалі і юбілей, і прэзентацыю з нецярпеннем.
Анатоль КРЭЙДЗІЧ.