Фота Дзмітрый БЯЛОЎ: Віктар Блахін расказвае вучням класаў аграрнай накіраванасці Залескай СШ аб перавагах вучобы ў БДСГА
Профільныя класы аграрнай накіраванасці, якія працуюць у Залескай сярэдняй школе – выдатная магчымасць падрыхтавацца да будучай вучобы і работы ў сельскагаспадарчай галіне. У мерапрыемстве па прафесіянальнай арыентацыі, якое нядаўна прайшло у школе, прынялі ўдзел прадстаўнікі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама і Кобрынскай сортавыпрабавальнай станцыі.
Як адзначыў дацэнт кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, кандыдат сацыялагічных навук Віктар Блахін, выбар іх навучальнай установы раскрывае перад студэнтамі шэраг магчымасцяў – як адна з вядучых ВНУ сельскагаспадарчага профілю, яна стала сапраўднай кузняй кіруючых кадраў самага высокага ўзроўню. За сваю 180-гадовую гісторыю БДСГА падрыхтавала 95 тыс. кваліфікаваных спецыялістаў, многія з якіх сталі дзяржаўнымі дзеячамі, знакамітымі навукоўцамі, кіраўнікамі буйных прадпрыемстваў. Дыплом міжнароднага статусу, якасная адукацыя і гарантаванае працаўладкаванне робяць акадэмію зайздросным варыянтам для тых, хто жадае працаваць на роднай зямлі.
Перад вучнямі аграрных класаў выступіў дырэктар Кобрынскай сортавыпрабавальнай станцыі Міхаіл Ігнатавец, які ў свой час таксама скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. Ён расказаў моладзі аб рабоце даручанага прадпрыемства, падкрэсліўшы, што добрыя спецыялісты сельскагаспадарчага профілю ва ўсе часы карыстаюцца вялікім попытам. З перавагамі, якія дае студэнтам мэтавае накіраванне, вучняў пазнаёміла галоўны спецыяліст па прававой і кадравай рабоце ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Святлана Уласюк. Завяршылася сустрэча праглядам відэафільма аб вучобе і жыцці ў акадэміі.
Дзмітрый БЯЛОЎ.